ТЕГЕРАН. Міністэрства замежных справаў Ірану назвала самазванцам чалавека, які прадставіў новыя сьведчаньні аб абставінах сьмерці канадзкай журналісткі іранскага паходжаньня Захры Казэмі. Шахрам Азам, які нядаўна атрымаў палітычны прытулак у Канадзе, сьцьвярджае, што ён працаваў лекарам у ваенным шпіталі ў Тэгеране, дзе ў 2003 годзе памерла Захра Казэмі пасьля таго, як яе арыштавалі ў часе здымак акцый пратэсту ля тэгеранскай турмы. Азам заявіў канадзкім мэдыям, што ён дасьледаваў цела журналісткі і прыйшоў да высновы, што яе катавалі і згвалцілі. Прадстаўнік іранскага МЗС сёньня заявіў, што супрацоўнікі шпіталя кажуць, што ў іх ніколі не працаваў лекар з прозьвішчам Азам. Азам уцёк з Ірану летась у жніўні і атрымаў палітычны прытулак у Канадзе. У гэтым яму дапамог сын Захры Казэмі – Стэфан Хашэмі.