Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Aд 1 красавіка падвышаецца памер пэнсіяў, тарыфная стаўка й базавая велічыня


Галіна Абакунчык, Менск У адпаведнасьці з распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі й рашэньнем ураду краіны, ад 1 красавіка ў Беларусі падвышаецца памер усіх відаў пэнсіяў, а таксама тарыфная стаўка першага разраду й базавая велічыня. Пэнсіі павялічаныя на 8%, і зараз сярэдняя працоўная складае 187 тысячаў рублёў, а мінімальная – 96 тысячаў. Прыкладна гэткім жа ёсьць рост тарыфнай стаўкі й базавай велічыні, якія складуць 51 тысячу й 25,5 тысячаў рублёў адпаведна. Паводле афіцыйнай інфармацыі, гэта зьвязана з “паляпшэньнем эканамічных паказчыкаў” у краіне. Наколькі гэтае падвышэньне выплатаў паўплывае на дабрабыт грамадзянаў і агульнае эканамічнае становішча ў Беларусі, і як яго камэнтуюць адмыслоўцы?

Незалежныя эканамісты заяўляюць, што па-першае, падвышэньне выплатаў ёсьць нязначным. Да прыкладу, пэнсіі павялічваюцца прыкладна на 14 тысячаў рублёў, а тарыфная стаўка й базавая велічыня на 3 і 1,5 тысячы рублёў адпаведна. Таму істотнага ўплыву на паляпшэньне дабрабыту людзей гэтыя зьмены мець ня будуць.

Але нават гэткае падвышэньне заробкаў і пэнсіяў ёсьць добрым тады, калі для гэтага існуюць эканамічныя падставы. На сёньня ў Беларусі іх няма, кажа эканаміст Леанід Злотнікаў.

(Злотнікаў: ) “Па-першае, гэтае падвышэньне накіраванае на бюджэтны сэктар. Мяркую, што небюджэтны сэктар гэтае падвышэньне не закране. Па-другое, варта адзначыць, што ў гэтым квартале рэсурсы нашай дзяржавы не павялічыліся. Бо істотна скараціўся наш экспарт у Расею і прыбыткі ад яго. Таксама значна вырасьлі запасы прадукцыі на складах многіх прадпрыемстваў. Таму я лічу, што эканамічных умоваў для падвышэньня заробкаў у дзяржаве няма”.

Такім чынам, паводле ацэнкі незалежнага экспэрта, падвышэньне тарыфнай стаўкі, базавай велічыні й пэнсіяў ня мае пад сабой эканамічнага абгрунтаваньня. Акрамя таго, заробкі будуць падвышаныя перадусім у працаўнікоў бюджэтнай сфэры, і гэты працэс мала закране працаўнікоў вытворчай галіны.

На чым грунтуецца такое рашэньне кіраўніцтва краіны і ці ёсьць у ім палітычны падтэкст? Паводле лідэра Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, падвышэньне першасных выплатаў неабходнае з тае прычыны, што ў Беларусі працягваюць расьці кошты на тавары й паслугі. Але ён таксама ўпэўнены, што гэты крок вышэйшых уладаў мае таксама й палітычны кантэкст. Вось што ён сказаў у інтэрвію Свабодзе:

(Ярашук: ) “Элемэнт папулізму ў тым, што адбываецца з падвышэньнем заробкаў і пэнсіяў, тут ёсьць. Бо час ідзе, і неўзабаве 2006 год – год прэзыдэнцкіх выбараў. І чым выбары бліжэй, тым больш гэты папулізм будзе мець месца ва ўсіх тых дзяржаўных рашэньнях, якія тычацца перадусім заробкаў і ўзроўню жыцьця. Трэба чакаць, што ў далейшым на гэты алтар будуць кідацца значна большыя сродкі. Іншая рэч, што кошт усяму гэтаму потым можа быць надта высокі, калі гэта не адпавядае магчымасьцям і суб’ектаў гаспадараньня і прадпрыемстваў выплачваць тыя заробкі, якія абвяшчаюцца”.

Тым часам, паводле Дэпартамэнту дзяржаўнай інспэкцыі працы, на 25 сакавіка запазычанасьць па заробку ў краіне складае 106 мільёнаў рублёў, альбо амаль 10% ад фонду заробку за люты. У тэрміны, якія прадугледжаныя калектыўнымі дамовамі, заробак не атрымалі працоўныя 2.208 арганізацыяў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG