Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народная воля”: гадоў праз 20 Беларусі спатрэбіцца ўласная атамная электрастанцыя


Падрыхтаваў Уладзімер Глод Агляд незалежнага друку

20 год таму Георгій Хартановіч належаў да невялікай групы людзей, якая спрабавала ініцыяваць будаўніцтва ў Беларусі ўласнай атамнай электрастанцыі. Ці зьмянілася яго погляды за прамінулы час – гэтае пытаньне высьвятляе сёньня “Народная воля” ў інтэрвію са спадаром Хартановічам “Праз 20 год”. І цяпер ён лічыць, што такая станцыя краіне патрэбная. Але гэта не азначае, што яе трэба ўзводзіць тэрмінова. Разьлікі адмыслоўцаў паказваюць: пакуль прамысловасьць Беларусі ўжывае адносна невялікую колькасьць электраэнэргіі. А на тыя лічбы, якімі карыстаюцца прыхільнікі неадкладнай пабудовы атамнай станцыі ў якасьці разьліковых, прамысловасьць выйдзе гадоў праз 20, не раней. Так што яшчэ ёсьць час усё пералічыць.

Хаця “Комсомолка” традыцыйна лічыцца газэтай для моладзі, сёньняшні нумар яе беларускіх старонак перадусім зацікавіць людзей сталых. З 1 красавіка кашалёк пэнсіянэраў патаўсьцее ў сярэднім на 14 тысячаў рублёў. Камусьці прыбаўка выпадзе на 5 тысячаў, камусьці – на 26 тысячаў. Больш дакладна пра памеры новых пэнсіяў можна даведацца ў гэтым жа нумары.

А цяпер прапаную зьвярнуцца да рэгіянальнага друку. Адмысловая старонка “Грамадзкая трыбуна” раз на месяц зьяўляецца ў “Бобруйском курьере”. У сёньняшнім нумары на ёй выступаюць былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Беларусі Міхаіл Пастухоў і старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Ўладзімер Колас. Абодва яны трапілі ў рэгіянальнае выданьне невыпадкова – спадар Пастухоў праводзіў у Бабруйску журналісцкі сэмінар, а спадар Колас сустракаўся са сваімі калегамі з гарадзкой арганізацыі. Мясцовыя журналісты скарысталіся магчымасьцю паразмаўляць з такімі вядомымі гасьцямі. Прафэсар Пастухоў распавёў пра стандарты мэдыяў у Эўропе і параіў, што трэба рабіць, каб хаця б збольшага да іх набліжацца, а Ўладзімер Колас раіў, як лепш працаваць Бабруйскаму гарадзкому клюбу інтэлігенцыі.

Заклік “Купляйце беларускае!” добра ўспрымаюць у горадзе Барысаве. Пасьля таго, як на піва, што прадаецца ў Беларусі, пачалі наносіць абавязковую маркіроўку, у горадзе ўкраінскае і расейскае піва амаль зьнікла, паведамляе ў сёньняшнім нумары “Борисовский курьер”. Вельмі цяжка стала знайсьці “Абалонь” альбо “Старога мельніка”. Але гэта хутчэй клопаты невялікай групы аматараў замежных напояў, паколькі, як высьветліла міні-апытаньне карэспандэнта “Борисовского курьера”, з 35 спажывальнікаў піва 28 аддаюць перавагу беларускім гатункам: “Крыніцы”, “Аліварыі”, “Александрыі” ды “Лідскаму”. Ці то сапраўды яны патрыёты, ці то беларускае піва стала якасным, ці то імпартнае каштуе даражэй – у чым тут справа?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG