Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 красавіка – Міжнародны дзень цыганоў


Севярын Квяткоўскі, Менск 8 красавіка 1971 году ў Лёндане быў утвораны Міжнародны саюз цыганоў. У сучаснай Беларусі існуе некалькі цыганскіх грамадзкіх арганізацыяў. Сябры гэтых арганізацыяў ставяць на мэце абарону правоў і разьвіцьцё цыганскай культуры і адукацыі. Але большая частка народу "рома" ў Беларусі застаецца па-за актыўным грамадзкім жыцьцём.

Сучасныя беларускія цыганы кампактна жывуць у прыгарадах Менску, а таксама ў Віцебскай і Гомельскай абласьцях.У Беларусі цыганы першы прывілей атрымалі ў 1501 годзе ад вялікага князя літоўскага Аляксандра Казіміравіча. Цяпер у Беларусі жыве больш за пяцьдзесят тысячаў цыганоў. Але збольшага гэта нашчадкі прыбылых у краіну пасьля Другой Усясьветнай вайны. Бо папярэдняя генэрацыя цыганоў сталася ахвярай галакосту. Праблемы беларускіх цыганоў ня розьняцца ад праблемаў сваіх эўрапейскіх суродзічаў:

(Спадарыня: ) "У мяне няма працоўнай кніжкі. Я ніколі не працавала: на забесьпячэньні мужа жыла. А цяпер на працу не бяруць, і наогул не бяруць – мы ж непісьменныя. Бо вялі цыганскі лад жыцьця: качавалі ж раней бацькі".

Сярод цыганоў вельмі мала адукаваных людзей, пагатоў з вышэйшай адукацыяй. Цыганскі праваабаронца, юрыст Мікола Калінін гаворыць пра закрытасьць сваіх кліентаў, жаданьне заставацца ў ценю.

(Калінін: ) "Сапраўды, напрыклад, хлопец добра вучыцца, а бацькі яму: "Кідай ты гэтую вучобу, нічога з гэтага ня выйдзе. Ты займайся нашай цыганскай справай".

(Карэспандэнт: ) "А якой?"

(Калінін: ) "У цыганоў вельмі добра атрымліваецца гандляваць чымсьці".

У большасьці краінаў існуе меркаваньне пра крымінальны характар тыповых заняткаў цыганоў. Як выглядае сытуацыя ў Беларусі? Паслухаем мінакоў зь менскіх вуліцаў:

(Спадар: ) "Нармальна стаўлюся".

(Хлопец: ) "У мяне прадзед цыган. Дык што?"

(Спадар: ) "Я не расіст".

(Студэнт: ) "Нармальна стаўлюся".

(Хлопец: ) "Вялікай праблемы няма, яе не відаць. Але ўсё-ткі яна ёсьць: у асноўным, распаўсюд наркотыкаў і крадзяжы".

(Спадар: ) "Ня чуў, і нават не цікавіўся".

(Дзяўчына: ) " Пэўны падман – іхны канёк, іхная неад''емная частка".

(Студэнт: ) "Я не заўважаў. На сабе не адчуваю праблемаў з цыганамі".

(Спадар: ) "У электрычках езьдзяць, іхныя песьні надакучылі ўжо. А так, у прынцыпе, няма праблем".

Гэта былі меркаваньні выпадковых менчукоў. А вось назіраньні палітоляга Юрыя Шаўцова, які пасяліўся ў адным зь менскіх прыгарадаў, дзе жыве шмат цыганоў:

(Шаўцоў: ) "Я жыву крыху больш за год у гэтым раёне, і больш-менш ужо арыентуюся ў сытуацыі – ніякага гандлю наркотыкамі. Раней, кажуць, было. Цяпер няма. І ў прынцыпе, ніякай напружанасьці. Я нават думаў, такога не бывае".

На думку Юрыя Шаўцова, сытуацыя выправілася з агульным аздараўленьнем сацыяльнага асяродзьдзя пасёлку. Што да крыміналізацыі некаторых цыганскіх грамадаў, Юры Шаўцоў мяркуе наступнае:

(Шаўцоў: ) "Крымінал можа глыбока пранікнуць у кожную этнічную культуру. Але гэты крымінал, як я бачу, ён зусім не зьяўляецца неад''емнай часткай іхнага жыцьця".

А займаюцца цыганы пасёлку, дзе жыве Юры Шаўцоў, напрыклад, прыватнымі перавозкамі. І дабрабыт маюць вельмі розны, як і ў астатніх суседзяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG