Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На волю пачалі выходзіць палітвязьні, якіх пакаралі за акцыі 15 і 25 сакавіка


Любоў Лунёва, Менск Са спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка на волю пачалі выходзіць палітвязьні, якія адбылі свой тэрмін пакараньня. 30 сакавіка вызваліліся актывісты “Маладога фронту” Артур Фінькевіч і Зьміцер Дашкевіч, арыштаваныя за тое, што выйшлі 15 сакавіка на Кастрычніцкую плошчу Менску выказаць сваё стаўленьне да зьменаў Канстытуцыі, а таксама Дзяніс Краўчонак і Георгі Байкоў, якія адседзелі пяць сутак за ўдзел у апазыцыйнай акцыі 25 сакавіка.

Артура Фінькевіча і Зьмітра Дашкевіча сустракалі каля двух дзясяткаў сяброў “Маладога фронту”. Першы выйшаў Зьміцер Дашкевіч. Ён распавёў Радыё Свабода пра ўмовы ўтрыманьня:

(Дашкевіч: ) “Умовы тут, як заўсёды, антычалавечыя. Не выводзяць на шпацыр… Некаторых выводзілі на працу, але, калі я прасіўся, то мне казалі: “Не. Табе, Дашкевіч, нельга выходзіць. Яшчэ зьбярэш там мітынг”. Дзякуй сябрам за падтрымку, за ежу, за кнігі. Рыхтаваўся да сэсіі, бо іншай магчымасьці няма. Толькі тут на сутках. Прыносілі мне газэты, падручнікі. Нас трымалі ў розных камэрах, нават на розных паверхах мы былі. Такое дробнае паскудзтва, ведаеце”.

Артура Фінькевіча і Зьмітра Дашкевіча трымалі ў розных камэрах. Артур Фінькевіч сёмы раз адбываў арышт.

(Фінькевіч: ) “Адное, што там чалавеку аднаму вельмі кепска было — ці то гастрыт, ці то язва… Яму штодня выклікалі хуткую дапамогу, а потым папросту перавялі ў іншую камэру. А прысуд судзьдзі Бычка ў мяне выклікаў занепакоенасьць. Сам судзьдзя разумеў, што ніякага 156 і 166 артыкулаў там не магло быць. Ніхто матам ня лаяўся. Пяць гадоў чалавека вучылі… Цікава, ці варта было вучыцца юрыспрудэнцыі, каб потым сядзець на гарышчы і перапісваць міліцэйскія пратаколы”.

Намесьнік старшыні “Маладога фронту” Павал Лісічонак заявіў Радыё Свабода, што сябры “Маладога фронту” будуць кожны раз сустракаць сваіх сяброў кветкамі і падарункамі. Такім чынам яны выказваюць сваю салідарнасьць зь імі.

(Лісічонак: ) “Перажывалі за іх. Асабліва, калі іх затрымалі ні за што гвалтоўным чынам за 15 сакавіка. Вельмі перажывалі, што яны ня змогуць удзельнічаць у акцыі 25 сакавіка, бо яны ў нас з тых лідэраў, якія на вуліцы могуць выявіць усе свае таленты. Канечне, мы прыйшлі на знак салідарнасьці. Бачыце? Прынесьлі кветкі. Насамрэч мы ніколі пра іх не забываліся. Штодня, кожнае паседжаньне ўправы пра іх згадвалі, перадавалі ім сюды газэты, харчы”.

Актывісты “Маладога фронту” 2 красавіка, у дзень падпісаньня саюзнай дамовы між Беларусьсю і Расеяй, будуць ладзіць пэрформанс. Прэсавы сакратар “Маладога фронту” Барыс Гарэцкі заявіў Радыё Свабода, што, нягледзячы на пагрозу масавых затрыманьняў, сябры Фронту выйдуць на акцыю і гатовыя да новых арыштаў.

За кратамі спэцпрыёмніка застаюца 10 арыштаваных удзельнікаў апазыцыйных акцыяў. Сярод іх Вячаслаў Сіўчык, Карэн Акопаў, Юры Фабішэўскі, зьбіты амонаўцамі Андрэй Баранаў ды іншыя. Зьміцер Бандарэнка і Мікіта Сасім выйдуць на волю 1 красавіка. Іх арыштавалі за ўдзел у апазыцыйнай акцыі, якую штодня ладзяць сябры моладзевага руху “Зубр”, патрабуючы вызваленьня Міхаіла Марыніча. Разам зь імі на волю выйдуць Сяргей Логінаў і Канстанцін Кароль.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG