Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што дамовіліся Лукашэнка і Пуцін у Сочы?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 4 красавіка). Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы і палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску.

(Валер Карбалевіч: ) “Апошні раз Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы ў жніўні мінулага году. Прайшло амаль восем месяцаў. Варта заўважыць, што ўжо ў 2005 годзе расейскі прэзыдэнт ажно два разы сустракаўся з новым прэзыдэнтам Украіны Юшчанкам. Такія вялікія інтэрвалы між сустрэчамі кіраўнікоў дзьвюх дзяржаваў, якія, нібыта, зьяўляюцца галоўнымі саюзьнікамі, будуюць саюзную дзяржаву, вельмі красамоўна сьведчаць пра стан беларуска-расейскай інтэграцыі.

Важным чыньнікам сёньняшняй сустрэчы ў Сочы Лукашэнкі і Пуціна зьяўляецца той гістарычны фон, на якім яна адбываецца. Маю на ўвазе хвалю “каляровых рэвалюцыяў”, якая прайшла на постсавецкай прасторы. Якая агульная ацэнка гэтай сустрэчы двух кіраўнікоў дзяржаваў у Сочы?”

(Кірыл Коктыш: ) “Той агульнапалітычны фон на постсавецкай прасторы, пра які вы згадалі, задаў асноўны зьмест і парадак дня гэтай сустрэчы. Амаль ва ўсіх краінах СНД кіроўныя ўлады перажываюць працэс банкруцтва. Яны згубілі давер сваіх грамадзтваў. Адсюль крызісы і рэвалюцыі. На прасторы СНД ужо ў постсавецкі пэрыяд вырасла новае пакаленьне, якое не задаволенае існымі правіламі гульні ў палітыцы, бізнэсе, іншых сфэрах. Гуляць па гэтых правілах і выйграць — немагчыма, таму гэтыя людзі імкнуцца перавярнуць сыстэму. Мне падаецца, што прэзыдэнты абмяркоўвалі сумесныя захады, якія патрэбна супрацьпаставіць гэтай рэвалюцыйнай хвалі”.

(Андрэй Фёдараў: ) “Чым тлумачыцца той вялікі перапынак у перамовах між кіраўнікамі як быццам бы саюзных дзяржаваў? У кастрычніку мінулага году ў Беларусі прайшоў рэфэрэндум разам з парлямэнцкімі выбарамі. Паводле ўскосных сьведчаньняў, Пуцін паставіўся да ідэі працягу прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў ня вельмі прыхільна. Таму ўзьнікла пэўнае напружаньне ў асабістых адносінах.

Хваля рэвалюцыяў, якая пачалася на постсавецкай прасторы, падштурхнула Пуціна да сустрэчы з Лукашэнкам. Калі б ня гэтыя абставіны, то паўза ў перамовах магла б цягнуцца яшчэ даволі доўга. Я маю на ўвазе перамовы, а не сустрэчы на самітах нейкіх міжнародных арганізацыяў ці ўрачыстасьцях. Паколькі становішча для кіраўнікоў рэжымаў у СНД даволі складанае, то яны шукаюць выйсьця з гэтага становішча”.

(Карбалевіч: ) “Амаль што адзіным канкрэтным вынікам гэтых перамоваў зьяўляецца прынятае рашэньне аб тым, што ў наступным годзе цэны на расейскі газ, які пастаўляецца ў Беларусь, захаваюцца на ўзроўні цяперашняга году. З улікам таго, што “Газпром” аб’явіў пра павышэньне ў наступным годзе кошту газу для ўнутраных спажыўцоў, то фактычна гэта будзе азначаць пастаўку газу ў Беларусь па ўнутрырасейскіх цэнах.

У 2002 годзе Расея пагадзілася пастаўляць Беларусі газ па ўнутрырасейскіх цэнах пры ўмове, што Менск пойдзе на прыватызацыю сваіх прадпрыемстваў з удзелам расейскіх кампаніяў. Потым кіраўніцтва Беларусі адмовілася ад гэтых абяцаньняў, у адказ Расея перайшла на рынкавыя кошты на газ, паміж краінамі ўзьнік канфлік, “газавая вайна”. А вось цяпер, як вынікае, Масква гатовая пастаўляць танны газ Беларусі без усялякіх умоваў. Што гэта азначае? Што стаіць за гэтым падарункам?”

(Коктыш: ) “Вельмі незвычайна чуць пра падарункі з боку “Газпрому”. Але за апошнія год-два гэтая кампанія зрабілася ня столькі бізнэсовым цэнтрам, колькі палітычным цэнтрам, які поўнасьцю падкантрольны ўладам. Пасьля памаранчавай рэвалюцыі ва Ўкраіне Расея згубіла нейкае маральнае права на лідэрства ў СНД. Бо вельмі ж заўважныя былі памылкі Масквы. Таму ўзьнікае праблема захаваньня ўплыву Расеі на постсавецкую прастору. Магчыма, гэта не катастрофа для Расеі, але гэта можа стаць катастрофай для Пуціна. Таму рэакцыя Расеі на падзеі ў Кіргізіі была вельмі ўзважанай. Гэта было нейкай рэфлексіяй, усьведамленьнем таго, што рэаліі зьмяніліся, і Расея пасьля паразы ва Ўкраіне ўжо не такая моцная. Таму з гэтых абставінаў Пуцін мог зрабіць нейкія саступкі Лукашэнку”.

(Фёдараў: ) “Справа ў тым, што рэвалюцыі напалохалі Расю. Шмат беларускіх экспэртаў, я ў тым ліку, прагназавалі, што пасьля ўкраінскіх падзеяў Расея будзе імкнуцца ўтрымаць Беларусь пад сваім кантролем. Дзеля гэтага Масква гатовая на пэўныя, хоць і ня вельмі вялікія, прэфэрэнцыі. Нельга быць упэўненымі, што гэтыя рашэньні па газе канчатковыя, наперадзе яшчэ шмат часу. Але гэтая саступка Пуціна Беларусі ставіць мэту захаваць Беларусь у сфэры свайго ўплыву”.

(Карбалевіч: ) “Яшчэ адно даўняе пытаньне — пераход Беларусі на расейскую валюту. Падаецца, што ў гэтай праблеме бакі ня вельмі зрушылі наперад. Расея цісьне, Беларусь супраціўляецца. Пуцін адзначыў, што рана пакуль казаць пра тэрміны вырашэньня валютнага пытаньня. Але гэтыя тэрміны ўжо афіцыйна вызначаны раней. Усё гэта азначае, што супярэчнасьці ня вырашаныя”.

(Коктыш: ) “Пераход на адзіную валюту як быў піярнай формулай, так і застаўся. Бо нацыянальная валюта — гэта сымбаль дзяржаўнай улады. Расея ня пойдзе на тое, каб у Беларусі быў яшчэ адзін эмісійны цэнтар. А Лукашэнка ніколі не пагодзіцца на тое, каб страціць такі эмісійны цэнтар. Паколькі пытаньне пра валюту стаіць на парадку дня беларуска-расейскай інтэграцыі, то яно і згадваецца ў якасьці дзяжурнага кожны раз. Тое, што бакі не дамовіліся і дамовіцца не маглі, было відавочна загадзя. Валютнае пытаньне, разам з Канстытуцыйным актам, усплыве на паседжаньні найвышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы ў канцы гэтага месяца. Але ўсё гэта ніколі ня будзе рэалізавана”.

(Фёдараў: ) “Па валюце чарговы раз ніякага рашэньня прынята не было. Я згодны з Коктышам, што Канстытуцыйны акт і валюта — гэта прынцыповыя пытаньні ў саюзным будаўніцтве. Газавае пытаньне істотнае, але не прынцыповае. Падаецца, што ў гэтых двух прынцыповых пытаньнях абодва бакі ўжо вычарпалі магчымасьці дзеля кампрамісу. І цяпер каб прыйсьці да нейкай згоды, адзін з бакоў павінен саступіць. Пакуль ні ў Расеі, ні ў Беларусі няма такой сытуацыі, каб кіраўніцтва пайшло на гэта. Таму, калі за гэтыя тры тыдні нічога істотна ня зьменіцца, то паседжаньне найвышэйшага дзяржсавету ў канцы гэтага месяца будзе сымбалічным, пратакольным. Проста, калі арганізацыя існуе, то ейныя органы павінны хоць зрэдку зьбірацца”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, з улікам маючага адбыцца паседжаньня найвышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы ў канцы гэтага месяца можна меркаваць, што доўгі перапынак у беларуска-расейскай інтэграцыі скончыўся і пачаліся нейкія рухі. Аднак наконт пэрспэктываў гэтага працэсу існуюць вялікія сумненьні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG