Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня камісіі нацыянальнай бясьпекі мяркуе, што адмены сьмяротнага пакараньня ў Беларусі не прадбачыцца


Іна Студзінская, Менск Міжнародная праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” ў сваёй справаздачы за 2004 год паведаміла, што Беларусь засталася адзінай краінай ў Эўропе, дзе суды выносяць сьмяротныя прысуды за асабліва цяжкія злачынствы. Як ставяцца да гэтага беларускія праваабаронцы, заканадаўцы, Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, а таксама звычайныя людзі?

Спачатку прапаную меркаваньні людзей на менскіх вуліцах.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да таго, што Беларусь — адзіная ў Эўропе краіна, дзе ёсьць сьмяротнае пакараньне?”

(Спадар: ) “Я да гэтага стаўлюся і добра і дрэнна адначасова. Таму што сьмяротнае пакараньне для нашай краіны патрэбна. Але яго мае сэнс захоўваць толькі ў тым выпадку, калі даказана віна чалавека. У нашай дзяржаве гэта зрабіць немагчыма, а пракантраляваць — тым больш. Бо калі чалавек трапляе ў міліцыю ці ў сьледзтва, праз тры-чатыры дні ён падпіша ўсё, што яму пакладуць на стол”.

(Спадарыня: ) “Я як чалавек, які, можа, не зусім верыць у Бога, але які верыць у вышэйшыя сілы, стаўлюся да гэтага ня вельмі станоўча, таму што ня ты даў чалавеку жыцьцё і ня ты мусіш яго забіраць. Нават калі гэта рашэньне дзяржавы”.

(Спадарыня: ) “Гэта вельмі вялікая адказнасьць для таго чалавека, які прымае рашэньне пра сьмяротнае пакараньне, і для таго чалавека, які выконвае яго. Але мне здаецца, ёсьць шэраг злачынстваў, за якія нельга пакараць інакш”.

Колькі сьмяротных прысудаў выканана, я спрабавала высьветліць у намесьніка начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Аляксандра Пастушэні.

(Пастушэня: ) “Суды выносяць сьмяротныя прысуды. Вось колькі яны вынесьлі, вы ў іх запытайцеся”.

(Карэспандэнт: ) “А што тычыцца выкананьня?”

(Пастушэня: ) “Калі ён выконваецца, дык суд інфармуецца, што прысуд выкананы…”

(Карэспандэнт: ) “Але вось гэта лічба — пяць прысудаў”.

(Пастушэня: ) “Я ня ў курсе справы. Я ж вам сказаў, што не валодаю інфармацыяй. Увогуле, калі вы нешта хочаце даведацца, дык пішыце запыты, калі можна, мы вам адкажам”.

Прэсавы сакратар Вярхоўнага суду Валянцін Барысевіч удакладніў, што летась судамі было вынесена ня пяць, а толькі два сьмяротныя прысуды.

(Барысевіч: ) “У мінулым годзе было толькі два, а ня пяць. Ідзе такая тэндэнцыя — пажыцьцёва даюць самым адпетым адмарозкам. У гэтым годзе наагул ніводнага расстрэльнага прысуду не было”.

Статыстыка сьведчыць, што ў Беларусі цяпер выносяцца адзінкі сьмяротных прысудаў. Для параўнаньня: у 1998 годзе было вынесена 45 сьмяротных прысудаў, у 2002 — 7, летась — 2.

Але праваабаронцы занепакоеныя. Гаворыць намесьнік старшіні Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла:

(Паганяйла: ) “У свой час мы прапаноўвалі, калі рыхтаваўся новы Крымінальны кодэкс, каб выключыць такую меру, мы прапаноўвалі хаця б увесьці часовы маратор, таму што гэта адна з умоваў уступленьня ў Раду Эўропы. Натуральна, ва ўсіх нашых маніторынгах, на ўсіх узроўнях мы спрабуем падштурхнуць наш урад і заканадаўцаў і адмяніць гэту меру пакараньня”.

Старшыня камісіі нацыянальнай бясьпекі Палаты прадстаўнікоў Анатоль Белашэўскі сказаў, што пакуль у плянах пытаньня аб пераглядзе артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія прадугледжваюць сьмяротнае пакараньне, няма.

(Белашэўскі: ) “Пакуль ніякай інфармацыяй не валодаю. Але гэта не азначае, што на чатыры гады наперад так усё і застанецца. Але пакуль ніякіх зьменаў няма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG