Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ля Менску беларускія вайскоўцы аднаўляюць абарончую “лінію Сталіна”


Ігар Карней, Менск На 9 траўня заплянаванае адкрыцьцё ў раёне Заслаўя першай чаргі ўмацаваньняў на так званай “лініі Сталіна”, якая на пачатку 1930-х цягнулася ад Баранцавага да Чорнага мораў уздоўж старой заходняй мяжы СССР. Наш карэспандэнт назіраў, як вядуцца працы раскансэрвацыі дотаў.

Калі ехаць па старой трасе Менск—Вільня, недалёка ад Заслаўя, ля вёскі Гарошкі, можна пабачыць шмат вайскоўцаў і тэхнікі. Шарагоўцы інжынэрных, чыгуначных і памежных войскаў наўпрост пры дарозе раскопваюць засыпаныя доты, камандныя пункты, капаніры. Побач будуецца вялікі паркінг для будучых наведнікаў. Землякопы ахвотна дэманструюць трафэі, знойдзеныя падчас будаўнічых працаў.

(Працаўнікі: ) “Гэта падобная да дзьвярэй штука; відаць, што сюды штосьці прыклёпвалася. А гэта вось кавалак нямецкай паходнай печы — у гэтым месцы быў “зеў”. Вось сапёрная сякерка часоў першай усясьветнай вайны. Так што, зямля поўная таямніцаў…”

Напалову ўзятыя ў апалубку, даваенныя ўмацаваньні неўзабаве мусяць стаць адной з адметнасьцяў гэтых мясьцінаў — так, прынамсі, мяркуюць ініцыятары раскансэрвацыі даваенных умацаваньняў. На 9 траўня рыхтуецца тэатралізаваная дзея ў стылі “мілітары” — інсцэніроўка бою савецкіх і нямецкіх войскаў. Праўда, ваенны гісторык Ігар Кузьняцоў кажа пра гістарычныя нестыкоўкі: ваенныя ўмацаваньні на “лініі Сталіна” за 70 гадоў ніколі не выкарыстоўваліся паводле прызначэньня.

(Кузьняцоў: ) “Трэба ацэньваць сытуацыю з гледзішча ваеннага. Калі 17 верасьня ўвайшлі войскі ў заходнія вобласьці Ўкраіны і Беларусі, была атрыманая каманда старую лінію дэмантаваць. Новую пачалі ствараць па лініі Берасьце—Горадня, а старая ўвогуле не выкарыстоўвалася. Яна была дэмантаваная, зьнятае цяжкое ўзбраеньне і паводле прызначэньня яе выкарыстоўваць было немагчыма. Была каманда вывезьці ўзбраеньне, боепрыпасы, харчаваньне, і ўмацаваньні стаялі ўвогуле пустыя”.

“Лінія Сталіна” на загад “правадыра ўсіх народаў” пачала ўзводзіцца ў 1930-я гады на савецка-польскай мяжы. У яе склад увайшлі 4 тысячы ўмацаваньняў; толькі ў ваколіцах Заслаўя было збудавана 327 дотаў. Пасьля далучэньня да СССР Заходняй Беларусі, дзяржаўная мяжа была перасунутая на 300—400 кілямэтраў на захад, і “лінія Сталіна” за была закансэрваваная, ажно да нашых дзён. Цяпер раскансэрвацыяй умацаваньняў займаецца фонд “Памяць Афгану”. Прадстаўнік фонду Аляксандар Базарнаў непасрэдна назірае за працай на аб’екце і цьвердзіць, што ўспрымае “лінію Сталіна” толькі з гістарычнага гледзішча.

(Базарнаў: ) “Той час быў неадназначны: і гераічны, і трагічны. Ніхто ня кажа, што тут не было рэпрэсіяў. Натуральна, былі, і былі шмат яшчэ якія парушэньні. Але гэта ня лінія імя Сталіна. Тут Сталін толькі ў назьве, зь якой гэтая лінія ўвайшла ў гісторыю. Хто цяпер памятае, хто такі Карл Манэргайм? Але любога спыні на вуліцы, і ён скажа, што чуў пра “лінію Манэргайма”. Хто такі Анры Мажыно? Наўрад ці хто скажа, але пра “лінію Мажыно”, зноў жа, чулі. Тое ж самае тут — лінія Сталіна, гістарычная назва”.

За месяц актыўных раскопак на тэрыторыі ўмацаваньняў знойдзена больш за чатыры дзясяткі парэшткаў чалавечых целаў, некаторыя з агнястрэльнымі ранамі. Гісторык Ігар Кузьняцоў ня бярэцца адназначна казаць, сьведкамі якіх канкрэтных падзеяў маглі стаць шматлікія доты ля вёскі Гарошкі — неабходная прафэсійная экспэртыза.

На заслаўскім кавалку “лініі Сталіна” адновяць чатыры агнявыя пункты, злучаныя паміж сабой траншэямі з артылерыйскімі пазыцыямі. У дотах будуць стаяць манекэны ўзброеных чырвонаармейцаў 1930—1940-х гадоў. У фондзе “Памяць Афгану” лічаць, што рэанімаваная “лінія Сталіна” прыцягне ў Беларусь шмат турыстаў, аматараў ваенных фортаў. Ёсьць зьвесткі, што да 60-годзьдзя Перамогі комплексу будзе нададзены нават статус мэмарыялу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG