Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Народная воля": да гэтага часу афіцыйнай рэакцыі на галадоўку ў Ваўкавыску няма


Падрыхтаваў Міхал Стэльмак Агляд незалежнага друку

“Народная воля” адкрывае сёньняшні нумар расповедам адмысловага карэспандэнта газэты пра галадоўнікаў Ваўкавыску. Тутэйшы прадпрымальнік Мікола Аўтуховіч і яго каманда гэткім чынам пратэстуюць супраць фінансавага ціску чыноўнікаў на недзяржаўнае прадпрыемства. Наступствам гэтага ціску, на думку ўдзельнікаў акцыі, можа быць павелічэньне колькасьці беспрацоўных у гэтым горадзе. Карэспандэнтка “Народнай волі” Вольга Класкоўская распавядае пра некаторых галадоўнікаў, якіх зараз тут ужо каля чатырох дзесяткаў чалавек. Напрыклад, у іх ліку – былы галоўны падатковы інспэктар Ваўкавыскага раёну Уладзімір Асіпенка. У лісьце на адрас старшыні мясцовага райвыканкаму спадар Асіпенка зьвяртае ўвагу кіраўніка ваўкавыскай “вэртыкалі” на недальнабачнасьць палітыкі, якая справакавала гучны канфлікт. “Сытуацыя вельмі трывожная”, сьцьвярджае газэта, "паколькі да гэтага часу афіцыйнай рэакцыі на гэты масавы пратэст няма”.

“Брэсцкая газэта” паведамляе сваім чытачам пра сэмінар прадпрымальнікаў, які адбыўся ў Берасьці і дзе абмяркоўваўся нядаўні указ Аляксандра Лукашэнкі, які рэгулюе дзейнасьць дробнага бізнэсу. Як зазначыла на гэтым сэмінары юрыст Галіна Дрэбезава, у адпаведнасьці з указам павінны крыху зьменшыцца арэндныя выплаты на рынках. Напрыклад, у Берасьці арэнда складзе 6 эўра, у Баранавічах, Кобрыне і Пінску–4,5 эўра, у астатніх райцэнтрах гэтай вобласьці–3 эўра. Аднак, апроч арэнды, прадпрымальнікам давядзецца аплочваць камунальныя паслугі. У выніку, паводле спадарыні Дрэбезавай, агульная сума плацяжоў можа аказацца вялікай. Сур’ёзныя праблемы чакаюць прадпрымальнікаў і ў сувязі з уплатай падатку на даданую вартасьць. Але найбольшая небясьпека для дробных бізнэсоўцаў, паводле выданьня, зыходзіць ад артыкулу ўказа, якім вызначаны меры пакараньня прадпрымальнікаў. За першае парушэньне гандляра чакае штраф памерам ад 10 да 20 базавых велічыняў. Паўторнае ж парушэньне цягам году абернецца для бізнэсоўцаў, як вынікае з публікацыі “Брэсцкай газэты”, вельмі сур’ёзнымі матэрыяльнымі стратамі: ануляваньнем ліцэнзіі і канфіскацыяй тавараў ды атрыманай ад гандлю выручкі.

“Кур’ер з Барысава” друкуе ліст адной з жыхарак вёскі Карсакавічы Барысаўскага раёну. Як паведаміла гэтая аўтарка, у шмат якіх сродках масавай інфармацыі Беларусі гаворыцца пра вялізную дапамогу з боку дзяржавы сёньняшняй беларускай вёсцы. У сапраўднасьці ж, як вынікае зь яе ліста, іншая карціна. У горадзе Барысаве прадукты харчаваньня на 20-30 адсоткаў таньней, чымсьці ў вёсках гэтага раёну. Апроч таго, ёсьць выбар тавараў. Калі ж зайсьці ў вясковую краму, то, паводле жыхаркі Карсакавічаў, плакаць хочацца. Таму і ўсе вяскоўцы імкнуцца набываць тавары ў горадзе. А яшчэ сельскія жыхары Беларусі пазбаўлены, як гаворыцца ў публікацыі, кваліфікаванага мэдычнага абслугоўваньня. Таму што, як лічыць аўтарка допісу ў газэту “Кур’ер з Барысава”, сёньняшнія вяскоўцы – гэта людзі-ізгоі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG