Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыс Кіт – на беларускай Свабодзе


RFE/RL Напярэдадні сьвяткаваньня свайго 95-годзьдзя, выдатны навуковец Барыс Кіт, які цяпер жыве ў Франкфурце-на-Майне, узяў ўдзел у онлайнавай канфэрэнцыі на вэбсайце беларускай “Свабоды”. Прапануем вашай увазе поўны тэкст канфэрэнцыі.

[ 30/03/2005 22:18 ] Pavazhany spadar Barys, ci czasta vy byvajecie u Bielarusi? Kali byli aposzni raz? Jakija najbolsz pazityunyja i niehatyunyja zjavy vy nazirajecie za aposznija 15 hadou na Radzimie? Dzmitry, Warszawa

1. Апошні раз я быў у Беларусі ў 1994 годзе. Гэта быў добры візыт. Разам зь беларускай навуковай элітай, прафэсарамі, мы заснавалі міжнародную акадэмію навук Эўразіі. 2. Я лічу, што за апошнія 15 гадоў, сёньняшнія ўлады адагналі Беларусь на сто гадоў назад у эканамічным, нацыянальным і палітычным сэнсах.

[ 31/03/2005 00:11 ] Sahnouny panie Barysie! Vinshuju Vas z nadyhodziachym dniom narodzinau i zychu usiaho najlepshaha. Hachu Vas spytac`: jaki peryjad Vashaha zhyc`cia Vy lichycie najbol`sh vynikovym i chamu? Ci spadziaecesia Vy na revalucyjnyja z`meny u Belarusi? Dziakuj, z pavahaj Dz`mitry Vincheuski

1. Я лічу, што найбольш выніковы і шчасьлівы пэрыяд майго жыцьця быў у Злучаных Штатах Амэрыкі, дзе ў мяне была магчымасьць весьці вельмі цікавае жыцьцё і працу, рабіць дасьледаваньні ў галіне астранаўтыкі. 2. Цяжка спадзявацца на рэвалюцыйныя падзеі ў Беларусі сёньня, бо беларускі народ вельмі мала нацыянальна сьвядомы і вельмі пасіўны, як паказвае гісторыя і сёньняшнія падзеі. Хаця можа беларускі народ усё ж падымецца і возьме прыклад зь іншых народаў і з тых падзеяў, якія адбываюцца сёньня ва Ўкраіне, Грузіі й Кіргізстане.

[ 31/03/2005 00:22 ] Паважаны спадар Барыс! Вы маеце такі вялікі і цікавы жыццёвы вопыт! Доўгіх Вам гадоў жыцця і здароўя! Вы – наш праменьчык света пры пахмурным надвор''і над нашай Радзімай! Ці ёсць у беларусаў шанцы жыць пры прабеларускім урадзе? Альбо, як паказвае гісторыя найноўшага часу, гэта падзея будзе кароткай і выпадковай з''явай? Дзякуй за адказ! З вялікай павагай – Раман з Салігорску.

Толькі тады хіба, калі цяперашні беларускі ўрад зьменіць сваю палітыку. Калі ня зьменіць, то беларускі народ ня мае ніякіх шанцаў на сапраўднае разьвіцьцё. Далей будзе цяжэй, бо кожны год робіцца больш шкоды што да дэнацыяналізацыі сьвядомасьці грамадзтва.

[ 01/04/2005 11:07 ] Шаноўны спадар Барыс, як Вам удалося дасягнуць вялікага посьпеху ў жыцьці, што дапамагала Вам пераадольваць цяжкасьці, разьвітаньне з Радзімай? Дзякуй. Алесь Загорыцкі

Я проста меў вялікае шчасьце пасьля Другой сусьветнай вайны трапіць у ЗША, і менавіта ў той час Амэрыка перажывала вялікі ўздым у дасьледаваньні космасу, і я трапіў у ракетныя фірмы і працаваў разам зь першапраходцамі амэрыканскай астранаўтыкі.

[ 01/04/2005 15:24 ] Раскажыце пра NASA. Ці рабілі вы нешта сакрэтнае? Ці былі яшчэ там беларусы? Дзякуй вялікі загадзя! Алесь.

Безумоўна, мне прыходзілася працаваць сакрэтна ў NASA, але большасьць працаў NASA ня ёсьць сакрэтнай і зьяўляюцца даступнымі для ўсіх фірмаў і для іншых краінаў сьвету. Калі я там працаваў, я быў адзіным беларусам там. Але цяпер там шмат маладых беларусаў. Гэта дзеці ці нават унукі тых, хто калісьці пакінуў Беларусь. Нашыя беларускія імігранты першай хвалі цяжка працавалі, але добра вучылі сваіх дзяцей.

[ 01/04/2005 23:14 ] Добры дзень паважаны Барыс Кiт. Які самы вядомы навукоўца у Беларусі? Сцяпан

У Беларусі ёсьць шмат выдатных навукоўцаў, якія працуюць у Акадэміі навук, якія выкладаюць у БДУ і іншых унівэрсытэтах. Беларусы наагул вызначаюцца вялікай здольнасьцю і жаданьнем працаваць у навуковых галінах. Магу вызначыць Лявона Барысаглебскага, вялікага фізыка, які шмат зрабіў для разьвіцьця ядзернай фізыкі. Я яго добра знаю, бо ён быў маім калегам у Наваградзкай гімназіі. Як я быў дырэктарам у гімназіі, дык ён быў у мяне ў гімназіі адным з самых выдатных настаўнікаў. Ён скончыў факультэт фізыкі ў Віленскім унівэрсытэце, а я – факультэт матэматыкі.

[ 03/04/2005 00:43 ] Прывітаньне! Шаноўны спадар Барыс! На колькі мне вядома пэўная частка Вашага жыцьця зьвязана з Глыбокім. Я чытаў, што пад нямецкай акупацыяй вы знаходзіліся тут у вязьніцы, чакаючы прысуду. Ці не маглі б Вы больш дакладна лякалізаваць гэтае месца. Што гэта быў за будынак, альбо месца? Мне цікава гэта як краязнаўцу і журналісту. Віншую вас з Днём нараджэньня! З пашанай, Уладзімір Скрабатун, выдавец газэты "Вольнае Глыбокае"

Гэта было маё падарожжа з Паставаў, дзе я быў дырэктарам настаўніцкай сэмінарыі, і я ехаў у Маладэчна, каб заняць пасаду дырэктара Адміністрацыйна-гандлёвага інстытуту. Калі я зьмяняў цягнік у Крулеўшчыне, нямецкая жандармэрыя мяне западозрыла. Яны правяралі ўсіх у цягніку, але ў мяне знайшлі шмат дакумэнтаў, і гэта яшчэ больш выклікала падазрэньні, што я маю сувязь з партызанамі. Мяне паслалі ў Глыбокае. Я правёў там 30 дзён. Гэта была не зусім турма, а проста адзін з падвалаў. Які гэта быў дом, я не памятаю. Гэта былі 30 дзён у страшэнных умовах. Кожны дзень прыганялі новых людзей, падазраваных у сувязях з партызанамі. Кожны дзень расстрэльвалі каля 25 чалавек. Нас было 30, заставалася 5. І кожную ноч расстрэльвалі. І кожны дзень наганялі новых 25, каб выканаць гэтую "норму" 30 чалавек у камэры. Кожны дзень расстрэлы. Пасьля 30 дзён жандармэрыі ў Глыбокім усё ж такі не расстралялі мяне, але выслалі ў Вілейку, у галоўную штаб-кватэру СД гестапа. А там я быў толькі некалькі дзён, бо ў Вілейцы ў той час упаўнаважаны, памочнік нямецкага адміністратара, быў беларус, які тлумачыў немцам справы і акалічнасьці. Ім быў Кастусь Касяк, мой былы вучань. Ён як пачуў, што я ў турме, пайшоў да ўладаў і дамогся, каб мяне вызвалілі.

[ 03/04/2005 05:14 ] Pavazhany Dr. Kit, Kali laska nahadajce dlia nas chasy vashaj pracy u ITT. Ci sapraudy heta vy vypracavali matematychnyia vysnovy pershaha u svece Broadband Communication mademu dlia padtrymki amerykanskaj misii na Mesiac u chasy svaioj pracy u ITT? Belaruskiia navukoucy i inzhynery na emihracyi hanaracca vami. Daj vam Bozha zdarouia pabachyc'' Belarus vol''naj. 100 lat! Ales'' Artsyukhovich, Ph. D. Dana Point, CA

Я спачатку працаваў у Каліфорніі, у цэнтральнай ракетнай фірме, якая называецца Rockwell, а раней называлася North American Aviation. Вось гэтую фірму можна лічыць асноўнай ракетнай фірмай у Амэрыцы, якая зрабіла першыя касьмічныя дасьледаваньні. Яна была галоўнай аэракасьмічнай кампаніяй, у якой рабіўся праект Apollo, падарожжа на Месяц, і сёньняшнія праграма "Шатл". Пасьля гэтай працы я быў выкліканы ў Вашынгтон, у касьмічны аддзел міністэрства абароны ЗША, яны акурат праводзілі расьсьледаваньне таго, як так сталася магчымым, што СССР выпусьціў "Спутник". Ім патрэбныя былі экспэрты, якія ведалі ракетную справу і адначасна ведалі расейскую мову. Я працаваў у міністэрстве, сустракаўся з прадстаўнікамі СССР. Мне прыйшлося самому праводзіць першыя канфэрэнцыі паміж ЗША і СССР, у 1960 годзе ў гатэлі "Шэратон" у Вашынгтоне была адна зь першых сустрэчаў. Гэта былі толькі пачаткі. Пазьней супрацоўніцтва было штораз большае. Пазьней зьявіўся супольны праект "Apollo-Союз". І гэтае супрацоўніцтва працягваецца да сёньня. І сёньняшняя міжнародная касьмічная станцыя IIS, напрыклад, вынік таго супрацоўніцтва: там зараз на арбіце працуюць амэрыканец і расеец.

[ 03/04/2005 14:58 ] Cп Кіт, якія тры рэчы вы заднім чыслом зрабілі бы іначай у сваім жыцьці? Алег Піскун

Вельмі цяжкае пытаньне. Дзякаваць Богу, усё што зрабіў у сваім жыцьці, выйшла добра. Я – шчасьлівы чалавек. Лічу, што ўсё добра ўдалася, нягледзячы на цяжкасьці. І нават калі я быў блізкі да сьмерці, Усявышні даў мне выжыць, і вось цяпер сьвяткую сваё 95-годзьдзе.

[ 03/04/2005 14:59 ] Прабачце за прыватнае пытаньне, але буду ўдзячная, калі вы адкажыце – ці вернік вы? І – чаму? Марыя

Я веру ў Бога, але не практыкую рэлігію. Часам хаджу ў царкву, ня кожную нядзелю, але верую ў Бога і дзякую, што даў мне доўгае і шчасьлівае жыцьцё. Я стараўся ніколі не рабіць нікому зла, заўсёды меў чыстае сумленьне, нікому не рабіў шкоду, і можа таму мне Бог даваў і дае шчасьце.

[ 03/04/2005 15:00 ] Ці цікава жыць у такім узросьце? Як вы ставіцеся да добраахвотнага зыходу з жыцьця? Барыс

Я, дзякуючы Богу і лёсу, меў даволі здаровае жыцьцё, ня меў ніякіх сур''ёзных хваробаў. І нават у сваім узросьце хаджу, пачуваюся добра. Я сабе кажу, што гэта звычайна і нармальна, і жыву далей.

[ 03/04/2005 15:02 ] Сп. Барыс! Вы шмат дзе былі, пабачылі,сустракаліся. Чым, па вашаму, беларусы адрозьніваюцца ад іншых народаў? Мікола Панасюк

Я думаю, што беларускі народ – народ вельмі добры. Ён сярод іншых народаў адрозьніваецца тым, што няма такой фанатычнасьці і заядласьці, той, якую мы адчувалі падчас вайны (гаворачы пра нашых суседзяў). І нават у сваім творы Салжаніцын "200 гадоў разам" (пра габрэяў) адзначыў, што беларускі народ хіба адзіны народ, які не падтрымаў немцаў у іхнай жорсткасьці ў адносінах да габрэяў. І ў дакумэнтах часоў вайны зь Менску ў Бэрлін можна знаходзіць дадзеныя, што немцы зазначалі: антысэмітызм у Беларусі ня мае вялікага распаўсюджаньня. Гэта адрозьнівае беларусаў ад іншых суседзяў. І калі я гавару зь знаёмымі габрэямі, усе мне кажуць, гэта зусім іншы народ, добры і сьветлы народ.

[ 03/04/2005 15:03 ] Дзядзька Кіт, чаму ў нашай сухапутнай Беларусі ў вас такое марское прозьвішча? Адэля

Маё праўдзівае прозьвішча – Кіта. Так усе мае крэўныя называюцца – Кіта. Але я нарадзіўся ў Пецярбурзе, і там сьвятар у Смольным манастыры, які пісаў мэтрыку, напісаў памылкова Китъ. А потым расейцы рабілі моўную рэформу, цьвёрды знак выкінулі, і я стаў Кіт. І гэта адзіная прычына. Я гэтага не заўважыў добра тады. І калі жыў у Заходняй Беларусі, пісаў паўсюль у дакумэнтах Кіта. А мне потым сказалі, вы ж зрабілі страшную рэч, у вас два прозьвішчы, вы павінны пісаць як у мэтрыцы, інакш будуць вялікія праблемы. Дык пачаў пісаць у дакумэнтах Кіт.

[ 03/04/2005 15:06 ] Віншую вас з 95 годдзем! Якія сакраты вашага добрага веку, раскажыце, калі ласка. І якое месца ў вашым жыцьці займалі жанчыны? Ці праўда, што ў вас было больш за 100 каханак, і нават цяпер вы яшчэ цікавіцеся супрацьлеглым полам? З зайздрасьцю і павагай Мікіта Серафімовіч

(сьмяецца). Кожны нармальны мужчына цікавіцца жанчынамі. Такая прырода. Я жыў у той час, калі сьвет быў вельмі сьціплы. Я жыў у Заходняй Беларусі, жылі цяжка і бедна. Не было часа думаць пра кажаньне, трэба было працаваць, дапамагаць сям''і. Гэта ня праўда, што ў мяне было 100 каханак. Нашае грамадзтва было больш сьціплае. Мы глядзелі на каханьне больш рамантычна, ня тое, як цяпер.

[ 03/04/2005 15:09 ] Самыя гарачыя віншаваньні герою-даўгажыхару нашай Бацькаўшчыны! Жыве Барыс Кіт – беларускі настаўнік! Скажыце, калі ласка, як вы ўяўляеце будучыню Беларусі праз дзесяць год? Што – і як – параіце вывучаць сёньняшнім студэнтам? Яніна Малец

Што тычыць Беларусі, то цяжка сказаць. Усё залежыць ад беларускага народу, як ён будзе захоўвацца пры цяперашнім рэжыме і як будзе далей разьвівацца ў нацыянальнай сьвядомасьці. Што датычыць студэнтаў, то вучыць мусяць беларускую гісторыю, беларускую літаратуру, усё, што павышае нацыянальную сьвядомасьць народу.

[ 04/04/2005 09:31 ] Барыс Уладзіміравіч! Сардэчна віншую з днём нараджэньня! Вельмі рады, што давялося з Вамі пазнаёміцца і нават папрацаваць. Памятаю, як у першай палове 90-х гадоў разам з Вамі і паслом П.Садоўскім я садзейнічаў перадачы Беларусі беларускага музэя ў нямецкім горадзе Ляймэн. Паколькі я, на жаль, не змог працягваць маю працу, то не ведаю, які лёс гэтага музэя. Памятаю, што яго заснавальнік прасіў перадаць усё Радзіме пры ўмове, што над ёй залунае бел-чырвона-белы сьцяг... З павагай, Віктар Чайчыц, саветнік пасольства Беларусі ў Германіі (1992-95)

Беларускі музэй у Ляймане, які ствараўся спадаром Попкам, пасьля яго сьмерці быў перанесены ў агульны музэй у Ляймане, як частка таго нямецкага музэю. З таго часу я туды перастаў туды езьдзіць, і ня ведаю дакладна, што зь ім сталася. І вялікае прывітаньне спадару Чайчыцу і спадару Садоўскаму, якія вельмі добра мною апекаваліся.

[ 04/04/2005 12:21 ] Дзядзька Кіт, прыміце гарачыя віншаваньні са слаўнай датай! Жыве Беларус! Сям''я Віньнікавых

Дзякуй.

[ 04/04/2005 12:45 ] Spadar Kit, jakaja vasha dumka pra buduchyniu rasejaskuju movy u Belarusi – usio zh bolshaja chastka navukovyh vedau, jurydychnaj i kulturnaj infarmacyji, internet i h.d. pryhodzic'' u Belarus praz ruskuju movu. Ci varta namahacca dubliavac'' heta? Jaki najbolsh racyjanalny shliah, hledziachy z Zahadu? Ihar Kalamijec

Я лічу, што варта дубляваць дзеля таго, каб беларуская мова не загінула. Яна ёсьць адна з найпрыгажэйшых моваў славянскіх. Мова, як лічыцца, гэта душа народу. Яна дае жыцьцёвасьць народу. У роднай мове лягчэй вучыць усе навукі, чым праз іншыя замежныя мовы. Нашая мова існавала вякамі, але была загнаная ў кут, на ёй гаварыла толькі вёска. Потым камуністы, калгасы таксама пашкодзілі мове на вёсцы. Маё спадзяваньне цяпер – на інтэлектуальную эліту

[ 04/04/2005 14:12 ] Pavazhany spadar Barys, Maiu da vas dva pytanni 1. Padzialicesia, kali laska, sakretam douhaha zdarouja i aktyunaha tvorczaha nastroiu. 2. Jak vynachodniku i analityku jakoj vam baczycca Bielarus praz 10 hadou? Zyczenni Andrej

1. Гэта, безумоўна, і беларуская генэтыка, і спорт, і правільны лад жыцьця, і чыстае сумленьне, і сямейнае жыцьцё (спаткаў нядаўна спадарожніцу Тамару, якая лічу працягнула мне жыцьцё). Самае важнае з гэтага – чыстае сумленьне. Гэта дапамагае жыць. 2. Я ўжо адказваў вышэй.

[ 04/04/2005 14:37 ] Хачу задаць пытаньне вялікаму навукоўцу з сусьветным імем, нашаму ліцьвіну, па-цяперашняму – беларусу, Барысу Кіту. Першае. Ці згодны вы, што пачвара-камуніст Сталін і пачвара-фашыст Гітлер разам разьвязалі 2-ю сусьветную вайну? Другое: хачу пачуць праўду, што адбывалася ў нашай краіне Беларусь, калі яе акупаваў камуніст Сталін, а потым і фашыст Гітлер. Рускія, украінцы, літоўцы, латышы, эстонцы свабодна расказваюць пра тое, што адбывалася ў краінах, а вось нашы беларусы чамусьці ўвесь час баяцца. Нават на Радыё Свабода гэтая тэма нейкае табу. Гэта ж наша гісторыя, і я хачу ведаць усё. Саскевіч Мікола

Беларусы, беларускія дзеячы і патрыёты, якія хочуць працаваць дзеля беларускага народу, яны былі пры ўсіх акупацыях, пры польскай, расейскай, савецкай, нямецкай... Заўсёды былі тыя, хто ахвярна працаваў для беларускага народу. Вельмі шмат наракалася з савецкага боку, што Астроўскі і ўсе яго супрацоўнікі былі нямецкія калябаранты, якія працавалі на немцаў. Я іх амаль усіх ведаю. Яны працавалі на Беларусь, на беларускі народ, выкарыстоўвалі ўсе магчымасьці дапамагаць беларускаму народу. Я проста лічу, што гэтыя людзі, што часам гінулі ад варожых куляў, падчас акупацыяў (ня толькі нямецкай!) іх можна лічыць героямі.

[ 04/04/2005 14:37 ] Яшчэ я чуў, што Вы ведалі нашага прэзыдэнта Радаслава Астроўскага. Я хачу ведаць, які ён быў чалавек, што ён думаў пра гэтую жахлівую вайну і якую Беларусь ён жадаў бачыць. І што Вы думаеце аб каварным кэгэбэшным рэжыме, які ўтварыўся цяпер у Расеі і які кантралюе наш дыктатарскі рэжым на Беларусі. Саскевіч Мікола

Тут два пытаньні. Па-першае, я знаў асабіста Астроўскага як дырэктара віленскай гімназіі. Ён быў дырэктарам, а я быў настаўнікам. Ён – вялікі патрыёт, які шмат зрабіў дзеля беларускай справы. Ён у час акупацыі стаў прэзыдэнтам БЦР. У самыя цяжкія часы яго зрабілі прэзыдэнтам. Ён быў вялікім арганізатарам, разумным чалавекам, першаклясным прамоўцам. Ён захапляў нас сваімі прамовамі яшчэ ў Віленскай гімназіі. Ён браў удзел у Слуцкім паўстаньні. Ён закладаў потым Слуцкую гімназіі. Калі ўзяць усё разам, ён шмат зрабіў для Беларусі і беларускага народу.

Гэты КГБ, гэта найгоршая частка савецкага рэжыму, гэта антычалавечы інстытут. Рэшткі КГБ засталіся ў Расеі і цяпер, і яны лічыць, што рабілі слушную справу, сваю справу працягваюць далей. І яны не даюць выйсьці на шчасьлівае жыцьцё ані народам Расеі, ані народу Беларусі.

[ 04/04/2005 14:37 ] І яшчэ я лічу, што прэзыдэнтам нашай краіны павінен стаць Зянон Станіслававіч Пазьняк, і што толькі ён павінен быць адзіным кандыдатам ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах. Як Вы да гэтага ставіцеся? І якая Ваша ацэнка таго, што адбываецца на Беларусі? І як Вы ставіцеся да ЗША, якая гэта краіна з вашага пункту гледжаньня? Саскевіч Мікола

1. Спадар Пазьняк, безумоўна, адзін з найбольш выдатных кандыдатаў на прэзыдэнты. Я б за яго стаяў заўсёды. 2. Я ўжо 50 гадоў – грамадзянін ЗША. І я ганаруся, што я грамадзянін вялікай магутнай дзяржавы, якая найбольш дабра зрабіла для ўсяго чалавецтва. Я лічу гэта вельмі добра, што я ў свой час выбраў ЗША для іміграцыі. Я змог працаваць у галіне астранаўтыкі. Я вельмі задаволены тым, што мне ўдалося зрабіць у Амэрыцы. Я шчасьлівы, што мая сям''я там жыве. Усе выжылі, і жывуць добра. Жадаю сваёй другой радзіме, Амэрыцы, посьпехаў.

[ 04/04/2005 14:39 ] Ці пісалі вы мэмуары? А.Б.

Не. Я асабіста не пісаў. Васіль Быкаў запісаў 12 маіх аповедаў, калі мы разам спатыкаліся ў Франкфурце. Ён зацікавіўся маімі гісторыямі і запісаў іх. Яны былі надрукаваныя ў часапісе "Полымя" ў 2001 годзе. Гэта мае ўспаміны, але кожны аповед праходзіць праз прызму самога Быкава.

[ 04/04/2005 14:48 ] Спадар Кіт, Актуальнае пытаньне шмат для каго з беларускай моладзі: што бы вы параілі маладым беларусам – заставацца ў Беларусі, ці шукаць шчасьця за мяжой? Чаму? Дзе чэрпаць аптымізм тым, хто жыве ў Беларусі? Дзякуй, Яраслаў

Адно і другое – добра. Як хто хоча, як хто можа. Але, безумоўна, страшэнна важна, каб беларуская моладзь была на Бацькаўшчыне, рабіла беларускую справу. А галоўнае, каб вучылася.

[ 04/04/2005 14:49 ] Спадар Барыс! Ці Вы бачылі калі-небудзь рыбу-кіт жыўцом, якія эмоцыі выклікае гэтая рыба ў Вас? Дзякую, Агата

Вялікіх кітоў я не бачыў. Але жыўцом бачыў малых кітоў у рэзэрвуары ў Каліфорніі ў Сан-Дыёга, у такіх вялікіх акварыюмах. Яны былі дрэсіраваныя, іх нават навучылі матэматыцы. Напрыклад, падчас шоў дрэсіроўшчык пытаўся "колькі будзе 1+1", і кіт двойчы махаў хвастом.

[ 04/04/2005 15:09 ] Шаноўны спадар Барыс Кіт! Віншую Вас з юбілеем! Вядома, што ў час вайны Вы нейкі час працавалі ў Паставах. Што Вам помніцца з таго часу? Пастаўчанін Іосіф Навумчык.

Я быў дырэктарам Пастаўскай настаўніцкай сэмінарыі і ганаруся гэтым. Я быў захоплены ўсімі людзьмі, якія там жывуць, тым, як маладыя прагнуць навукі, тым, як старэйшыя дапамагалі, чым маглі. Я заўсёды ўспамінаю добра Пастаўскую сэмінарыю, дзе я меў шчасьце спаткацца зь цікавымі людзьмі, беларускай элітай. Тады бургамістрам быў Дасюкевіч, ён вельмі дапамог нам, але, на жаль, згінуў ад нямецкай рукі. А самае галоўнае, ён быў раней маім любімым вучнем у Віленскай беларускай гімназіі, якую Быкаў назваў калыскай беларускага адраджэньня.

[ 04/04/2005 15:24 ] A sto znacyc i znacyla dla vas kachannie?

Тое, што значыць для ўсіх людзей. Цудоўная частка жыцьця.

[ 04/04/2005 15:52 ] Паважаны спадар Барыс! Дзякую Вам за вашу разнастайную дзейнасьць на карысьць Беларусі і Сьвету! Хацелася б пачуць адказ на наступнае пытаньне: Які ўплыў мела і мае дзейнасьць прадстаўнікоў беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў пасьляваенны час? Міхась

Быў беларускі дзеяч Сенька, які жыў у Нямеччыне. Ён выдаваў беларускі часопіс. Быў спадар Попка, які заклаў беларускі музэй, у 1960-х гадох. А потым беларуская дзейнасьць найбольш праяўлялася праз нашу амбасаду. Калі сталіцай быў Бон, то наша першая беларуская амбасада ў Боне адкрылася ў 1990-х. Першым амбасадарам быў Пятро Садоўскі. Прыехаў таксама міністар Краўчанка, зрабіў цудоўную прамову. Яны шмат рабілі ў Нямеччыне ў пачатку 90-х.

[ 04/04/2005 16:36 ] Shanouny spadar Barys! Ci pavinen vuchony zaimacca palitykai, akhviaravac svaimi navukovymi praektami i adkrycciami ? I dziakui Vam, shto Vy zastalisia Belarusam. Dr.Valery Hrytsuk, Belarus

Не павінны навукоўцы займацца палітыкай. Але калі нехта здольны быць дэмакратычным палітыкам і ўмее рабіць прамовы, то няхай. Я сам палітыкай не займаўся. Але ясна, што забароны на палітычную дзейнасьць для навукоўцаў быць не павінна.

[ 04/04/2005 16:46 ] Паважаны пане Барысе! Вы – адна з сапраўдных зорак беларускае дыяспары, сапраўдны гонар беларускага народу. Добрага Вам здароўя і доўгіх гадоў! Мяне цікавіць сытуацыя ў беларускай дыяспары ЗША. Якія настроі сярод другога пакаленьня беларускае дыяспары? Наколькі дзеці эмігрантаў паваеннае хвалі ўсьведамляюць сябе беларусамі, наколькі моцная памяць аб беларускіх каранях сярод амэрыканцаў беларускага паходжаньня? Баўтрамей, Масква

Беларуская эміграцыя зрабіла вялікую справу ў ЗША. Яна была вельмі дзейная. У Нью-Ёрку, у Чыкага яны дзейнічалі актыўна, і ім належыць падзячыць за гэта. А дзеці – па-рознаму. Ёсьць сем''і, дзе дзеці асыміляваліся ў такой ступені, што робяць толькі свае амэрыканскія справы. Але ёсьць сем''і (напэўна, меншасьць), у якіх дзеці працягваюць беларускую справу далей.

[ 04/04/2005 16:50 ] Спадар Барыс! Па-першае– віншую і зычу пражыць яшчэ столькі ж. Як вы ставіцеся да таго, што многія пэрспэктыўныя маладыя людзі мараць паўтарыць Ваш крок, то бок эміграваць ў Эўропу ці Амэрыку? Што рабіць нам, тым Беларусам, перад якімі стаіць непазьбежны цень эміграцыі? Што Вы нам параіцё? Дзякуй. Рыгор

Калі ёсьць магчымасьць, напэўна, варта ехаць. Мы ж проста ўцякалі на Захад. А сёньняшняя моладзь можа не заўсёды мае магчымасьць выехаць. Наагул, заўсёды частка любога народу эмігруе за межы свайго краю. Заўсёды патрэбна, каб былі такія людзі, свая дыяспара, якая перадае веды і частку заходняй культуры свайму народу.

[ 04/04/2005 16:50 ] Паважаны Спадар Кіт, Вельмі удзячны Вам, што не забываецеся пра Беларусь. Адкажыце, калі ласка, ці папулярная беларушчына у Вашых амэрыканскіх сваякоў і калегаў. Дзякую. Яўген Л.

Вельмі папулярная. Заўсёды. І ўсе беларускія эмігранты, якіх я ведаю, у сэрцы носяць Беларусь і стараюцца дапамагчы, чым толькі могуць.

[ 04/04/2005 17:03 ] Прывітаньне! Віншую вас з 95-годзьдзем! Моцнага здароўя Вам, і каб даў Вам Бог яшчэ столькі ж часу, каб Вы заставаліся арыенцірам для маладых беларускіх навукоўцаў! Але ў працяг пытаньня аб жанчынах у Вашым жыцьці й ваш адказ "ня тое, як цяпер", хацелася б даведацца ці зьбіраецеся калі наведаць Вашую родную зямельку? І можа зьменіцца Вашае меркаваньне аб сучаснасьці, мо не ўсё гэдак кепска (Адкінем тутака законы Мэрфі пра тое што ўсё значна горай ;-) )? Віталь, Докшыцы

Зь вялікай прыемнасьцю паехаў бы ў Беларусь, але, па-першае, мне не падабаецца у цяперашняй Беларусі палітычная атмасфэра. Па-другое, ужо ня маю сілаў ехаць далёка, толькі трошкі хаджу каля свайго дому. Нават сваіх сваякоў у Амэрыцы не магу ўжо наведаць, бо трэба ляцець самалётам. Я ўжо ня маю вялікіх плянаў, што да падарожжаў.

[ 04/04/2005 17:39 ] Спадар Кiт, у чым Вы бачыце сэнс жыцьця?

Усе мы жывём дзеля нейкага сэнсу. Я думаю, найбольшы сэнс дае наша хрысьціянская рэлігія, жыць шчасьліва, без злых учынкаў да бліжняга, на карысьць чалавецтва, а не на шкоду.

[ 04/04/2005 17:40 ] Вітаю, шаноўнага спадара Барыса Кіта! Прыміце мае самыя шчырыя віншаваньні з нагоды надыходзячага дня народзінаў, а таксама пажаданьні яшчэ доўгіх шчасьлівых радасных год! Распавядзіце, калі ласка, пра свой самыя авантурныя (можа, у чымсьці вар''яцкі) ўчынак, на які Вас падштрухнула жанчына. Дзякуй! Алёна А.

Шчыра кажучы, цяжка адказаць. Нічога асаблівага не прыпамінаю. Вельмі шаную і паважаю жанчын. Некалькіх жанчынаў у сваім жыцьці любіў. Я сам нічога авантурнага не рабіў. Часам яны мне здраджвалі, і гэта прыносіла мне вялікі боль, але я ім дарую. Вельмі рады, што жанчыны, чым далей, тым больш высокія і важныя пасады займаюць у нашым грамадзтве, у нашым жыцьці.

[ 04/04/2005 17:54 ] Дзякуй за пытаньні. Мы заканчваем нашу онлайн-канфэрэнцыю. Вэб-рэдактар

Самыя найлепшыя пажаданьні ўсім! А таксама супрацоўнікам Радыё Свабода, якія робяць вялікую справу, і дзякуй, што далі мне магчымасьць праз інтэрнэт прамовіць "на ўвесь сьвет". Жадаю ўсім удзельнікам онлайн-канфэрэнцыі посьпехаў.
XS
SM
MD
LG