Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Ёсьць праграмы ААН, якія мусяць выконвацца незалежна ад таго, існуе рэжым ці не"


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Жэнэве праходзіць сэсія Камісіі Арганізацыі Аб’яднаных нацыяў па правах чалавека, на якой у тым ліку плянуецца разгледзець пытаньне аб становішчы ў Беларусі. Сёньня беларускія праваабаронцы ў межах сэсіі наладзяць брыфінг. Працуе на сэсіі і афіцыйная дэлегацыя Беларусі зь ліку супрацоўнікаў сталага прадстаўніцтва краіны ў структурах ААН у Жэнэве. Таксама выправілася ў Жэнэву і дэлегацыя беларускіх праваабаронцаў, якая плянуе выкласьці свой, альтэрнатыўны ўрадаваму, погляд на становішча з правамі чалавека ў Беларусі.

У склад гэтай неафіцыйнай дэлегацыі ўваходзяць старшыня праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі, прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Зьміцер Маркушэўскі, Сьвятлана Завадзкая, жонка зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага, прадстаўнікі іншых няўрадавых арганізацыяў.

Учора я стэлефанаваўся з Алесем Бяляцкім, які знаходзіўся ў Венскім аэрапорце, чакаючы самалёта ў Жэнэву. Я спытаў яго, што ён лічыць патрэбным у першую чаргу данесьці да ўдзельнікаў жэнэўскай сэсіі? Алесь Бяляцкі сказаў пра відавочнае ўзмацненьне рэпрэсіяў супроць праціўнікаў беларускага рэжыму, праілюстраваўшы гэта справамі Міхаіла Марыніча, Анатоля Шумчанкі ды іншых апазыцыянэраў. Алесь лічыць, што становішча з кожным днём пагаршаецца.

(Бяляцкі: ) “Вось і апошнія зьвесткі пра ўзбуджэньне крымінальнай справы пасьля акцыі 25 сакавіка кажуць пра тое, што беларускі рэжым закручвае гайкі, ён не зьбіраецца здавацца. Агульнапрынятыя нормы, такія, як права на вольныя сходы, мітынгі, на распаўсюд інфармацыі, якія запісаныя і ў Канстытуцыі Беларусі, не выконваюць. Мы пра гэта і будзем гаварыць”.

Чакаецца, што на сэсіі Камісіі правоў чалавека з асобнай справаздачай па Беларусі выступіць адмысловы дакладчык Адрыян Севярын. Нагадаю, прызначэньне адмысловага дакладчыка па Беларусі стала вынікам рэзалюцыі, прынятай на сэсіі Камісіі ў красавіку мінулага году. У гэтай рэзалюцыі асуджаліся парушэньні правоў чалавека ў Беларусі і выказваліся рэкамэндацыі беларускаму ўраду, як справіць становішча.

Год мінуў, і вось Адрыян Севярын падрыхтаваў справаздачу пра сытуацыю ў краіне. Вядома, што лідэр ініцыятывы “Мы памятаем” Ірына Красоўская ўжо скрытыкавала спадара Севярына за прапанову “наладзіць канструктыўны дыялёг” зь беларускімі ўладамі. Паводле Ірыны Красоўскай, такі дыялёг немагчымы, а размовы пра яго – дарэмная страта часу.

Я спытаў Алеся Бяляцкага, як ён ставіцца да прапановы дыялёгу з уладамі. Алесь Бяляцкі згадаў, што і ААН, і Эўразьвяз маюць праграмы супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Аднак пры вызначэньні шляхоў такога супрацоўніцтва патрэбная разборлівасьць, лічыць праваабаронца.

(Бяляцкі: ) “Ёсьць праграмы, якія мусяць выконвацца незалежна ад таго, існуе рэжым ці не. Прыкладам, гэта тая ж вада, якую мы ўсе п’ем, гэта цяжкасьці, зь якімі мы ўсе сутыкаемся, калі перасякаем мяжу краінаў Эўразьвязу. Такія праграмы павінны быць. Іншая рэч – праграмы, якія датычныя самога ўраду, вышэйшых чыноўнікаў. Тут мусіць быць вельмі ўважлівы і строгі падыход. Трэба глядзець, наколькі такое супрацоўніцтва можа ўмацаваць беларускі рэжым. І вось што да даклада Севярына, мы будзем вельмі ўважліва глядзець на тое, на каго ён арыентаваны”.

А чаго чакаюць ад сэсіі ў Жэнэве ў беларускім міністэрстве замежных справаў? Выканаўца абавязкаў прэсавага сакратара міністэрства Руслан Есін адмовіўся рабіць прагнозы і камэнтаваць становішча з правамі чалавека ў Беларусі на дадзены момант. Руслан Есін накіраваў мяне да ранейшых заяваў на гэтую тэму.

У выніку, я знайшоў у інтэрнэце заяву прэсавага сакратара МЗС, зробленую пасьля таго, як летась была прынятая рэзалюцыя Камісіі ААН аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі. Абвінавачваньні на адрас Беларусі, паводле гэтай рэзалюцыі, “ня маюць нічога агульнага з рэчаіснасьцю”. Паводле МЗС Беларусі, рэзалюцыя Камісіі ААН была прынятая пад ціскам ЗША і Эўразьвязу і нібыта дэманструе гэтак званыя “падвойныя стандарты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG