Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народны паэт Беларусі Р.Барадулін напісаў верш на сьмерць папы Яна Паўла ІІ


Сяргей Абламейка, Прага Летась 28 чэрвеня напярэдадні сьвята апосталаў Пятра і Паўла, Ян Павал ІІ даў асабістую аўдыенцыю Рыгору Барадуліну. Паэт, які зьяўляецца вернікам беларускай Грэка-Каталіцкай (або Уніяцкай) царквы, прыбыў у Рым у межах спэцыяльнай пілігрымкі для таго, каб уручыць пантыфіку свой пераклад на беларускую мову яго паэмы “Рымскі трыптых”. Слова Рыгора Барадуліна.

Сустрэнь яго, Божа!

Бог стварыў чалавека па вобразу й падабенстве сваім, кожны вернік носіць у сэрцы сваім Усявышняга. Кожнаму Ўсятрымца ўсяго жывога й існага бачыцца ва ўяве па-свайму. Бог шматаблічны і вечны.

Госпад усіх нас любіць, усіх нас бароніць, усіх нас церпіць. Але ў Яго ёсьць і абраньнікі, якім дазволена набліжацца да сходцаў нябеснага пасаду.

Нябёсы дазволілі мне, сьціпламу ўніяту, бачыць і чуць, сказаць словы падзякі аднаму з абраньнікаў Усявышняга ў Вечным горадзе.

Ян Павал ІІ быў незямным і зямным чалавекам, асобай, якая боскім словам вызваляла душы людзкія з д’ябальскага палону ўсіх праяваў.

Дух трымаў яго, калі Папа Рымскі нёс крыж свой пакорліва й непахісна. У тыя сьвятыя хвіліны, калі чуў я Папу, калі перадаваў яму ягоны “Рымскі трыпціх” у сваім перакладзе на матчыну мову, калі цалаваў ягоны пярсьцёнак, мне нясьмела падалося, што бачу адно з абліччаў Усявышняга. І рэшту веку свайго жыцему тымі хвілінамі, якімі быў блізка каля Яна Паўла ІІ.

У смутныя дні разьвітаньня з Папам склаліся ў мяне радкі, якія кладу ў абножжа дамавіны нябеснага пасланьніка.

Вяльмуе Бог… Памяці Яго сьвятасьці Яна Паўла ІІ

Бог пасылае верных, Каб Яны Пераканалі душы ласкай шчырай. Мальбы недатыкальныя званы Дабраслаўляюць шлях у вечны вырай.

Бог давярае мужным Весьці люд У непарушную Гасподу веры. Кут у Гасподзе вольны для пакут, Засланы стол для Тайнае Вячэры.

Бог выбірае мудрых, Каб вякам Было зь кім памаўчаць І ўзважыць скруху. І па жарсьцьве прыступна ступакам Ступаць за далягляд, Дзе сьветла духу.

Пасланьнікі нябесныя, Ад іх Вядзе адлік бясконцасьць маладая. Вяльмуе Бог абраньнікаў сваіх. Бязь іх На сэрцы сьвету халадае…

Вечная памяць Яну Паўлу ІІ. Сустрэнь яго, Божа!

Рыгор Барадулін
XS
SM
MD
LG