Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Раней такіх, як я, называлі “кулацкімі недабіткамі”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Ці насьпелі ў Беларусі палітычныя зьмены? Ці здолее дэмакратычная апазыцыя вылучыць са свайго асяродзьдзя асобу, здольную аб’яднаць большую частку грамадзтва? Многія слухачы “Свабоды” ў сваіх лістах спрабуюць адказаць на гэтыя пытаньні.

Сёньняшнюю размову пачну зь ліста ад Яна Каляды зь вёскі Леапаўшчызна Вялейскага раёну.

“Наша апазыцыя нібы толькі сёньня прыехала ў Беларусь, а дагэтуль нічога ня ведала пра тое, што тут рабілася, як адбываліся выбары, — піша слухач. — Вось і зноў распачалі валтузьню вакол адзінага кандыдата ў прэзыдэнты. Ну, вылучаць — а хто пра гэта даведаецца? Народу таго кандыдата ўлада пакажа па тэлебачаньні ў лепшым выпадку адзін раз на працягу пяці хвілінаў за месяц да галасаваньня. А як толькі кандыдат будзе вылучаны, на яго штодня будуць выліваць цэбры бруду, будуць лаяць яго, як з ланцугоў пазрываныя… І гэта дасьць вынік. На маю думку, апазыцыя кідае зерне ў непадрыхтаваную глебу, на якой ужо расьце пустазельле. І як толькі кінутае зерне дасьць парастак, ён тут жа будзе задушаны атрутным пустазельлем.

Парадак у сваім доме беларускі народ навядзе толькі тады, калі будзе ведаць, хто ёсьць хто. Гэта добра разумее кіроўны рэжым, таму і трымае пад пільным кантролем усе сродкі масавай інфармацыі, не дае даведацца праўды. Выправіць становішча можна толькі з дапамогай тэлевяшчаньня з-за мяжы. Толькі тады мы зможам ведаць і бачыць усю праўду, у тым ліку і пра кандыдата ад дэмакратычнай апазыцыі”.

Такі праект незалежнага тэлеканалу, які вяшчаў бы на Беларусь з-за мяжы, існуе, спадар Каляда. Але, нават калі ён і зьявіцца, то будзе не такім даступным, як, напрыклад беларускае дзяржаўнае ці расейскае тэлебачаньне. Гэта, відавочна, можа быць спадарожнікавы канал, які нельга глядзець без адпаведнага абсталяваньня. А яно многім жыхарам Беларусі папросту недаступнае. Праблема, спадар Каляда, ня толькі ў тым, каб людзі маглі ведаць праўду, але найперш у тым, каб яны імкнуліся яе даведацца, каб гатовыя былі прыкласьці дзеля гэтага ўласныя намаганьні. Вось жа вы, нават жывучы ў невялікай вёсцы, добра арыентуецеся ў палітычных падзеях, інфармаваныя пра тое, чым займаецца апазыцыя, як яна вылучае адзінага кандыдата. Не зь дзяржаўнага ж тэлебачаньня вы пра гэта даведаліся.

Ліст ад Аляксандра Паўловіча з Горадні. Слухач піша:

“У канцы мінулага году ўкраінцы паказалі ўсім, што яны — нацыя. Цяпер вось кіргізы паўсталі супраць свайго дыктатара і перамаглі. А што ж мы, беларусы? Як заўсёды, будзем апошнімі? Ці, можа, назаўсёды так і застанемся згорбленымі? Балюча назіраць усе тыя зьдзекі, што ўжываюцца супраць апазыцыі. Страх пануе над усім народам. Вельмі хочацца дажыць да таго часу, калі наша дзяржава стане свабоднай, эўрапейскай і дэмакратычнай.

На жаль, з боку апазыцыі дапускаецца шмат памылак. Пакуль няма таго лідэра, які змог бы аддаць жыцьцё за шчасьце свайго народу. Часам успамінаю, як Лукашэнка прыйшоў да ўлады. Хто дапамог яму стаць прэзыдэнтам? Чыгір, Лявонаў, Фядута, Ганчар, Захаранка… Лёс іх цяпер усім вядомы. Здаецца ж, разумныя, адукаваныя людзі. Чаму ж не змаглі ўбачыць сутнасьці гэтага чалавека? Я сам, напрыклад, не палітык і вельмі далёкі ад уладных інтрыгаў. Але я адразу зразумеў, што за чалавек Лукашэнка — як толькі даведаўся, што яшчэ дэпутатам ён паехаў у Маскву ў Дзярждуму з прапановай аб аднаўленьні Саюзу”.

Думаю, спадар Паўловіч, усе пералічаныя вамі асобы, дапамагаючы Аляксандру Лукашэнку прыйсьці да ўлады, добра ведалі і пра яго палітычныя схільнасьці, і пра характар, і пра маральныя якасьці. Уласна кажучы, ён заўсёды адкрыта казаў, да чаго імкнецца, і быў даволі пасьлядоўны і ў сваёй палітыцы, і ва ўзаемадачыненьнях з тымі, хто быў зь ім побач. Іншая рэч, якія мэты ставілі перад сабой гэтыя людзі, калі далучаліся да ягонай каманды? Ці ад пачатку падзялялі яго погляды, а потым памянялі сваю пазыцыю? Ці першапачаткова далучыліся да яго дзеля асабістых кар’ерных мэтаў, а потым, калі ён прымусіў іх займацца ня тым, на што яны разьлічвалі — вымушаныя былі сысьці? Адказы на гэтыя пытаньні важна ведаць, асабліва калі мець на ўвазе, што многія сёньняшнія лідэры апазыцыі ў недалёкім мінулым таксама займалі высокія пасады, на якія іх прызначаў асабіста Аляксандар Лукашэнка.

Ліст ад Віктара Казлоўскага з хутару ля вёскі Любань Буда-Кашалёўскага раёну:

“Пішу вам толькі дзеля таго, каб хоць хто ў сьвеце ведаў, што недзе ў лесе жывуць і пакутуюць два жывыя чалавекі. Раней такіх, здаецца, называлі “перажыткамі мінулага” ці “кулацкімі недабіткамі”. І тады ставілася задача, каб такіх увогуле не існавала — толькі за тое, што не ўсьвядомілі і не падтрымалі калектывізацыі. Наша сям’я заплаціла за ўсё спаўна. Дзеда за тое, што не хацеў уступаць у калгас, асудзілі і выслалі на перавыхаваньне, адкуль ён ужо не вярнуўся. Гаспадарку абклалі непасільным падаткам і забіралі ўсё падчыстую. З часам, праўда, перавыхаваўчая работа аслабла, але падаткі бралі спраўна — аж да 1981 году. Цяпер ад некалі вялікай сям’і засталіся двое: маці 1932 году нараджэньня і я (мне 50 год). Маці, нягледзячы на свой пэнсійны ўзрост, ніякай пэнсіі не атрымлівае. А жывём мы ў лесе: да бліжэйшага паселішча — два кілямэтры”.

Хоць ваша маці, спадар Казлоўскі, і не працавала ў калгасе, невялікая сацыяльная пэнсія ёй павінна выплачвацца. Відавочна, чыноўнікаў гэта ня надта хвалюе, а таму вы сам мусіце патурбавацца пра гэта — пахадзіць па кабінэтах мясцовых начальнікаў, зьезьдзіць у Буда-Кашалёва, у раённы аддзел сацыяльнай абароны… Дзяржаўную пэнсію (і не такую мізэрную, як ім прызначаюць цяпер) гэтыя людзі заслужылі ўжо хоць бы тым, што ў свой час па віне ўлады гадаваліся ў жабрацтве і голадзе, расьлі без бацькоў, якія былі беспадстаўна сасланыя і закатаваныя. А потым, як дзеці “ворагаў народу”, не маглі атрымаць ні нармальнай адукацыі, ні прыстойнай працы… І пасьля ўсяго гэтага ўлада, якая называе сябе народнай, у іх нават прабачэньня не папрасіла. А многім, як вось гэтай 73-гадовай жанчыне з буда-кашалёўскага хутару, нават пэнсію ня плаціць, якую павінна была налічыць.

На заканчэньне ліст ад нашага даўняга сябра, былога партызана і настаўніка, які ўпершыню за многія гады папрасіў не называць у эфіры яго сапраўднага імя. Патлумачыў так: “У адным з выдавецтваў, дзе працуе сын, да яго сталі чапляцца: “Навошта твой бацька так піша?” Дык называйце мяне цяпер Максімам Бярэзінскім”. Яшчэ адна сумная ілюстрацыя да сёньняшняй беларускай рэчаіснасьці — нават тыя людзі, якія ніколі не баяліся і не баяцца пісаць тое, што думаюць, сёньня вымушаныя непакоіцца і азірацца. У сваім лісьце Максім Бярэзінскі згадвае, якія абяцаньні даваў Аляксандар Лукашэнка адзінаццаць год таму — і пра зьніжэньне цэнаў, і пра кампэнсацыю абясцэненых укладаў, і пра свабоду мэдыяў, і пра міжнародны аўтарытэт Беларусі… І ў сувязі з гэтым зьвяртаецца да прэзыдэнта з наступнай просьбай, якая на маю думку, больш падобная на рытарычнае пытаньне:

“Аляксандар Рыгоравіч, спусьціцеся са сваёй вышыні на родную зямлю, паглядзіце, як вы ўсё абяцанае выканалі. І сумленна адкажыце сабе і нам праз тэлевізар: ці будзеце зноў падаваць сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах? Ці, можа, усё ж хопіць гэтых дванаццаці гадоў, за якія стаміліся і вы, і мы?”

Ёсьць у пісьме Максіма Бярэзінскага зь Менску яшчэ адзін фрагмэнт, які я мушу прачытаць:

“У мяне цяпер вялікая радасьць. Пасьля доўгага маўчаньня “Свабоды” на хвалях маёй “Сьпідолы” вось ужо два дні я зь вялікім задавальненьнем зноў маю магчымасьць вас чуць. Вы і “Народная воля” для мяне — як веснавое паветра, настоенае на пахах маіх родных бягомльскіх лясоў. Лёс нашай Сьвятой Пакутніцы Беларусі паяднаў мяне з вамі навечна. Я ўжо папрасіў сыноў: як буду адыходзіць, каб вы, Валянцін, былі ў ліку блізкіх мне людзей і праводзілі мяне ў апошнюю дарогу пад гукі “Разьвітаньня з Радзімай”. Нічога ня зробіш: пані Старасьць актыўна мяне цісьне”.

Дзякуй вам за гэтыя сардэчныя словы, спадар Бярэзінскі. Паверце, яны для нас вельмі многае значаць. І жывіце абавязкова доўга: мы яшчэ павінны разам з вамі дачакацца лепшага, шчасьлівага для Беларусі часу.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Анастас Семяновіч з Бараўлянаў Менскага раёну, Мікола Віцязь зь Белаазёрску, Уладзіслаў Міцкевіч з Браслава, Сяргей Вольскі і Разалія Рубінчык зь Менску, Мікалай Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну і Мікола Канаховіч з Пружанаў. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG