Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Садаводзтва стаецца ў Беларусі хутчэй хобі, чым прыбыткам


Сьвятлана Курс, Менск Настала гарачая пара для садаводаў і агароднікаў Беларусі. Наша менская карэспандэнтка высьвятляла, што людзі садзяць і сеюць на ўласных дзялках.

У прэсе даводзілася чытаць, што Беларусь – адна з самых аграрных краінаў у сьвеце, тут дзьве траціны насельніцтва займаецца расьлінаводзтвам для прыбытку. Апошнімі гадамі сытуацыя пачала зьмяняцца. І хаця ў выходныя прыгарадныя электравікі па-ранейшаму забітыя дачнікамі, іхны выгляд і інтарэсы зьмяніліся. Дачнікі лепей апранутыя, экіпіраваныя, і садаводзтва стаецца хутчэй хобі, чым прыбыткам.

Гэта датычыць і сялян: яны праяўляюць інтарэс да гатунковага насеньня і культуры садаводзтва. Скажу толькі, што колькасьць і наклад танных пэрыёдык па садаводзтву істотна вырасьлі менавіта апошнімі гадамі. Расьце каталёжнае распаўсюджваньне насеньня і саджанцаў, сетка прыватных і дзяржаўных гадавальнікаў і крамаў. Распавядаюць жыхары падменскіх дачных вёсак:

(Пакупнікі: ) “У нас гэта выпісваюць. І “Новафлёра”, і “Агранасенгародніна”, і ў цётак з часопісаў. А я навыпісвала і салатаў, і шпінатаў, і травы прыпраўнай, і кветак столькі. І шмат вясковых людзей гэтым займаюцца, адзін з адным дзеляцца”.

“Што саджаць невядома колькі гэтых агуркоў, а потым невядома дзе падзець гэтыя слоікі?”

“У бабулек ніколі не купляю, бо там вельмі дрэннае насеньне”.

“Астру купіла, надта ж астра летась добрая была!”

“Я адной астры купіла, і не ў бабак, бо ў іх адна трава”.

Некаторыя садаводы, аднак, наракаюць на якасьць пасадкавага матэрыялу. Гаворыць кветкаводка-прыватніца Мая Косьціна:

(Косьціна: ) “Купляю польскі пасадкавы матэрыял. Кепская ўзыходзіць, бывае, не адпавядае гатункам. Крамы напоўненыя чужой прадукцыяй. А нашы цяплічныя гаспадаркі развальваюцца”.

Культ садаводзтва разьвіваецца ў кожнай краіне, дзе людзі маюць вольны час і трохі вольных грошай. Гэта адно з самых дэмакратычных хобі. Кветкаводка і дызайнэрка Сьвятлана, стваральніца сайту клюбу кветкаводаў klumba.by. гаворыць:

(Сьвятлана Глазкова: ) “У Эўропе культ садаводзтва быў заўжды. Але апошнім часам Эўропу ахапіў нейкі бум. “Зялёная тэма” зьмяніла стаўленьне людзей і да сябе, і да эканомікі. У пост-індустрыяльнай краіне квітнее той, хто капіюе біялягічнае ўладкаваньне жыцьця. Той, хто не прытрымлівае інфармацыю, а перадае яе, не застывае ў абранай форме, а пастаянна зьмяняецца – як дрэва, кветкі, травы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG