Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску сабраліся лідэры прадпрымальнікаў з усёй краіны


Міхал Стэльмак, Менск Праблема выжываньня і незалежнасьці дробнага бізнэсу ёсьць на бліжэйшы час галоўнай задачай прадпрымальніцкага руху. Пра гэта было заяўлена ў Менску на нарадзе актывістаў грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва”.

У нарадзе бралі ўдзел лідэры прадпрымальнікаў Менску, Віцебску, Гомелю, Магілёва, Берасьця і іншых рэгіёнаў. Паводле ўдзельнікаў, нядаўні ўказ Аляксандра Лукашэнкі, які датычыць падатку на даданую вартасьць, скіраваны на зьнішчэньне дробнага бізнэсу. Вось што зазначыў на гэты конт адзін зь лідэраў менскага рынку “Ждановічы” Аляксандар Макаеў:

(Макаеў: ) “Спрошчаны падатак на даданую вартасьць будзе існаваць да 1 студзеня. Пасьля 1 студзеня, як сказаў спадар Кабякоў, дробнага бізнэсу нібыта не павінна і быць. Улада будзе ажыцьцяўляць ціск, а зваротнае супрацьдзеяньне мы ёй гарантуем”.

Частка актывістаў прадпрымальніцкага руху лічаць мэтазгодным працягваць перамовы з уладамі наконт умоваў працы. На думку другой часткі, перамовы бессэнсоўныя. Гаворыць лідэр прадпрымальнікаў Лепелю Алег Тычына:

(Тычына: ) “Трэба пераходзіць ад сваіх эканамічных патрабаваньняў да палітычных. Трэба пераходзіць на палітычнае поле дзейнасьці і ня слухаць, што кажа Лукашэнка. Ня трэба яго баяцца, трэба дружна пераходзіць на палітычнае поле. Улада баіцца толькі вулічных акцыяў пратэсту”.

Кіраўнік рэчыцкай суполкі “Пэрспэктывы” Леанід Невар заклікаў супрацоўнічаць з дэмакратычнымі сіламі ў рэгіёнах. А вось якое меркаваньне выказаў на нарадзе менскі прадпрымальнік Аляксандар Драніцкі:

(Драніцкі: ) “Віцэ-прэм’ер Кабякоў сказаў вельмі шчыра. Што прадпрымальнікам засталося жыць да канца году. І ўсе гэтыя перамовы — цынічная хлусьня ўлады. Яны садзяцца за стол перамоваў, але ведаюць, што гэтыя перамовы бессэнсоўныя. Таму што асноўная мэта ўлады — зьнішчыць прадпрымальніцтва. І замест дробных прадпрымальнікаў гэтую нішу павінен заняць сярэдні і буйны бізнэс. А ў гэтым сярэднім і буйным бізнэсе пануе былая намэнклятура”.

Старшыня “Пэрспэктывы” Анатоль Шумчанка заклікаў прадпрымальніцкіх лідэраў да паразуменьня. Паводле яго, у расколе зацікаўленыя найперш улады. Што тычыцца наступных дзеяньняў прадпрымальнікаў, то адказ на гэтае пытаньне павінны, на яго думку, даць найперш самі прадстаўнікі дробнага бізнэсу:

(Шумчанка: ) “Хай берагуць сваіх лідэраў. Хай думаюць пра арганізацыю, не адварочваюцца. Калі дзеля гэтага трэба вылучыць палітычныя лёзунгі — яны будуць вылучаныя. І ня трэба баяцца выходзіць на вуліцу, гэта адзіны рэцэпт іх абароны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG