Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе схаваная праўда пра трагедыі “айцоў” БССР?


Вячаслаў Кулік, Менск Набліжаюцца 70-я ўгодкі ад часу перасьледу і арышту сталінскім НКВД першых кіраўнікоў БССР. Паводле гісторыкаў, у навуковым асяродзьдзі краіны адбываецца адкат цікавасьці да трагічных лёсаў Чарвякова, Галадзеда, Ігнатоўскага, Жылуновіча і іншых нацыянал-камуністаў.

Гісторыку Ігару Кузьняцову ўдалося адшукаць тысячы прозьвішчаў беларусаў, закатаваных сталінскім НКВД. Дасьледнік пачаў друкаваць сьпісы ахвяраў “канвэеру сьмерці” ў спэцыяльных зборніках сэрыі “Беларускі Індэкс Рэпрэсаваных”. Паводле словаў аўтара, такія выданьні атрымліваюць дзяржаўнае фінансаваньне, і таму маюць вялікія наклады ў Польшчы, Літве, Латвіі і нават Расеі. У Беларусі першы том Індэкса выйшаў на прыватную ініцыятыву і накладам усяго ў 113 экзэмпляраў.

(Кузьняцоў: ) “У Томску, напрыклад, выйшла 6 тамоў Індэксу. У Санкт-Пецярбургу – 8. У Беларусі палітыка ўлады сёньня адназначная: “Не публікаваць, не напамінаць!” Палітыка замоўчваньня ідзе ад таго, што чым больш вымалёўваюцца рысы аўтарытарнага й таталітарнага рэжыму, тым менш павінна быць напамінаў, што адбывалася раней і да чаго гэта прывяло”.

А вось якія меркаваньні наконт памяці пра ахвяры сталінскага генацыду ў Беларусі выказваюць мінакі на вуліцах сталіцы:

(Юначка: ) “Я шмат чула пра гэтыя імёны й пра рэпрэсіі. Канечне, стаўлюся адмоўна, бо загінула шмат людзей: дзеячаў культуры, навукі, мастацтва. Загінулі ні за што. Проста таму, што яны імкнуліся разьвіваць беларускую дзяржаўнасьць, нашу беларускую культуру”.

(Юнак: ) “Рэпрэсіі былі адной зь самых жудасных праяваў таталітарнай дзяржавы. “Тройкі” й “пяцёркі” зьнішчылі вялікі інтэлектуальны фонд, які быў у Беларусі”.

(Спадарыня: ) “Ня дай Бог, гэтыя рэпрэсіі. Зь дзяцінства толькі й запомніла, што бацькі казалі: “Калі ня будзеш слухацца, то “чорны воран” забярэ!”. Усё жыцьцё ў страху, а хочацца быць вольнымі”.

(Спадар: ) “Вельмі шмат дзеячаў 1920-1930 гадоў той жа камуністычнай партыі былі за беларускі народ, за беларусізацыю, за культурнае аднаўленьне, за разьвіцьцё беларускіх школ. Гэта трэба ведаць маладому пакаленьню, каб разумець, што наша дзяржава страціла”.

Я прыйшоў на Вайсковыя могілкі, што на вуліцы Казлова ў Менску. Зьлева ад галоўнага ўваходу – пахаваньне Ўсевалада Ігнатоўскага. Надпіс на помніку: “Першы прэзыдэнт Беларускай акадэміі навук. Нарком асьветы БССР”. Як вядома, Ігнатоўскі застрэліўся 4 лютага 1931 году. Спачываюць на Вайсковых могілках Аляксандр Чарвякоў і Мікалай Галадзед – галоўныя кіраўнікі БССР да 1937 году. Паводле вэрсіі НКВД, абодва ў чэрвені 1937 года скончылі жыцьцё самагубствам.

Прашу захавальніцу пагоста Ірыну Знаткоўскую падзяліцца сваімі ўражаньнямі наконт догляду сваякоў за магіламі былых кіраўнікоў БССР.

(Знаткоўская: ) “Прыходзяць людзі, кветкі пакідаюць. Іншы раз бачу студэнтаў і школьнікаў. Людзі са старэйшага пакаленьня таксама не абмінаюць”.

Мікалай Галадзед узначальваў Савет Народных Камісараў БССР з 1927 году. Аляксандр Чарвякоў быў старшынём Цэнтральнага выканаўчага камітэту БССР. НКВД абвінавачвала абодвух кіраўнікоў у палітычнай сьлепаце й сяброўстве з “нацдэмамі”. Паводле словаў навуковага супрацоўніка Нацыянальнага архіву Беларусі Віталя Скалабана, у пэрыяд кароткай палітычнай адлігі да тайны сьмерці Чарвякова й Галадзеда спрабавалі “дакапацца” дасьледнікі і сваякі. Аднак, як кажа суразмоўца, праўда схаваная па сёньняшні дзень.

(Скалабан: ) “Гэта тое самае, як сьмерць Ясеніна, Маякоўскага, Янкі Купалы. Заўсёды, калі вось такая сьмерць незразумелая, то гісторыя будзе доўгая. Па-першае, дакумэнтаў будзе вельмі мала. А па-другое, гэтыя дакумэнты ўсё роўна ўсяго ня скажуць”.

Даказаць ці абвергнуць чуткі, што Чарвякова застрэлілі ў перапынку партыйнага зьезду, а Галадзеда забілі на допыце ў НКВД, спрабаваў у 1990-я гады Аляксандр Лукашук – будучы дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода.

(Лукашук: ) “Пасьля вывучэньня архіўных матэрыялаў, некаторых знаходак, гутарак са сваякамі і Галадзеда, і Чарвякова, я прыйшоў да высновы, што і Чарвякоў, і Галадзед скончылі жыцьцё самагубствам”.

Падрабязнасьці да аналітычнай працы Аляксандра Лукашука ўтрымліваюцца ў ягонай кнізе “За кіпучай чэкісцкай работай”. Дакумэнтальны твор ёсьць у бібліятэках Беларусі. Але дзеля большай цікавасьці паслухаем адказ аўтара на пытаньне, якую мэтодыку ён выкарыстоўваў, каб разблытаць павуціньне чутак.

(Лукашук: ) “Што да самагубства Галадзеда, то мяне больш за ўсё пераканалі так званыя ўскосныя дакумэнты НКВД. Ахоўнік, які адлучыўся, пакінуў яму адну хвіліну волі, якую Галадзед скарыстаў, каб выкінуцца з вакна, пазьней быў пакараны менавіта за гэта. Ён быў звольнены з ворганаў, патрапіў у турму. Яго пазбавілі нават пэнсіі. Вось такія ўскосныя сьведчаньні, апроч прамых рапартаў, звычайна не фальсыфікавалі. Гісторыкі і архівісты ведаюць, што ўскосныя дакумэнты даюць звычайна дакладную карціну”.

Аляксандр Лукашук меў доступ да архіваў КГБ у 1990-я гады, калі быў сябрам Камісіі расьсьледаваньня палітычных рэпрэсіяў Вярхоўнага Савета. 3 лютага 1993 году парлямэнт Беларусі аднавіў у правах Камуністычную партыю. Праз паўтара года прэзыдэнтам стаў Аляксандар Лукашэнка.

Паводле гісторыка Ігара Кузьняцова, краіна ўсё больш адмяжоўваецца ад гістарычнай праўды.

(Кузьняцоў: ) “Чаму ў Беларусі баяцца менавіта палітычных паралеляў? Каб не было згадак, што гэта прывяло да цяжкіх наступстваў. Ліквідаваны адмысловы аддзел у Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, які мэтанакіравана займаўся дасьледаваньнямі палітычных рэпрэсіяў. Затым паэтапна ўся праца была згорнутая. Большасьць ранейшых дасьледнікаў піша сёньня на любыя іншыя тэмы, толькі не пра палітычныя рэпрэсіі”.

Ігар Кузьняцоў гаворыць, што нават апошнія тамы гістарычнай хронікі “Памяць” выйшлі з друку без абавязковага раней сьпісу палітычных рэпрэсіяў у рэгіёнах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG