Лінкі ўнівэрсальнага доступу

11 красавіка 1937 году пакінуў сьвет Зьміцер Жылуновіч – Цішка Гартны


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 10 і 11 красавіка

Сьпярша – пра памятныя даты ўчорашняе нядзелі.

10 красавіка 1762 году горад Шклоў атрымаў свой герб, на якім выяўленая рука, што трымае бязьмен у блакітным полі.

10 красавіка 1912 году, сутыкнуўшыся з айсбэргам, церпіць катастрофу найбуйнейшы акіянскі ляйнэр свайго часу “Тытанік”. Паўтары тысячы з 2200 ягоных пасажыраў загінулі.

10 красавіка 1931 году ў Менску адбываюцца суды над прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі, якіх абвінавачваюць у антысавецкай дзейнасьці. Сярод засуджаных на пяць гадоў высылкі ў расейскую глыбінку – пісьменьнік Максім Гарэцкі, паэт Уладзімер Дубоўка, гісторыкі Ўладзімер Чаржынскі і Мікола Ўлашчык ды шмат іншых. Для большасьці зь іх высылка скончыцца новым прысудам і расстрэлам.

10 красавіка прыйшлі на сьвет амэрыканскі журналіст Джозэф Пуліцэр, заснавальнік Пуліцэраўскай прэміі, беларускі акадэмік Гаўрыла Гарэцкі, а таксама папулярныя кінаакторы Амар Шарыф і Стывэн Сігал.

Цяпер – сёньняшні каляндар.

11 красавіка ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень вызваленьня вязьняў фашыстоўскіх канцлягераў.

11 красавіка 1863 году адбылася бітва паўстанцаў Людвіга Нарбута з рэгулярнай расейскай арміяй у Лідзкім павеце. Паўстанцы, якія стаялі лягерам на рацэ Котры пад Берштамі, разабралі мост. Тым часам падышлі расейцы – дзьве роты Паўлаўскага палка пад камандай капітана Цімафеева і 36 казакаў Данскога палка. Царскія салдаты мелі колькасную перавагу і наступалі па пояс у вадзе. У выніку няроўнасьці сілаў паўстанцы панесьлі паразу.

11 красавіка 1937 году пакінуў гэты сьвет беларускі палітык Зьміцер Жылуновіч, вядомы таксама як пісьменьнік Цішка Гартны. Некалі Жылуновіч быў першым кіраўніком савецкага ўраду ў Беларусі. А калі надышлі часы сталінскага генацыду, гэты шанаваны народам чалавек быў арыштаваны, сядзеў у Менскай турме, пасьля быў пераведзены ў Магілёўскую вар''ятню, дзе яго закатавалі да сьмерці.

11 красавіка 1995 году дэпутаты апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Беларусі выступілі з пратэстам супраць ініцыяванага прэзыдэнтам Лукашэнкам рэфэрэндуму аб зьмене дзяржаўнае сымболікі і статусу беларускае мовы. Проста ў Авальнай залі дэпутаты абвясьцілі галадоўку. Яны разьмясьціліся каля трыбуны і мелі намер доўжыць свой пратэст. Але ў ноч з 11 на 12 красавіка ў залю ўвайшлі спэцназаўцы ў масках і гвалтам выкінулі дэпутатаў на вуліцу.
XS
SM
MD
LG