Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вельмі шкада, што 25 сакавіка не прымалі ўдзелу партыі нацыянальнай арыентацыі”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 28 сакавіка 2004г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Ігнаць: ) “Хрыстос Уваскрос! Шаноўныя беларусы і супрацоўнікі Свабоды! Жадаю ўсім, хто сёньня адзначае гэтае сьвята і тым, хто яшчэ будзе, быць свабоднымі, шчырымі і рашучымі!”

(Мікола Саскевіч: ) “Дзень добры, шаноўнае панства! Хрыстос Уваскрос! У мяне да вас ёсьць пытаньні. Першае, ці будзе Ўкраіна пераходзіць зь кірыліцы на лацініцу? Другое, ці будзе Ўкраіна патрабаваць ад Расеі вывесьці свае непрадказальныя войска, якія знаходзяцца на тэрыторыі незалежнай Украіны ў Крыму? Трэцяе, ці здолее дэмакратычная Ўкраіна трансьляваць сваё незалежнае тэлебачаньне на тэрыторыі дыктатарскай Беларусі? Чацьвёртае, ці гэта праўда, што вядомы журналіст Савік Шусьцер будзе весьці сваю папулярную перадачу “Свабода слова”? Хачу сказаць, што гэта была самая любімая праграма ў маёй сям’і, калі яе паказвалі на НТБ. І, пятае, ці вярнулася ўкраінская Радыё Свабода на УКВ?”

(Спадар: ) “Хацелася б, каб па вашым радыё зрабілі такі аналіз. Цяпер вакол раскрычаліся, што мы – самая перадавая, самая лепшая, у нас такія даходы, паўсюль льюцца грошы з-за мяжы, адусюль – ня ведаем, куды іх дзяваць. А шматдзетныя ці тыя ж пэнсіянэры, якім, як быццам, дадаюць нешта… Што гэта за кампэнсацыя? На 30 адсоткаў кошты падвысіліся, а на 8 гэтую кампэнсацыю даюць! Людзі з кожным днём, з кожным месяцам жабракамі становяцца! Дзе ж тут прыгажосьць?”

(Пэнсіянэр, Менск: ) “Да свайго нядаўняга юбілею я напісаў вось такі вершаваны палітычны тост:

Прызнаюся, абрыдла многае на сьвеце, Але не ўзрост набіў аскому, а Лука! І хам, і хлус, зь сябе ён Бога лепіць, Трымаючы ў руцэ бізун бальшавіка. Таму ў гэтай чорнай яме яшчэ трэба пасапсьці І прымусіць усё ж тырана з трона царскага сысьці. Хай тады пад вартай ходзіць ён на фэрму кожны дзень І на поле гной вывозіць пад гукі рохканьня сьвіней.

Калі згодныя з гэтай тэзай, Вып’ем чарачку яшчэ. Хай Гасподзь нам дапаможа У няроўнай барацьбе!

(Спадар: ) “Паважанае, Радыё Свабда! Учора праслухаў званкі слухачоў на Радыё Свабода. Згодны са слухачом, хто сказаў, што няма чаго езьдзіць апазыцыі за мяжу, яна нічым не дапаможа вам. Усё трэба вырашаць на месцы ў рэспубліцы.

Прайшло паўгода пасьля рэфэрэндуму. А за гэты пэрыяд у рэспубліцы амаль нічога ня зроблена. Хопіць ствараць гурткі, групы, “пяцёркі” і г.д., праводзіць усялякія пленумы, сходы і канфэрэнцыі. Ідзіце ў народ, па хатах! Вас жа падтрымлівае трэцяя частка насельніцтва Беларусі! Выбірайце адзінага кандыдата, пакуль ня позна. Даю гарантыю, што з траўня месяца па кастрычнік 2006 года ўлады будуць падвышаць заробкі і пэнсіі, каб выбраць цяперашняга прэзыдэнта. Так было ў 2001 годзе. Калі апазыцыя прайграе, то вы страціце і гэтую частку насельніцтва, зноў будзеце прызнаваць свае памылкі, як у 2001 годзе, што не рабілі так і гэтак. Згодны са Зьмітром Саўкай, што гэтым кандыдатам павінен быць Анатоль Лябедзька”.

(Міронаў Канстанцін: ) “Добры дзень, Радыё Свабода! Вельмі шкада, што 25 сакавіка не прымалі ўдзелу партыі нацыянальнай арыентацыі. Як паказалі мінулыя падзеі, народ быў гатовы абараняць сваю свабоду. Напрыклад, маладыя людзі двойчы адбівалі мяне з рук АМОНу. Стаміўся ўсё ж такі не народ, а тыя партыі, што, так бы мовіць, здрадзілі ідэалам БНР. Напэўна, усё ж такі набыць свабоду нам прыйдзецца пад кіраўніцтвам іншых лідэраў, таму што гэтыя аказаліся ні да чаго ня здатныя, нават у час ня могуць быць у патрэбным месцы”.

(Спадар: ) “Калі журналісты Свабоды робяць апытаньне жыхароў нашай краіны аб іх адносінах да тых ці іншых падзеяў у сьвеце, як, напрыклад, цяпер пра падзеі ў Кыргызстане, дык рабіць апытаньне трэба ня толькі ў Менску, як гэта вы ўвесь час робіце, але ж і ў глыбінцы. У Менску насельніцтву жывецца значна лепш, і гэта не таямніца. Там і заробак значна вышэйшы і ўмовы для жыцьця вышэйшыя. Напрыклад, у Менску заробак дворніка складае 350 тысяч, а ў раёне – 80. І так амаль што ва ўсіх галінах. Таму меркаваньні менчукоў – гэта не паказьнік. Як сам Лукашэнка кажа, “жирная Европа”, то ў абыходзе беларуса ёсьць выраз “жирный Минск”, як у расейцаў “жирная Москва”. З гэтага зрабіце, калі ласка, вынікі”.

(Маісеенка Генадзь: ) “Прывітаньне! Учора было сьвята, і як заўжды былі ахвяры яго, прыкладна, каля ста асобаў. І ў гэтым вінаватым пастаў пан Клімаў, калісьці ахвяра і змагар з рэжымам, які, на вялікі жаль, ператвараецца зараз у нашага Жырыноўскага. Ведаючы найлепш сытуацыю, ведаючы стаўленьне прыкладна ўсёй без выключэньня апазыцыі, усіх разумных людзей накшталт маніфэстацыяў і мітынгаў, ведаючы правакацыі і астатняе, што можа вытварыць улада… Замест таго, каб зрабіць урачыстасьць, дапамагчы тым, хто выйшаў на пляц за Марыніча – прывесьці і ўтварыць тое, што звычайна робяць правакатары і іншыя ганебныя людзі...

Рэвалюцыя яскрава будзе, і можа грамыхне ня меней, а хутчэй, больш таго, што зараз у Кіргізіі. Будзе вялікая рэвалюцыя, але ж пасьпяшаць яе прыход, церабіць тое, над чым сусьвет сьмяецца, мусіць альбо правакатар альбо вар’ят, ці асоба, існуючая ў віртуальным сьвеце. Спадзяюся, што гэта, хутчэй за ўсё памылка Клімава, а не піяр ці здрада. Калі па-іншаму, ня дай Божа, карона забясьпечана Клімаву і лыжка зь дзіркаю. Вялікі жаль, калі гэта адбудзецца, і сум”.

(Пятро Міхайлавіч: ) “Добрай раніцы, шаноўныя супрацоўнікі Радыё Свабода! На гэтым тыдні прагучала перадача Ганны Сурмач, прысьвечаная палітычным эмігрантам. Адзін зь іх – Славамір Адамовіч. Перадайце гэтаму мужнаму чалавеку мае спачуваньні і словы падтрымкі. Калі ўжо гэтага паэта-барацьбіта, палітычнага вязьня не прызналі палітычным уцекачом, дык чаго ж чакаць тады ад таго нарвэскага чынавенства?

Трымайся, Славамір! Там у будучыні, магчыма, сьветлым днём народзіцца ён, беларускі герой-мужчына, зь пераможным словам-рубам. Я спадзяюся, што час вызваленьня нашай краіны ад гэтых шалёных выжлаў і вар’ятаў ужо недалёка. І ты, Славамір, яшчэ вернесься на Бацькаўшчыну! І вернесься героем! З павагай да цябе, Пятро Міхайлавіч зь Менску”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG