Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларуская газэта”: добры сябра БРСМ можа й ня быць добрым жаўнерам


Падрыхтаваў Міхал Стэльмак Агляд незалежнага друку

“Беларуская газэта” ў сёньняшнім нумары разважае над пэрспэктывамі беларускага войска. Выданьне інфармуе сваіх чытачоў пра дамоўленасьці паміж Міністэрствам абароны і Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі, паводле якіх аказваць дапамогу ў фармаваньні войска будзе гэтая праўрадавая моладзевая арганізацыя. Вайсковае начальства, як вынікае з публікацыі, мусіць крытычна паставіцца да такіх рэкамэндацыяў, паколькі добры сябра БРСМ можа й ня быць добрым жаўнерам. “Беларуская газэта” зьвяртае ўвагу на тое, што гэты падыход ня новы ва ўсясьветнай гісторыі. Фармаваньне вайсковых частак паводле прынцыпу сяброўства ў партыі альбо падпарадкаваных ёй арганізацыях упершыню было апрабавана ў колішнім СССР. Напрыклад, практыкаваліся камсамольскія наборы ў савецкае войска. Таксама і ў фашыстоўскай Нямеччыне некаторыя вайсковыя часткі фармаваліся зь сяброў “Гітлер-югенда”.

“Газэта Слонімская” паведамляе пра пляны закрыцьця на Слонімшчыне Глаўсэвіцкай сярэдняй школы. Так вырашыла упраўленьне адукацыі Слонімскага райвыканкаму, спасылаючыся на фінансавыя цяжкасьці. Для 28 вучняў Глаўсэвіцкай школы гэта апошні школьны сэзон у роднай вёсцы. 1 верасьня ім давядзецца вучыцца альбо ў Рахавіцкай школе, якая знаходзіцца ў 10 кілямэтрах, альбо ў Слонімскай школе, да якой 12 кілямэтраў. Як паведамляе газэта, спроба бацькоў гэтых вучняў захаваць Глаўсэвіцкую школу сутыкнулася з чэрствасьцю раённых чыноўнікаў. Выданьне надрукавала ліст бацькоў, у якім паведамляецца, што іхны калектыўны зварот да старшыні мясцовага райвыканкаму Мечыслава Касьцюка па дапамогу быў праігнараваны кіраўніком слонімскай “вэртыкалі”.

“Камэрцыйны кур’ер”, які выдаецца ў Бабруйску, знаёміць сваіх чытачоў са спартовай “зоркай” Андрэем Арлоўскім. Ён – бабруйчанін, які нядаўна першым сярод беларусаў стаў чэмпіёнам сьвету ў такім відзе спорту як “баі бяз правілаў”. У фінале Андрэй Арлоўскі выйграў у Лас-Вэгасе бой у амэрыканца Ціма Сільвіі, які дагэтуль двойчы абараняў свой тытул чэмпіёна сьвету. Спартовец з Бабруйску, які, дарэчы, зараз жыве і трэніруецца ў ЗША, а на радзіму наведваецца толькі ў госьці, у інтэрвію “Камэрцыйнаму кур’еру” паведаў пра сакрэты свайго посьпеху. У Амэрыцы, як вынікае з тлумачэньня чэмпіёна сьвету, 26-гадовы беларус стаў спартовай “зоркай” дзякуючы вялікай працы. У прыватнасьці, Андрэй раней за іншых прыходзіць тут на трэніроўкі і пазьней за іншых сыходзіць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG