Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачынаецца сэсія Палаты прадстаўнікоў


Алесь Дашчынскі, Менск 4 красавіка ў Менску пачынаецца вясновая сэсія Палаты прадстаўнікоў. У праект парадку дня ўключана больш за 40 пытаньняў, сярод якіх – законапраект аб карупцыі. Вядома, што дэпутаты мінулага скліканьня ўжо двойчы адхілялі яго ад разгляду. Якія шанцы ў гэтага законапраекта цяпер?

Законапраект аб карупцыі, як чакаецца, зноў будзе прадстаўляць намесьнік генпракурора Віктар Прус. Паводле спадара Пруса, карумпаваныя чыноўнікі часьцяком садзейнічаюць незаконнаму вывазу капіталаў зь Беларусі і сілкуюць ценявую эканоміку, аб’ёмы якой складаюць каля 3 мільярдаў даляраў.

Праект закону аб карупцыі ўсталёўвае дадатковыя абмежаваньні правоў дзяржаўных асобаў. Да прыкладу, ён забараняе чыноўнікам мець рахункі ў замежных банках. Ён таксама прадугледжвае дадатковыя абмежаваньні для членаў сям’і службовых асобаў. Яны, да прыкладу, ня маюць права атрымоўваць маёмасьць і паслугі за кошт юрыдычных і фізычных асобаў, якія знаходзяцца ў службовай ці іншай залежнасьці ад гэтага чыноўніка.

Паводле дэпутата мінулага скліканьня Ўладзімера Навасяда, дэпутаты раней адхілялі гэты законапраект, бо дакладна ведалі, на каго ён будзе накіраваны.

(Навасяд: ) “Канешне, галоўнае, на каго накіраваны гэты закон, гэта на прадстаўнікоў вэртыкалі, бо вэртыкаль на сёньняшні дзень – гэта такія баяры на кармленьні, якія валодаюць манапольным правам распараджацца дзяржаўнымі сродкамі ў сваіх уласных гарадах. Гэта такія міні-алігархі ў кожным горадзе”.

Паводле старшыні дэпутацкай камісіі па нацыянальнай бясьпецы Анатоля Белашэўскага, яго насьцярожвае неразуменьне некаторымі дэпутатамі важнасьці прыняцьця такога законапраекта. Улічваючы тое, што значная частка дэпутатаў перайшла ў гэтую палату зь мінулага скліканьня альбо абраная не без дапамогі мясцовых уладаў, зусім верагодна, што гэты законапраект зноў сустрэне заслон.

Раней асобныя дэпутаты выказваліся за стварэньне дэпутацкіх групаў у Палаце прадстаўнікоў. Дэпутат Срягей Гайдукевіч намерваецца стварыць дэпутацкую групу пад назовам “Новая Беларусь – адзінства”.

(Гайдукевіч: ) “Дэпутацкая група павінна быць створаная, я не ведаю, які яна будзе мець выгляд. Гэта будзе непартыйная група, натуральна. Я спадзяюся на гэта і буду рабіць усё магчымае, каб гэта адбылося”.

Дэпутат Сяргей Гайдукевіч, аднак, ня ўпэўнены, што зможа заявіць пра стварэньне такой групы пад час гэтай сэсіі Палаты прадстаўнікоў, бо неабходна яшчэ набраць пэўную колькасьць подпісаў. Але асноўныя мэты сваёй групы спадар Гайдукевіч бачыць у станаўленьні сапраўдных рынкавых адносінаў у Беларусі, а таксама ў іншым падыходзе да зьнешняй палітыкі.

Ці можна чакаць зьяўленьня ў Палаце прадстаўнікоў аформленых дэпутацкіх групаў з апазыцыйнымі поглядамі? Дэпутатка Вольга Абрамава лічыць, што гаварыць пакуль пра гэта складана.

(Абрамава: ) “Ёсьць некаторыя рэйтынгавыя галасаваньні, якія гавораць пра тое, што нязначная частка дэпутатаў не падтрымлівае некаторыя прапановы, якія зыходзяць ад урада, у тым ліку перш за ўсё ў пытаньнях эканамічных, а ці будзе гэта пэўным чынам аформлена – для гэтага людзі павінны прадстаўляць сваю пазыцыю публічна, а ня толькі галасаваньнем”.

Нагадаю, што ў сваім выступе перад новым складам Нацыянальнага сходу кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заклікаў дэпутатаў не ствараць дэпутацкія групы. Дарэчы, падчас гэтай сэсіі Лукашэнка плянуе выступіць са штогадовым пасланьнем да парлямэнта і беларускага народа.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG