Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перасьлед актывістаў апазыцыі ўзмацняецца


Любоў Лунёва, Менск Лідэра сацыял-дэмакратаў Міколу Статкевіча выклікаюць у Цэнтральны РУУС Менску. Яму патлумачылі, што гэтым разам справа тычыцца падзеяў 1 сакавіка. Тады каля 3 000 прадпрымальнікаў сабраліся на Кастрычніцкай плошчы на знак пратэсту супраць увядзеньня новага ПВД. За несанкцыянаваную акцыю прадпрымальнікаў прыцягнулі да адказнасьці Анатоля Шумчанку і Марыну Багдановіч.

Чаму сёньня, 7 красавіка, калі прайшло больш за месяц пасьля тых падзеяў, выклікаюць Міколу Статкевіча? Паводле неафіцыйных крыніцаў, па факту падзеяў 1 сакавіка – а гэта ня толькі несанкцыянаваны мітынг, але й несанкцыянаванае шэсьце да адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, якое спынілі і разагналі амонаўцы – распачатая крымінальная справа. Апроч Міколы Статкевіча, у міліцыю будуць выклікаць усіх выступоўцаў на мітынгу.

Сам лідэр сацыял-дэмакратаў не выключае, што на яго складуць адміністрацыйны пратакол за арганізацыю апазыцыйнай акцыі і адвязуць у суд. Калі гэта спраўдзіцца, то сёньня адным палітвязьнем у спэцпрыёмніку стане болей. Мікола Статкевіч лічыць, што паколькі апошнія месяцы былі насычаныя вулічнымі выступленьнямі, улады спрабуюць такім чынам спыніць гэтую хвалю. Вось яго меркаваньне:

(Статкевіч: ) “Улада не баіцца выбараў. Яна навучылася зь імі спраўляцца. Яна баіцца толькі прамой народнай дэмакратыі, выяўленай праз вулічныя акцыі. Безумоўна, улада імкнецца да прэзыдэнцкіх выбараў ізаляваць тых людзей, якіх яна лічыць патэнцыйнымі лідэрамі вулічных акцыяў. Самы моцны ўдар адчула “Эўрапейская кааліцыя” – днямі вызваліўся Зьміцер Дашкевіч, Анатоль Шумчанка, крымінальная справа супраць мяне і Паўла Севярынца. Відаць, ім гэтага падалося мала. Ці то спрабуюць зламаць, ці то запалохаць. Але дарэмна – мяне не запалохаюць гэтым. Я думаю, што калі людзі падымуцца, то нішто гэты рэжым не ўратуе”.

Некалькі чалавек трымаюць за кратамі спэцпрыёмніка за ўдзел у апазыцыйнай акцыі 25 сакавіка. Учора амонаўцы разагналі жывы ланцуг, які ладзілі некалькі дзесяткаў чалавек, дзеля ўшанаваньня памяці Генадзя Карпенкі.

Сытуацыя ў судах нагадвае канвэер. 7 красавіка ў Кастрычніцкім судзе будуць судзіць актывіста Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Аляксандра Бяспалага за распаўсюд улётак, дзе была інфармацыя пра тое, што адбудзецца ланцуг памяці Генадзя Карпенкі. А ў Першамайскім судзе другі дзень будуць разглядаць крымінальную справу Андрэя Клімава за абразу і паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Хутчэй за ўсё, 8 красавіка суд вынясе ў ёй прысуд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG