Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кім працуе старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі Віктар?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Паводле неафіцыйных крыніцаў, сын Аляксандра Лукашэнкі Віктар ужо больш за месяц працуе памочнікам прэзыдэнта. Афіцыйныя крыніцы, аднак, не пацьвярджаюць, хоць і не абвяргаюць гэтых зьвестак.

7 красавіка гледачы Беларускага тэлебачаньня маглі бачыць на сваіх экранах старэйшага сына Аляксандра Лукашэнкі Віктара. Ён браў удзел у нарадзе, якую Лукашэнка-старэйшы праводзіў у пытаньнях разьвіцьця рынку мабільнай сувязі. Але чаму там быў трыццацігадовы Віктар Лукашэнка? Кім ён цяпер працуе?

Яшчэ нядаўна Віктар Лукашэнка працаваў у дзяржаўнай кампаніі “Агат”, падпарадкаванай Дзяржаўнаму камітэту вайсковай прамысловасьці. Месяц таму зьявіліся звесткі, што Віктар Лукашэнка знайшоў іншае месца працы. Нібыта яго прызначылі намесьнікам дырэктара дзяржаўнай фірмы “БеСТ”, якая стане трэцім апэратарам сотавай сувязі стандарту GSM у Беларусі. Гэтыя зьвесткі, аднак, абверг дырэктар “БеСТу” Міхаіл Дземчанка. Адначасова зьявіліся зьвесткі і пра тое, што Віктара Лукашэнку ягоны бацька нібыта прызначыў сваім памочнікам у пытаньнях нацыянальнай бясьпекі. Калі ў сакавіку я наўпрост запытаў супрацоўнікаў Савету бясьпекі, ці праўдзівыя гэтыя зьвесткі, мне іх не пацьвердзілі, але і не абверглі.

Што кажуць сьведкі ўчорашняй нарады ў прэзыдэнта? Паводле журналіста, які ўдзельнічаў у гэтак званых пратакольных здымках мерапрыемства, Віктар Лукашэнка трымаўся сярод іншых супрацоўнікаў адміністрацыі. У нарадзе бралі ўдзел таксама кіраўнік адміністрацыі Віктар Шэйман і міністар сувязі Уладзімер Ганчарэнка. Журналіст ня бачыў, каб Лукашэнка-малодшы зь імі кантактаваў ці ўдзельнічаў у размове, якой кіраваў Аляксандар Лукашэнка. Аднак сьведка сьцьвярджае, што Віктар Лукашэнка не хаваў свайго твару перад камэрамі і трымаўся ўпэўнена. Свайго прозьвішча журналіст прасіў не называць.

А вось што гаворыць пра верагодную пасаду Віктара Лукашэнкі намесьніца галоўнага рэдактара “Народнай волі” Сьвятлана Калінкіна:

(Калінкіна: ) “Паводле маіх зьвестак, сын Аляксандра Лукашэнкі Віктар цяпер сапраўды працуе ў адміністрацыі прэзыдэнта. Чуткі пра тое, што ён працуе памочнікам прэзыдэнта, нібыта спраўджваюцца. Паводле апошніх зьвестак, ён замяніў памочніка прэзыдэнта Валера Цапкалу, які прызначаны прадстаўніком Лукашэнкі ў парлямэнце. І кола абавязкаў Цапкалы адпаведна перайшло Віктару Лукашэнку. Іншымі словамі, калі верыць гэтай інфармацыі, ён цяпер куратар сфэры высокіх тэхналёгіяў”.

Праверыць гэтыя зьвесткі я спрабаваў з дапамогай кіраўніка галоўнай управы кадравай палітыкі адміністрацыі прэзідэнта Івана Васільчанкі. Аднак спадар Васільчанка заявіў, што Віктар Лукашэнка ў адміністрацыі не працуе.

(Васільчанка: ) “Няма ў нас Віктара Лукашэнкі, няма”.

(Карэспандэнт: ) “Але яго ўсе бачылі па тэлевізары на нарадзе ў адміністрацыі. У якой якасьці ён там быў?”

(Васільчанка: ) “Усё, да пабачэньня”.

Паводле неафіцыйных зьвестак, адначасова з прызначэньнем Віктара Лукашэнкі на пасаду памочніка прэзыдэнта яму прысвоены ранг чыноўніка першай клясы, роўны надзвычайнаму і паўнамоцнаму амбасадару. Дарэчы, такі ж ранг мае і цяперашні прадстаўнік прэзыдэнта ў парлямэнце Валер Цапкала. Аднак варта нагадаць, што Цапкала да прызначэньня памочнікам прэзыдэнта працаваў першым намесьнікам міністра замежных справаў, а яшчэ раней быў амбасадарам Беларусі ў ЗША. У гэты час Віктар Лукашэнка працаваў шараговым супрацоўнікам МЗС у аддзеле Эўропы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG