Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі распачалося практычнае вылучэньне адзінага кандыдата ў прэзыдэнты


Казімір Яноўскі, Гомель Увечары 30 сакавіка ў Гомелі прайшоў агульнагарадзкі сход прадстаўнікоў палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. На ім абраны дэлегаты на абласную канфэрэнцыю. Апошняя ня толькі вылучыць пасланцоў на агульнанацыянальны кангрэс, але і правядзе рэйтынгавае галасаваньне ў падтрымку адзінага магчымага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары ад дэмакратычных сілаў. Наколькі падтрымліваецца рэгіянальнымі актывістамі такая складаная шматступенчатая працэдура вылучэньня адзінага кандыдата і ці ёсьць у яе апанэнты?

Працэдура вылучэньня адзінага кандыдата ажыцьцяўляецца, і відавочна, што ў яе багата прыхільнікаў. Распавядае сакратар Гомельскай гарадзкой арганізацыі АГП Васіль Палякоў:

(Палякоў: ) “На маю думку, гэта ня лепшая сыстэма. Але так атрымалася, што яна – адзіная, якая можа высьветліць пытаньне вылучэньня адзінага кандыдата”.

Іншы актывіст АГП, Юрый Варонежцаў, бачыць у сыстэме вылучэньня адзінага кандыдата пэўную небясьпеку:

(Варонежцаў: ) “Я бачу небясьпеку ў тым, што будзе спроба прывесьці на гэты кангрэс як мага болей, скажам так, выбарцаў за канкрэтнага кандыдата. Я ведаю, што некаторыя гэтым ужо займаюцца”.

Паводле спадара Варонежцава, нельга наогул даваць фору аднаму вылучэнцу:

(Варонежцаў: ) “Гэта ўсё адно, што даць фору бегуну, які яшчэ ня выйшаў на дыстанцыю, яшчэ нічога не зрабіў дзеля перамогі. Я б патрымаў дваіх, траіх, магчыма, чацьвярых. Сэнс у тым, каб яны паезьдзілі па краіне, сустрэліся з шараговымі выбарцамі і заваёўвалі іх давер. Іначай будзе звычайная карпаратыўная падтрымка адзінага кандыдата на прэзыдэнцкую пасаду”.

Іншых прапановаў наконт вылучэньня агульнанацыянальнага лідэра на сходзе не было. Хаця ў прыватных размовах выказваліся перасьцярогі адносна таго, што вылучэньне кандыдата на вышэйшую ў краіне пасаду вельмі зацягнутае. Паслухаем меркаваньне Мікалая Новікава:

(Новікаў: ) “Сам працэс носіць такі зацяглы характар. Таму гэта, з другога боку, можа стымуляваць зьяўленьне выпадковых людзей з боку грамадзкіх рухаў Беларусі, якія могуць спэкуляваць на тым, што яны больш энэргічна выйдуць на палітычную арэну. Трэба, каб за самімі працэдурамі мы не згубілі дух барацьбы, накіраванасьць на пошук патрэбнага нацыі чалавека. Гэта важна і важка”.

Сябра БНФ Надзея Бялова наогул мяркуе, што прэтэндэнта на адзінага кандыдата трэба шукаць зусім не ў партыйных структурах:

(Бялова: ) “На гэтым этапе партыйнаму чалавеку вельмі цяжка выйграць выбары. Я наогул лічу, што кандыдатам павінен быць чалавек не ад партыі, а чалавек, які ўсім вядомы. Напрыклад, пісьменьнік, артыст. Такога чалавека больш цяжка скампрамэтаваць, адхіліць ад удзелу ў выбарах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG