Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 красавіка спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэньня паэта Міколы Хведаровіча


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 6 красавіка

6 красавіка – пярэдадзень вялікага праваслаўнага сьвята – Дабравешчаньня, або Зьвеставаньня. Як паведамляе этнограф Уладзімер Васілевіч, у некаторых мясьцінах Беларусі ў гэты дзень не дазвалялася снаваць кроснаў пад пагрозай, што гэтак можна “заснаваць” дождж на ўсё лета, а ў дадатак захварэе той, хто будзе насіць тканіну з такой асновы. А яшчэ ў гэты дзень, паклаўшыся спаць, усе варочаліся з боку на бок, нібыта заклікаючы гэтым мядзьведзя абудзіцца ад зімовае сьпячкі. Лічылася, што мядзьведзь прачынаецца на Зьвеставаньне. І вось такім чынам людзі “задобрывалі” зьвера.

6 красавіка 1946 году частка Ўсходняй Прусіі пад назвай Калінінградзкая вобласьць увайшла ў склад СССР. Цяпер гэтая тэрыторыя лічыцца расейскай, хоць у савецкія часы туды на месца выселеных немцаў засялялі людзей з усяго Савецкага Саюзу. У прыватнасьці, многія тысячы людзей былі пераселеныя зь Беларусі.

6 красавіка 1955 году выйшаў у сьвет першы нумар газэты “Голас Радзімы”, якая мусіла распавядаць эмігрантам пра перавагі жыцьця ў савецкай Беларусі і выходзіла пад шчыльным кантролем КГБ. Тым ня менш, у часы брэжнеўскага застою “Голас Радзімы” часьцяком пісаў пра тых дзеячоў і тыя факты беларускай гісторыі і культуры, пра якія ў іншых выданьнях нават згадваць было забаронена.

Сёньня спаўняецца сто гадоў з дня нараджэньня беларускага паэта Міколы Хведаровіча. Родам ён з Капыля. У часе сталінскага тэрору Хведаровіч быў арыштаваны і высланы на катаргу ў Сыбір. У Беларусь вярнуўся толькі праз 18 гадоў. На рахунку Міколы Хведаровіча мноства кніг паэзіі, перакладаў зь іншых літаратур і кнігі ўспамінаў. Памёр паэт у 1982 годзе.

6 красавіка 1910 году нарадзіўся Барыс Кіт, які паходзіць зь вёскі Агароднікі (цяпер гэта Карэлічы). Да вайны Барыс Кіт працаваў дырэктарам Віленскай і Наваградзкай беларускіх гімназіяў, ствараў беларускія школы, а пасьля вайны стаў адным зь вядучых спэцыялістаў у распрацоўцы амэрыканскіх касьмічных праграм, доктарам навук і прафэсарам некалькіх унівэрсытэтаў, аўтарам мноства навуковых працаў. Барыс Кіт – адзін з найбольш актыўных дзеячоў беларускай эміграцыі.

Сёньня спаўняецца шэсьць гадоў з таго дня, калі раптоўна і загадкава пайшоў з жыцьця Генадзь Карпенка, беларускі навуковец і палітык, які быў адным з наймацнейшых супернікаў Аляксандра Лукашэнкі. Памёр Карпенка ад кровазьліцьця ў мозг. Многія дагэтуль перакананыя, што гэта было замоўленае забойства.
XS
SM
MD
LG