Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сілы зла, сілы цемры не далі Папе наведаць нашу родную мілую Беларусь”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 4 красавіка. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя “Радыё Свабода” не нясе адказнасьць за выказваньні слухачоў.

(Спадар: ) “Паважаная рэдакцыя Свабоды! Толькі што ў гэты дзень вялікага смутку па Папе Паўлу ІІ Альгерд Невяроўскі перадаў інфармацыю, што экзарх рускай праваслаўнай царквы Філарэт і беларускі прэзыдэнт Лукашэнка падалі спачуваньні. Але апусьціў Невяроўскі тое, што ў сваёй прамове Лукашэнка гаварыў: “Нет в этом моей вины! Нет в этом моей вины, что не приехал Папа!” Ды няпраўда! Вось гэтая трыяда, руская праваслаўная царква – Рыдыгер, аддзяленьне рускай праваслаўнай царквы – Вахрамееў і спадар Лукашэнка, зрабілі ўсё, каб Папа не прыехаў на Беларусь. Сілы зла, сілы цемры не далі Папе наведаць нашу родную мілую Беларусь. Спадзяемся на адно толькі, што там, ад Айца Нябеснага, ён зробіць усё для таго, каб гэтай трыядзе, гэтым сілам зла не ўдалося супрацьстаяць Божаму пляну ў адносінах да вольнай, свабоднай і богалюбівай Беларусі!”

(Спадар: ) “У гэтыя дні, калі я даведаўся пра сьмерць Яна Паўла Другога, мне вельмі горка. Я хачу запрасіць усіх веруючых, ня толькі каталіцкіх, але і праваслаўных, усіх, хто неабыякавы да гэтага вялікага чалавека. Шаноўныя, ня важна якой вы веры, прыйдзіце ў храм і проста пастаўце сьвечку за гэтага вялікага чалавека! Дзякуй вялікі”.

(Спадар: ) “Шаноўныя сябры! Слухаючы перадачы Юрыя Дракахруста, размову паміж Янкам Запруднікам і Валянцінам Тарасам пра калябарацыянізм, я лічу, што трэба растлумачыць, што калябарант – гэта той мясцовы жыхар, што супрацоўнічае зь любым акупацыйным рэжымам. Дык вось, складваецца такое ўражаньне, што Янка Запруднік ясна ўсьведамляе, што такое калябарацыянізм падчас нямецкай акупацыі. А для многіх, калі гэта была барацьба за выжываньне, за кавалак хлеба – іх нельга лічыць калябарантамі. Насуперак гэтаму Валянцін Тарас, які таксама праяўляў калябарацыянізм, калі супрацоўнічаў з маскоўскімі савецкімі акупантамі, да гэтага часу не ўсьведамляе гэтага факту. Трагізм палягае ў тым, што беларусы змушаныя былі ў большай ці ў меншай меры ўдзельнічаць у калябарацыянізьме на савецкім альбо на нямецкім баку: адны каб выжыць, а другія – каб дасягнуць нечага большага. Савецкі бок у сутыкненьні двух таталітарных рэжымаў атрымаў перамогу. І тыя калябарацыяністы, якія супрацоўнічалі з савецкімі акупацыйнымі ўладамі, аказаліся “на кані”, адчуваюць сябе і сёньня пераможцамі. Гэта так. Але ж яны павінны зразумець і ўсьведамляць сабе ў нейкай меры калябарантамі ўсходняга акупанта. Беларускасьць у абодвух гэтых варыянтах заўсёды толькі прайгравала, і мясцовыя людзі, беларусы, заўсёды цяжка пакутавалі ад гэтага”.

(Спадар: ) “Зараз 6:30 раніцы 3 красавіка. Праз вашае радыё хачу выказаць сваё абурэньне нашымі беларускімі ўладамі. Сорам за тое, што мы маем такія ўлады! Сёньня 3 красавіка ўсе радыё і тэлекампаніі ўсяго сьвету паведамляюць пра сьмерць Яна Паўла Другога, адводзяць гэтай падзеі амаль што ўвесь час навінаў і нават ноччу аб гэтым казалі. Гэта вялікая страта ня толькі каталіцкай царквы, але і ўсяго сьвету. А нашае першае нацыянальнае радыё ў 6 гадзін у навінах не знайшло час пра гэта сказаць ніводнага слова! Казалі пра нетры Беларусі, аб нейкім сьвяце, пра ўтварэньне камісіі па сацыялягічным апытаньні па загаду прэзыдэнта, кірмашах, пра кубак сьвету па ральлі… Вось атрымліваецца для нас самыя галоўныя навіны! Сорам і ганьба – у мяне больш няма словаў!”

(Мікола Саскевіч: ) “Шаноўнае панства! Калі я чуў паведамленьні СМІ пра адчуваньне Папы Рымскага Яна Паўла Другога, сьлёзы самі наліваліся на вочы. Я маліўся дома за Папу Рымскага, хадзіў у наш касьцёл. Гэта вялікі быў чалавек! Я свайго сына назваў у гонар Папы Рымскага – Павал. Я многа чытаў пра яго, маю ягоныя кнігі. Для маёй сям’і ён быў яркае сьвятло, дабро, любоў, прагрэс, сьмеласьць і цярпеньне. І я, просты чалавек, нікому ніколі не дазволю казаць пра нашага Яна Паўла Другога дрэнна, як гэта я пачуў па расейскай службе Радыё Свабода ад некаторых слухачоў, якія быццам бы называюць сябе праваслаўнымі. Вы ж забываеце, што праваслаўныя – гэта перш за ўсё, хрысьціяне! А гэтым людзям скажу, што вы не праваслаўныя, а вы – камок зла, непісьменнага зла. Прачытайце лепей галоўную нашую хрысьціянскую малітву “Отче наш”.

(Маісеенка Генадзь: ) “Шчырае прывітаньне! Гэта да вашых апошніх тэмаў тыдня. Праз сваіх знаёмых мне пашчасьціла пазнаёміцца з адным імпэтным праектам пастановы для службовага, так званага сакрэтнага карыстаньня, дзе на мове арыгіналу наліставана адна рэч: “На 1 июля 2005 года на всех общественных и политических организациях антипрезидентской и прозападной ориентации, а также граждан республики Беларусь, сеющих нездоровую критику против Республики Беларусь, системы государственного устройства Республики Беларусь, президента Республики Беларусь, представителей государственной власти Республики Беларусь подготовить необходимые материалы, отражающие их в полной мере, и в течение 2005 года в объявлении назначения выборов президента Республики Беларусь создать все условия возможного интернирования последних в кратчайшие сроки, не привлекая внимания остальных граждан Республики Беларусь. При этом для наиболее отличившихся в антипрезидентской деятельности, критике и пропаганде уже сейчас создать такие условия, при которых нахождение по месту их работы, учёбы или предпринимательской деятельности на территории Республики Беларусь было бы невозможным”. Вось такія яскравыя словы, бо астатняе ў гэтым так званым дакумэнце цалкам нагадвае тое, што было пры Сталіне. Таму ня буду іх агучваць. Вось такія новыя ўмовы”.

(Спадарыня: ) “Да беларускай радыёстанцыі Свабода я маю вялікія прэтэнзіі. Вы не перадаеце цалкам зьмест тэлефонных званкоў слухачоў Беларусі, якія вам тэлефануюць па самых гарачых фактах грамадзка-палітычнага жыцьця. Напрыклад, я інфармавала аб тэроры лукашэнкаўскага рэжыму 25 сакавіка. Таксама я выказала падзяку Андрыяну Сэвэрыну, які правільна ахарактарызаваў дыктатарскі рэжым у Беларусі. Лукашэнкаўская кліка выпусьціла чарговы паклёп на справядлівую крытыку яго антынароднай дзейнасьці, прычым сваю дзейнасьць Лукашэнка прыкрывае беларускім народам. І я выказала думку сваю і беларускага народу і менавіта падзяку міжнародным сілам, што яны правільна раскрываюць антынародную сутнасьць лукашэнкаўскага рэжыму. Вы гэтага не перадалі, тым самым не далі магчымасьці лукашэнкаўскім халуям і слухачам вашай радыёстанцыі пачуць сапраўдны голас народа! Такая радыёстанцыя беларусам непатрэбна!”

(Спадар: ) “Які ж вы там ш... сядзіце і вашыя карэспандэнты! Што вы ўсё гэтую Беларусь штурхаеце? Вы ж гляньце на Амэрыку, што яны зрабілі зь Іракам! Дзяцей, жонак, бабулек, дзядулек пазабівалі ракетамі. А вы пра Беларусь кажаце, што тут усё дрэнна! Дэмакратыі няма! У Буша вашага рукі ў крыві ўжо мусульманскай! І вам гэта адаб’ецца вельмі-вельмі дорага! Што яшчэ дадаць? Карацей, я падумаю, а потым яшчэ дадам!”

(Спадар: ) “Хачу адказаць на пытаньне, ці адчуваю я, што жыву ў саюзнай дзяржаве. Ня дай Бог адчуваць такое! Пакуль што адчуваецца нейкая падрыхтоўка да гэтага, цьвердзяць пра нейкае аб’яднаньне народаў. Такіх людзей трэба лічыць злачынцамі, прыцягваць да адказнасьці. З кім аб’ядноўвацца? З нашчадкамі марадзёра-вешальніка? Ці Аляксея Міхайлавіча, які зьнішчыў 50 адсоткаў насельніцтва Беларусі ў 17-м стагодзьдзі? Ня дай Бог! А бальшавікі, калі яны ў Расеі зьнішчылі 20-25% насельніцтва інтэлігенцыі, ва Ўкраіне каля 40, а ў Беларусі – 90! Нават народнага паэта Янку Купалу забілі ў Маскве! Так што ня дай Бог такога аб’яднаньня!”

(Спадар: ) “Добры дзень! Званю, каб падзяліцца набалелым. Тэлефаную з Маладэчна, нас тут з раёнам аб’ядноўваюць і, як заўсёды, не параіліся. Дык дзе ж гэта бачна, каб паліто да гузіка прышывалі!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG