Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватныя прадпрымальнікі ствараюць уласную партыю


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня ў Менску сфармаваны арганізацыйны камітэт па стварэньні партыі прадпрымальнікаў. Паводле сяброў аргкамітэту, яна будзе адстойваць палітычныя інтарэсы прадстаўнікоў дробнага бізнэсу.

Аргкамітэт па стварэньні партыі прадпрымальнікаў быў сфармаваны ўдзельнікамі сёньняшняй нарады актывістаў грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва”.

Кіраўніком аргкамітэтэту абраны лідэр прадпрымальнікаў Рэчыцы Леанід Невар.

(Невар: ) “У гэтую групу ўвайшло дзесяць чалавек. Зараз мы будзем займацца падрыхтоўкай дакумэнтаў. Наша партыя будзе дамагацца зьмены палітыкі ў Беларусі. Паколькі дзеяньні і мэтады цяперашняга кіраўніцтва разыходзяцца з меркаваньнямі прадпрымальнікаў. Напрыклад, апошні ўказ пра прадпрымальнікаў выклікаў незадаволенасьць прадпрымальнікаў, асабліва ў рэгіёнах. Яны ўбачылі, што гэты ўказ ня падтрымлівае іх, а наадварот скіраваны на ліквідацыю прадпрымальнікаў як клясы. Таму большасьць зь іх ужо не палохаюцца палітыкі. Яны цалкам сасьпелі для ўступленьня ў партыю, каб займацца палітычнай дзейнасьцю”.

Лічыць Леанід Невар, старшыня аргкамітэту па стварэньні партыі прадпрымальнікаў, а вось якімі меркаваньнямі на гэты конт падзяліўся сябра аргкамітэту, менскі бізнэсоўца Аляксандр Драніцкі:

(Драніцкі: ) “Патрэбная палітычная партыя. Справа ў тым, што магчымасьці грамадзкай арганізацыі, такой як “Пэрспэктыва”, абмежаваныя. Грамадзкую арганізацыю, калі яна пачынае выступаць з палітычнымі патрабаваньнямі, у адзін дзень могуць зачыніць. У палітычнай партыі іншыя магчымасьці. Прадстаўнікі рэгіёнаў заявілі на гэтым сходзе, што яны могуць перасягнуць патрэбную колькасьць у 1000 сяброў партыі ў шмат разоў. Гэта будзе партыя, у якой сяброў будзе дзесяткі тысяч чалавек. Гэта будзе самая пэрспэктыўная партыя на сёньняшні дзень у Беларусі. І мне так падаецца, што рэвалюцыя, а яна, напэўна, адбудзецца, пачнецца з рэгіёнаў. І прыйдзе ў Менск”.

Бізнэсоўцы спадзяюцца, што партыя дапаможа ім лепш супрацьстаяць рэпрэсіўным дзеяньням уладаў. У прыватнасьці, калі б, на іх думку, Анатоль Шумчанка быў лідэрам партыі, а ня грамадзкага аб’яднаньня, то ўлады б ня асьмеліліся арыштоўваць яго, паводле надуманых матываў, лічаць некаторыя прадпрымальнікі.

Дарэчы, на сёньняшняй нарадзе было абвешчана, што сьледзтва па справе лідэра “Пэрспектывы” завершанае, і 28 сакавіка яна перададзена ў суд. Апроч таго, нагадаў пра сваё існаваньне і Алег Хвастоў, сукамэрнік, які, нібыта, быў зьбіты Шумчанкам. У прыватнасьці, вось што паведаміў пра гэта намесьнік старшыні “Пэрспэктывы” Аляксандр Лапотка:

(Лапотка: ) “Учора выйшаў на мяне Алег Хвастоў – заяўляльнік. І сказаў, што мне трэба тэрмінова сустрэцца. Я баюся. На мяне ціснуць спэцслужбы. Ён сказаў яшчэ, што можа забраць заяву. Калі атрымае за гэта 4 тысячы даляраў. Я адмовіўся ісьці на сустрэчу. Лічу гэта чарговай правакацыяй. Я сказаў яму, што калі вы хочаце дапамагчы, у вас ёсьць шанец забраць сваю заяву, бо ніхто вам плаціць ня будзе, таму што заўтра справа рассыплецца, і вы з абвінаваўцы станеце падазраваным”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG