Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля ўказу Лукашэнкі прадпрымальнікі Гомеля падтрымкі не адчулі


Казімір Яноўскі, Гомель Пасьля сакавіцкага страйку дробных бізнэсоўцаў кіраўнік дзяржавы падпісаў адмысловы указ №148 пра неадкладныя меры падтрымкі прадпрымальніцтва. Што зьмянілася пасьля выхаду ў сьвет гэтага дакумэнту ва ўмовах працы дробных гандляроў, у іх дачыненьнях з уласьнікамі рынкаў?

У гэтыя апошнія сакавіцкія дні прадпрымальнікі ўносяць плату за арэнду месцаў на рынку, сплачваюць адзіны падатак, каб мець магчымасьць працаваць у наступным месяцы. Таму пытаюся ў дробных гандляроў: ці ёсьць якія-небудзь зьмены ў аплаце?

(Прадпрымальнік: ) “Нічога не зьмянілася. Месцы ня сталі танейшымі. Мы асабіста купілі гэтыя месцы на новы месяц, красавік – зьменаў ніякіх. Гэтаксама і з падаткам – няма зьменаў”.

(Прадпрымальніца: ) “116 тысячаў за 1 квадратны мэтр пад павецьцю – як было, так і засталося”.

Гандляры сьцьвярджаюць, што нават так званую раду прадпрымальнікаў дырэкцыя рынку фармавала не на падставе выбараў, а на падставе сьпісаў, невядома кім і як складзеных.

(Уладзімер, прадпрымальнік: ) “Гэта – пустая балбатня. Зусім няма зьменаў. Нават раду самі сабе прызначылі – ніякіх выбараў. Цяпер ходзяць, з пустога ў парожняе пераліваюць, а толку няма”.

Я пацікавіўся ў гандляроў, ці пагаджаецца адміністрацыя рынку вярнуць ім грошы, сабраныя, у прыватнасьці, на будаўніцтва ралетаў. Прынамсі, гэтага публічна патрабаваў Аляксандр Лукашэнка падчас наведваньня кірмашу ў сталічным мікрараёне Малінаўка.

(Прадпрымальнік: ) “Прапануюць вярнуць грошы пры ўмове, што ралеты пойдуць пасьля на аўкцыён, прадавацца будуць з малатка”.

Адзінае, што цяпер выконваецца – гэта забарона на праверкі прадпрымальнікаў да 1 ліпеня:

(Прадпрымальнік: ) “Далі такую паблажку і пакуль не чапаюць”.

Шырока разрэклямаваная падтрымка прадпрымальнікаў асаблівага энтузіязму не дадала:

(Прадпрымальніца: ) “Працаваць зараз ня хочацца. Нічога добрага з гэтай падтрымкі не атрымаецца. Толькі аддавай грошы тым, хто сядзіць у кабінэтах, а сам хоць з торбаю хадзі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG