Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які з двух парлямэнтаў у Кіргізстане зьяўляецца законным?


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Пасьля выгнаньня прэзыдэнта Аскара Акаева ў Кіргізстане захоўваецца юрыдычная няпэўнасьць улады. Невядома, каторы з двух парлямэнтаў – стары ці новы – болей законны і каторы зь іх мае права фармаваць новы ўрад.

У мінулы чацьвер Вярхоўны суд краіны ануляваў вынікі лютаўскіх выбараў, паколькі, як было сказана ў рашэньні суду, у іх правядзеньне актыўна ўмешваліся ўлады. Гэтакім чынам, галоўная судовая інстанцыя Кыргызстану адмовіла дэпутатам новага скліканьня ў легітымнасьці, хоць на пачатку тыдня яны прынялі прысягу.

Адначасна быў працягнуты мандат старога парлямэнту да наступных прэзыдэнцкіх выбараў у чэрвені. Аднак, учора Цэнтральная выбарчая камісія краіны на чале з новым старшынём Тургуналы Абдраімавым пацьвердзіла вынікі лютаўскага галасаваньня, і правамоцным стаў новы парлямэнт.

У Кыргызстане стала два парлямэнты. Сытуацыя заблытаная яшчэ і тым, што шмат дэпутатаў мінулага парлямэнту былі пераабраны ў новы, і цяпер яны маюць месцы ў абодвух заканадаўчых органах. Дарэчы, шмат у чым вулічныя хваляваньні былі выкліканыя акурат тым, што дэпутаты таго парлямэнту праўдай і няпраўдай ішлі ў новы. Сёньня адбыліся паседжаньні абодвух парлямэнтаў. Новы на чале з адным з апазыцыйных лідэраў Амурбекам Тэкебаевым правёў зацьвердзіў выканаўцу абавязкаў прэзыдэнта Курманбека Бакіева прэм’ер-міністрам. Стары ж парлямэнт спыніў працу да разьвязаньня канстытуцыйнага крызысу.

Неадназначнае стаўленьне да канстытуцыйнага крызысу і ў новай выканаўчай улады Кыргызстану. Часовы кіраўнік сілавых ведамстваў Фэлікс Кулаў выказаў падтрымку новаму заканадаўчаму органу.

(Кулаў: ) “Новы парлямэнт, падабаецца ён вам ці не, трэба лічыць законным. Асобныя дэпутаты новага парлямэнту ў чалавечым пляне мне не падабаюцца, але, як законапаслухмяны грамадзянін, я буду падпарадкоўвацца рашэньням новага парлямэнту. Іншага выйсьця няма. На жаль, такая рэальнасьць.”

Тым часам, выканаўца абавязкаў прэзыдэнта краіны Курманбек Бакіеў падтрымлівае рашэньне Вярхоўнага суду. Аднак, не выключае магчымасьці знайсьці паразуменьне.

(Бакіеў: ) “Кулаў кажа, што ён падтрымлівае новы парлямэнт. Я свой пункт гледжаньня ўжо выказаў. Ёсьць спрэчка, але ёсьць і кропкі паразуменьня. А канчаткова гэта, напэўна, вырашыцца найбліжэйшым часам.”

Спрэчкі паміж новымі кіраўнікамі краіны маюць тэндэнцыю выліцца на вуліцы. Ужо сёньня шмат дэманстрантаў сабралася ля парлямэнцкага будынку, каб выказаць падтрымку старому заканадаўчаму органу.

Фэлікс Кулаў папярэдзіў, што ён, адпаведна з законам, загадае арыштаваць кожнага, хто будзе выводзіць людзей на вуліцы супраць новага парлямэнту.

Тым часам, Арганізацыя ў бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЭ) выказала занепакоенасьць кіргіскім канстытуцыйным тупіком і прапанавала сваю дапамогу ў пошуку шляхоў зь яго выхаду. Сярод іншага, яна прапануе адкласьці прызначаныя на 26 чэрвеня прэзыдэнцкія выбары да дасягненьня палітычнай стабільнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG