Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захаваньне ранейшых цэнаў на газ “яшчэ адзін год наркотыка і схаваныя датацыі”


Юлія Шарова, Менск Беларускія экспэрты лічаць умовы дастаўкі газу, прапанаваныя Расеяй на наступны год, у цэлым прымальнымі для Беларусі. Пры гэтым, на думку спэцыялістаў, беларускі ўрад яшчэ нейкі час ня будзе мець стымулу для рэфармаваньня айчыннай эканомікі.

Аглядальніца газэты “Белорусский рынок” Тацяна Манёнак лічыць, што такія ўмовы — захаваньне коштаў на газ у абмен на льготы — можна назваць парытэтнымі. У 2006 годзе Беларусь будзе па-ранейшаму плаціць меней за 47 даляраў за тысячу кубамэтраў газу, а “Газпром” здолее вырашыць некаторыя свае праблемы зь меншымі выдаткамі. Паводле спадарыні Манёнак, “Газпром” цяпер сутыкнуўся зь неабходнасьцю рэканструяваць газатранспартную сыстэму, на якой паліва пампуецца на Захад.

(Манёнак: ) “У наступныя колькі год “Газпром” у зьвязку з тым, што ён не ўкладае дадатковых сродкаў у рэканструкцыю, ня здолее выконваць сваіх абавязаньняў перад эўрапейскімі краінамі, і таму яму патрэбныя даволі вялікія ўкладаньні. “Газпром” прасіў свой урад пра тое, каб яму дазволілі падвысіць на 20% цану прыроднага газу на будучы год. На гэты крок расейскі ўрад не пайшоў. Але ж гэтыя грошы “Газпрому” патрэбна недзе знайсьці. Менавіта таму кіраўніцтва “Газпрому” і папрасіла нейкіх ільготаў”.

Размова ідзе хутчэй за ўсё пра будаўніцтва кампрэсарных станцыяў для першай нізкі газаправоду Ямал—Эўропа, прычым пакуль дакладна невядома, якія менавіта льготы беларускі ўрад дасьць “Газпрому”, кажа Тацяна Манёнак. Аднак мая суразмоўніца зьвяртае ўвагу і на тое, што транзытная стаўка застаецца пакуль даволі нізкай, прытым, што ўкраінскі ўрад, напрыклад, рыхтуе цяпер новыя дамоўленасьці наконт дастаўкі і транзыту паліва. У той жа час Беларусь усё ж атрымлівае самае таннае паліва ў параўнаньні з суседзямі: краіны Балтыі плацяць цяпер ужо больш як 100 даляраў за тысячу кубамэтраў.

Кіраўнік “Асацыяцыі спрыяньня эканамічнаму разьвіцьцю” Васіль Шлындзікаў гаворыць пра тое, што такія ўмовы выгадныя, але найперш ураду.

(Шлындзікаў: ) “Гэта наркотык, які падтрымлівае наплыву фэномэн беларускай эканомікі. Проста яшчэ адзін год наркотыка. Гэта схаваныя датацыі, як я разумею”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG