Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хросны ход “Царква і армія” прымеркаваны да 60-годзьдзя Перамогі


Іна Студзінская, Менск У Беларускім войску па распараджэньні Аляксандра Лукашэнкі абвешчаная маштабная праверка боегатоўнасьці, ідуць вайсковыя вучэньні. І адначасова пачалося мерапрыемства з інтрыгуючым і нязвыклым для войска назовам “Усебеларускі хросны ход “Царква і армія”.

Шчыра кажучы, я спачатку падумала, што гэтыя дзьве падзеі ўзаемазьвязаныя. Бо звычайна хросны ход праводзіцца на вялікае сьвята ці ў часы цяжкіх выпрабаваньняў. Хросны ход, паводле тлумачальных слоўнікаў – гэта царкоўнае шэсьце з крыжамі, абразамі, харугвамі. Я і падумала, што маштабныя вайсковыя вучэньні – гэта сур’ёзнае выпрабаваньне, і таму царква, вайсковыя сьвятары вырашылі хросным ходам маральна дапамагчы вайскоўцам.

Але айцец Сергій Кузьмянкоў, які ў Беларускім экзархаце курыруе войска, патлумачыў, што хросны ход да вучэньняў ніякага дачыненьня ня мае, а прымеркаваны да 60-годзьдзя Перамогі.

Пачаўся Усебеларускі хросны ход на Гарадзеншчыне і Берасьцейшчыне. Памежнікі разам са сьвятарамі, грамадзкасьцю прыходзяць на вайсковыя могілкі, дзе пахаваныя ваяры, там адбываецца літургія. Гаворыць пратаерэй айцец Сергій Кузьмянкоў:

(Кузьмянкоў: ) “Заўсёды прыходзілі да брацкіх могілак, ускладалі кветкі, вянкі, аддавалі воінскія пашаны, салют. Але ніколі не было хрысьціянскіх пашанаў, набажэнства, літургіі. Таму мы й зьдзяйсьняем зараз гэты хросны ход, аддаючы менавіта хрысьціянскія пашаны”.

Усебеларускі хросны ход завершыцца на пачатку траўня. У Менскім катэдральным Сьвятадухавым саборы будуць усталяваныя капсулы зь зямлёй з вайсковых могілак з усёй краіны.

Зараз царква шчыльна супрацоўнічае з войскам. У воінскіх частках будуюцца храмы, ёсьць вайсковыя сьвятары. Чыя гэта ініцыятыва, зь якога боку? Бо ў савецкія часы царква, як і ўсе іншыя інстытуцыі, ад арміі была аддзеленая… Гэтае пытаньне я адрасавала і айцу Сергію Кузьмянкову, які, нагадаю, у Беларускім экзархаце курыруе армію.

(Кузьмянкоў: ) “Царква была аддзеленая ад дзяржавы, але ў бальшыні ўнутры вера была і захоўвалася. Таму невыпадкова мы да гэтага прыйшлі. Ня столькі царква, колькі воінства прасіла, каб царква прыйшла. І ўсё пачалося з запрашэньня камандзіраў, вайсковых калектываў”.

Памежныя войскі, унутраныя войскі, Міністэрства абароны заключылі зь Беларускай праваслаўнай царквой пагадненьні аб супрацоўніцтве. Дарэчы, яшчэ 10 гадоў таму менавіта камандуючы ўнутранымі войскамі ўпершыню запрасіў сьвятара на ўрачыстую цырымонію прысягі. І цяпер усе вайсковыя ўрачыстасьці праходзяць з удзелам сьвятароў, нават новая тэхніка абавязкова асьвячаецца.

Меркаваньне намесьніка начальніка Ўпраўленьня ідэалягічнай работы і маральна-псыхалягічнага забесьпячэньня памежных войскаў палкоўніка Міхаіла Скомскага:

(Скомскі: ) “Мы бачым у гэтым накірунку – праца з царквой – адзін з дадаткаў працы з людзьмі, заўважаем высакародны ўплыў царквы, веры на самога чалавека, на яго адносіны да абавязку, на яго маральныя якасьці”.

Натуральна, палкавыя храмы ёсьць не ва ўсіх частках. Па тры адмыслова пабудаваных храмы ёсьць ва ўнутраных войсках і памежных войсках, больш за дзесятак храмаў – у іншых частках. Некалькі храмаў будуецца. Але амаль паўсюль ёсьць каплічкі, малельныя пакоі ці пагадненьні зь сельскімі прыходамі.

А да тых часоў, калі ў кожнай вайсковай частцы будзе свой капэлян, яшчэ далёка, прызнаўся мне айцец Сергій Кузьмянкоў. Самая асноўная перашкода – няма адпаведнай заканадаўчай базы.

(Кузьмянкоў: ) “На Захадзе дзяржава ўтрымлівае вайсковых сьвятароў. І гэта цалкам нармальна. Сьвятара прыходзкага ўтрымлівае прыход за кошт ахвяраваньняў. Жаўнеры ня могуць утрымліваць сьвятара. Таму заўсёды дзяржава брала на сябе гэту ролю. Так і зараз ёсьць у Польшчы, Нямеччыне”.

А ў Беларусі сьвятары ў войску працуюць, так бы мовіць, на грамадзкіх пачатках. Дый рыхтаваць капэлянаў пажадана асобна, з улікам спэцыфікі войска. Дарэчы, сьвятар у войску ў многіх дзяржавах мае, як правіла, афіцэрскае і нават генэральскае званьне, а таксама, акрамя рэлігійных функцыяў, адказвае за маральна-псыхалягічны стан вайскоўцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG