Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле адмыслоўцаў, цяперашнія вайсковыя вучэньні маюць хутчэй палітычны характар


Алесь Дашчынскі, Менск Працягваюцца мерапрыемствы ў справе раптоўнага прывядзеньня беларускага войска ў найвышэйшую баявую гатовасьць. У праверцы вайсковай машыны задзейнічаны ўсе – ад мясцовых органаў улады да міністра абароны і ўрада. Вайсковыя часткі наведаў Аляксандар Лукашэнка.

Навошта разгортваецца ўвесь гэты спэктакль? Паводле інфармацыі міністэрства абароны, пачалася яго актыўная фаза. Пасьля прызыву каля 2 тысячаў рэзэрвістаў, баявая тэхніка 28-й базы захаваньня была падрыхтавана да маршу на палігон. На вучэньнях па вайсковым часе база разгортваецца ў мэханізаваную брыгаду і камплектуецца ў поўным штаце. Яна выйшла на Абуз-Лясноўскі агульнавайсковы палігон мэханізаваным маршам і прыступіла да баявога зладжваньня.

Раптоўна ў найвышэйшую баявую гатовасьць прыводзіцца таксама шэраг падразьдзяленьняў 302-й зэнітнай ракетнай брыгады і войскаў проціпаветранай абароны. Тут з запасу прызываецца 500 чалавек і 40 адзінак транспартных сродкаў. Яшчэ адно злучэньне раптоўна прыводзіцца да найвышэйшай баявой гатовасьці – 189 маставая брыгада з Горадні. Калёна зрабіла шматкілямэтровы марш ад Горадні ў раён Слоніма. На рацэ ўзьведзены мост у 90 мэтраў каля амаль разбуранага драўлянага моста. Тут, гэты мост дарэчы, бо мясцовыя жыхары змогуць ім карыстацца ва ўмовах паводкі.

Пакуль не паведамляецца, як доўга працягнецца гэтая раптоўная праверка і якія яшчэ сілы будуць задзейнічаны ў гэтым вайсковым спэктаклі. Але з кім зьбіраецца ваяваць афіцыйны Менск, ад каго ён чакае патэнцыйнай пагрозы? Кіраўнік прэсавай службы міністэрства абароны Вячаслаў Раменчык ня даў канкрэтнага адказу.

(Раменчык: ) “У нас адпаведна з вайсковай дактрынай няма ворагаў – ні патэнцыйных, ні рэальных. Ну, армія існуе не для таго, каб зь некім ваяваць. Армія існуе менавіта для таго, каб не ваяваць. Для таго, каб ваенная небясьпека не перарасла ў ваенную пагрозу і існуе войска”.

Паводле спадара Раменчыка, тэхніка беларускага войска ад 1970-1980-х гадоў, але яна боегатовая, і падчас мэханізаванага маршу не было ніводнай паломкі ці аварыі.

Улады заяўляюць, што раней падобныя вучэньні не праводзіліся на тэрыторыі Беларусі. Аднак, паводле некаторых вайскоўцаў у гэтай раптоўнай праверцы больш паказухі, чым справы, і часам праводзяцца мерапрыемствы, у якіх няма асаблівай патрэбы.

Тое, што такіх вучэньняў не было раней – гэта не зусім так. Аглядальнік у вайсковых пытаньнях Аляксандар Алесін асабіста прымаў удзел у падобных вучэньнях за савецкім часам. Падобна, што ў Беларусі неадпрацаваны перавод войска са скарочанага складу на штаты ваеннага часу, а гэта адзін з важнейшых элемэнтаў вайсковага мастацтва. Сур’ёзна забясьпечыць пастаноўку ўсёй тэхнікі у строй немагчыма, бо патрабуюцца вялікія матэрыяльныя рэсурсы. А ў Беларусі на тысячу жаўнераў тэхнікі больш, чым у іншых краінах Эўропы.

Паводле Аляксандра Алесіна, цяперашняе мерапрыемства з вайсковага пункту гледжаньня ўяўляецца дастаткова сумнеўным:

(Алесін: ) “Тое, што трэба было правесьці рэвізію ўсёй гэтай тэхнікі, паглядзець па гадах выпуску, па стане гатовасьці , што неабходна далей захоўваць, а што сьпісаць ці рэалізаваць ды выкарыстаць для камплектацыі іншых машын, гэта правільна. Але навошта разгортваць вялікую колькасьць людзей? Рэвізію баявой тэхнікі на захаваньні магла правесьці група ці некалькі групаў тэхнічных спэцыялістаў. Таму гэтае мерапрыемства хутчэй мае палітычны характар. Гэта неабходнасьць падтрымліваць такі мабілізацыйны дух у народзе, што дазваляе праводзіць свае палітычныя мэты перад будучымі выбарамі, нейкім чынам падтрымліваць такі стан “лягера ў аблозе”, што дазваляе ўладам значна лягчэй праводзіць сваю палітычную лінію”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG