Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля выступу ў ААН А. Севярын прыватна сустрэўся з прадстаўнікамі Беларусі


Алег Грузьдзіловіч, Менск На вечаровай сустрэчы з неафіцыйнымі прадстаўнікамі Беларусі Адрыян Севярын заявіў, што ягонае меркаваньне пра становішча ў Беларусі насамрэч больш жорсткае за тое, што прагучала ў справаздачы, якую ён сёньня зрабіў на сэсіі Камісіі ААН па правах чалавека.

Сёньня на сэсіі Камісіі ААН па правах чалавека ў Жэнэве прагучала справаздача адмысловага дакладчыка ААН па Беларусі Адрыяна Севярына. Прадстаўнік афіцыйнай беларускай дэлегацыі Сяргей Алейнік ужо абверг абвінавачваньні ў парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, якія ўтрымліваюцца ў справаздачы Адрыяна Севярына.

Сяргей Алейнік таксама запатрабаваў ад Адрыяна Севярына публічных прабачэньняў за ягоныя словы на адрас Беларусі. Увечары Адрыян Севярын правеў сустрэчу з прадстаўнікамі беларускіх няўрадавых арганізацыяў, якія таксама прыехалі ў Жэнэву. Сярод удзельнікаў гэтай сустрэчы быў Алесь Бяляцкі, старшыня праваабарончага цэнтру “Вясна”. Я спытаўся Алеся Бяляцкага пра рэакцыю Адрыяна Севярына на абвінавачваньні беларускага афіцыйнага боку. Той сказаў, што прабачэньняў ад Адрыяна Севярына, як таго хацеў Сяргей Алейнік, не прагучала. Затое было згадана, што менавіта беларускі бок летась у сьнежні ня даў візу Адрыяну Севярыну, калі той зьбіраўся наведаць краіну.

(Бяляцкі: ) “Ён нагадаў, што рыхтаваць гэты даклад яму было дастаткова цяжка, бо не было ніякіх кантактаў зь беларускімі ўладамі. Даводзілася зьбіраць інфармацыю, абапіраючыся толькі на ўласную ініцыятыву. Сказаў, што даклад падрыхтаваны ў даволі нетрадыцыйнай форме для сустрэчы, якая цяпер праходзіць ў Жэнэве. Справаздача больш жывая, больш напорыстая, больш рэзкая, менш дыпляматычная, чым звычайна бываюць дакумэнты такога кшталту. Адрыян Севярын спадзяецца, што гэты ягоны выступ дапаможа ў прыняцьці чарговай рэзалюцыі па Беларусі, якая неўзабаве павінна быць абмеркаваная і ці прынятая, ці не прынятая”.

Пры гэтым, як сьцьвярджае Алесь Бяляцкі, сам Адрыян Севярын прызнаецца, што ягоная справаздача менш жорсткая, чым ён насамрэч думае. Гэта тлумачыцца тым, што ён спрабуе забясьпечыць найбольшую падтрымку падчас галасаваньня за свае прапановы. У прыватнасьці, адмысловы дакладчык па Беларусі Адрыян Севярын прапанаваў павялічыць незалежную інфармацыю на Беларусь, у тым ліку праз радыё, і павялічыць дапамогу ААН беларускім няўрадавым арганізацыям.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG