Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уводзіцца прысяга на вернасьць "Гомсельмашу"


Казімір Яноўскі, Гомель У Гомельскай вобласьці ідэалягічная вэртыкаль імкнецца навязаць рабочым калектывам свае мэтады выхаваньня. У аб''яднаньні “Гомсельмаш”, да прыкладу, уводзіцца адмысловая прысяга для пэрсаналу.

Адмысловую прысягу на вернасьць працоўнаму калектыву “Гомсельмашу” павінны прымаць усе навічкі, а таксама тыя, хто ўладкаваўся на працу з 1 студзеня 2004 году.

Як паведаміла супрацоўніца ідэалягічнага аддзелу Ала Шкрэд, дырэкцыяй зацьверджаны нават графік прыняцьця прысягі. З мая да жніўня гэта будуць рабіць рабочыя шматлікіх вытворчых цэхаў, а пасьля, да сьнежня – супрацоўнікі аддзелаў ды розных службаў прадпрыемства.

Прысягу сельмашаўцы будуць прымаць у музэі працоўнай ды баявой славы. У ёй сказана: “Уваходзячы ў працоўную сям''ю ВА “Гомсельмаш”, я ўсьведамляю, што “Гомсельмаш” уваходзіць у лік вядучых прадпрыемстваў Беларусі, якія вызначаюць прамысловы патэнцыял краіны, і што дзеля ўмацаваньня яго іміджу і выкананьня пастаўленых задач патрэбна напружаная праца кожнага сельмашаўца, у тым ліку і мая”. Гэта былі словы прысягі.

Далей той, хто прысягае, абавязваецца ведаць гісторыю “Гомсельмашу”, ягоныя сымбалі, выконваць нормы, правілы, патрабаваньні. Сельмашавец павінен таксама якасна і ва ўстаноўленыя тэрміны, з творчым падыходам і максымальнай адказнасьцю выконваць сваю працу на даручаным участку. Зачытаўшы прысягу, кожны павінен паставіць подпіс у кнізе сумленьня “Гомсельмашу”.

Як ставяцца да прысягі самі сельмашаўцы? Учора я задаваў гэтае пытаньне рабочым ды адмыслоўцам “Гомсельмашу”. Вось найбольш характэрныя адказы:

(Рабочы: ) “Гэта ўсё чапуха, словы. Калі пад страхам звальненьня, то прыйдзецца прыняць прысягу”.

(Рабочы: ) “Трэба, каб прысягалі. Як у войску. Можа, піць меней будуць”.

(Рабочы: ) “Павінна быць прысяга і з боку кіраўніцтва”.

(Адмыслоўка: ) “Я думаю, што патрэбна. Ва ўсіх заходніх фірмах ёсьць свае прысягі. Усе людзі павінны прысягаць, любіць сваё прадпрыемства, на якім яны працуюць”.

(Рабочы: ) “Чалавечыя адносіны патрэбны, а не прысяга”.

Канешне, у сваіх пошуках ідэолягі “Гомсельмашу” не адзінокія. Ня так даўно былыя партыйныя функцыянэры заявілі пра стварэньне клюбу першых сакратароў райкамаў КПБ. Каля паўтара дзесятка былых сакратароў выяжджалі ў аддалены Лельчыцкі раён аглядаць народную гаспадарку. Падтрымаў гэта аблвыканкам.

Адміністрацыя Савецкага раёну Гомеля вырашыла вярнуцца да дэвізаў у справе добраўпарадкаваньня тэрыторыі. Сёлета дэвіз гучыць так: “Юбілейнаму году – квітнеючы раён!”

Ну а ў Навабеліцкім раёне у лазьні на вуліцы Дзімітрава вэтэранам вайны дазваляюць мыцца па льготных коштах. Праўда, не ў любы дзень, а толькі ў аўторак. І гэта падаецца як слушная павага да ветэранаў напярэдадні 60-х угодкаў Перамогі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG