Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Людзі ня ведаюць апазыцыі, лічаць, што гэтая апазыцыя працуе толькі на сябе, а не на народ”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 30 сакавіка. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Русецкі Паўлюк: ) “Чаму на мітынгі прыходзіць няшмат людзей? Чаму ў нас слабая і неаб’яднаная апазыцыя? Каб на гэтае пытаньне адказаць, трэба глядзець не беларускае тэлебачаньне, а прыйсьці ў цэнтар гораду 25 сакавіка і пабачыць, колькі было сілавікоў. Хіба столькі сілаў кідаюць супраць слабых? Хіба гэта ня доказ таго, які страх яна выклікае ў хакеіста №1?

Наша апазыцыя паказала розум і развагу і не дазволіла арыштаваць лідэраў. Яны ведаюць, што трэба працаваць. Колькасьць удзельнікаў мітынгу таксама немалая. Мы ведаем, што хакеіст №1 вельмі баязьлівы, і ад страху ён здольны на любыя злачынствы. І яму не дазволілі на гэты раз зрабіць гэтага. І ў далейшым не дазволяць. І таму я ўпэўнены, што яна пераможа. Яна не слабая і там дзе патрэбна – аб’яднаная”.

(Ільля Копыл: ) “Чаму няшмат людзей выходзіць на вулічныя акцыі? Па-першае, няма еднасьці сярод апазыцыйных партыяў. Вось 25 сакавіка Андрэй Клімаў заклікаў людзей на плошчу, а кіраўнікі партыяў, усе без выключэньня, абвясьцілі байкот. Гэта іх вялікая памылка. Яны губляюць давер да сябе. Асабіста я там быў.

Памятаю іншы выпадак. 7 лістапада 2004 году партыя КХП-БНФ заклікала людзей прыйсьці ў Лошыцу на ўскладаньне кветак крыжу ахвярам сталінізму – ніводная партыя іх не падтрымала. Вось такая салідарнасьць. Яна існуе толькі на паперы.

Па-другое, акцыі праводзяцца вельмі рэдка. Гэта разьнявольвае людзей. Я, як удзельнік многіх акцыяў, мяркую аб гэтым па сваім настроі. Па-трэцяе, акцыі трэба добра рыхтаваць, мець бойкіх прамоўцаў, каб яны запальвалі людзей, каб у людзей ад акцыі штосьці засталося ў сэрцы і ў галаве, а не расчараваньне. Чакаю чарнобыльскі шлях…”

(Спадарыня: ) “Большасьць нашых беларусаў людзі самастойныя, працавітыя і разумныя. І яны ніколі ня будуць падтрымліваць гэтых вулічных гарлапанаў. Гэтыя ілжэбеларусы і ілжэдэмакраты прадалі нашую краіну, наш народ Джорджу Бушу. Для таго, каб прабрацца да ўлады яны гатовыя ўцягнуць наш народ у братазабойчую вайну. Пацьверджаньнем таму зьяўляецца заклік Андрэя Клімава ў сьнежні 2004 году, калі ён прасіў Джорджа Буша прымяніць да Беларусі югаслаўскі варыянт. Ён і цяпер 25 сакавіка наладзіў ганебную акцыю. Нічога добрага гэтыя бандыты прадажныя ня могуць даць нашаму народу. Яны толькі ганьбяць наш народ і бударажаць. Да іх трэба прымаць мэтады Сталіна і Гітлера!”

(Слухач: ) “Які тоўк выказваць сваё меркаваньне. Вы ж пускаеце ў эфір толькі тое, што вам выгадна… Асабіста я 29 сакавіка выказала сваё меркаваньне, але вы толькі частку ў эфір пусьцілі. Эх вы, людзі…”

(Спадар: ) “Дэманстрацыі пратэсту, мітынгі пратэсту супраць лукашэнкаўскага рэжыму я лічу мускуламі народу. Але палітыка рэпрэсіяў супраць актыўных удзельнікаў грамадзкага жыцьця, супраць грамадзтва наганяе страх на людзей, жах перад узброенай сілай, скоўвае ініцыятыву, прымушае думаць аб уласнай бясьпецы, сьцерагчыся наступстваў ва ўмовах беззаконьня.

Канстытуцыя ня дзейнічае, як у свой час ня дзейнічала сталінская канстытуцыя. Сам гарант Канстытуцыі, Лукашэнка, неаднаразова растаптаў сваю Канстытуцыю, на якой кляўся. Народ даў сябе запалохаць, таму і хаваецца кожны грамадзянін, як мыш пад сваім венікам”.

(Міхаіл Пятровіч, Слуцк: ) “Добры дзень! Акцыі апазыцыі малалюдныя, таму што людзі ня ведаюць апазыцыі, лічаць, што гэтая апазыцыя працуе толькі на сябе, а не на народ. Яшчэ прычына, што большасьць людзей слова супраць улады баяцца сказаць, ня толькі што выступіць дзесьці на мітынгу.

Размаўляючы са знаёмымі, я ўпэўніўся, што амаль усе яны з апазыцыянэраў ведаюць толькі Пазьняка і Шушкевіча. І ў асноўным думкі аб іх – адмоўныя. Калі бясконца сьцьвярджаць, што цукар чорны, то ён пачарнее. І ўсе хто галасаваў на выбарах прэзыдэнта за Ганчарыка, галасаваў не за яго, а супраць Лукашэнкі. Гэтак зрабіў і я.

Я не разумею для каго вы вяшчаеце. Чуваць вас на ўсіх хвалях у большы час дрэнна. Ваш кіраўнік сьцьвярджае, што 14 адсоткаў жыхароў могуць увайсьці ў інтэрнэт. Але завяраю вас: людзі, якія маюць кампутар, вас ня слухаюць, а лёс асобных людзей вас не цікавіць. Я размаўляў аб гэтым з адным вашым супрацоўнікам, ня буду называць яго прозьвішча, бо, можа, ён таксама працуе па кантракту – ён сказаў, што вашага кіраўніка цікавіць толькі палітыка. Упэўнены, мае меркаваньні вы не перадасьце.”

(Спадар: ) “Хачу выказацца пра нашы ўзброеныя сілы, якія Лукашэнка ўзвысіў – лепшае войска ў сусьвеце. Мы да вайны гулялі ў гэтыя гульні. А вынік які? Каб не англічане і амэрыканцы, прыйшоў бы Гітлер ва Ўладзівасток у тым самым годзе. Так і зараз. П’яныя скарумпаваныя генэралы, і у войску няма зараз ніякага парадку, тэхніка дабітая. А яны гуляюць у гульні, зь людзкіх кішэняў выграбаюць грошы – і больш нічога. І супраць каго яны зьбіраюцца ваяваць, вось што незразумела. Мы ж нікому непатрэбныя! Мы ж толькі разьвіваемся. У нас нічога няма! Бедны народ – і больш нічога. А каму патрэбны бедны народ? Так што я лічу, што такі расход грошаў народных нікому непатрэбны! І армія на постсавецкай прасторы ўся карумпаваная і п’яная, гэта па-першае. А па-другое, яна небаяздольная. Яны ж запускаюць ракеты не туды, куды трэба пры вучэньні. Так што каму гэта трэба?

А наконт пытаньня апазыцыі, якая вылучае кандыдата на пасаду прэзыдэнта. Гэтая гульня нікому непатрэбная! Лукашэнка сам сябе вылучыць і сам сябе абярэ! Народ не выбірае, а выбірае Лукашэнка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG