Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі завяршаецца чарговая падпісная кампанія


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць 28 сакавіка – апошні дзень чарговай падпісной кампаніі. Сёньня на паштовых аддзяленьнях будуць прымацца апошнія заяўкі на дастаўку газэтаў і часопісаў у другім квартале гэтага года. Як праходзіць падпісная кампанія ў Магілёўскай вобласьці?

Падпісная кампанія, якая завяршаецца сёньня, праходзіць складана – так гавораць на дзяржаўным прадпрыемстве “Магілёўаблпошта”. Справа ў тым, што напрыканцы мінулага году палова людзей аформіла падпіску толькі на тры месяцы, а не на паўгады, а цяпер, каб пераканаць людзей прадоўжыць падпіску і выканаць плян, паштавікам даводзіцца шмат працаваць. У выходныя дні ўся паштовая служба працавала ва ўзмоцненым рэжыме. Напярэдадні выходных былі вялікія складанасьці, прынамсі, з падпіскай “Советской Белоруссии” ў горадзе Магілёве.

Магілёўская вобласьць ад пачатку года займала першае месца ў спаборніцтве за лепшыя вынікі падпісной кампаніі на газэту “Беларусь сёньня”. Хаця не сакрэт, што ў многіх дзяржаўных органах і на прадпрыемствах начальства абавязала супрацоўнікаў падпісацца на гэтую газэту.

Дарэчы, на выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу ў падпісцы на “Советскую Белоруссию” зьвярнуў увагу адзін з удзельнікаў апытаньня. Я пыталася ў магілёўцаў, ці выпісваюць яны газэты і што ў друкаваных выданьнях іх найбольш цікавіць.

(Спадарыня: ) “Навошта выпісваюць газэты? Дзіўнае пытаньне. Хаця б для агульнага разьвіцьця”.

(Спадарыня: ) “Не, таму што іх заўсёды крадуць з паштовай скрыні”.

(Спадар: ) “У нас увогуле хутка адна газэта застанецца – “Советская Белоруссия”. У мяне суседзі: мужа прымусілі на працы падпісацца, з заробку вылічылі, і жонку таксама. Вось цяпер і ідзе дзьве аднолькавыя газэты на адну паштовую скрыню”.

(Спадар: ) “Я чытаю аб’явы, праграму тэлеперадачаў і ўсялякія цікавасьці”.

(Спадарыня: ) “А мне ўсё цікава – і жыцьцё нашае, і культура, што творыцца ў сьвеце, і палітыка. Усё!”

(Спадар: ) “Цікаўлюся, але пакуль пачынаецца вясна, няма калі займацца. У нас ёсьць дом, лецішча, няма часу пакуль, а так цікаўлюся палітыкай!”

(Спадарыня: ) “Я больш схіляюся да палітыкі, шчыра кажучы – мяне цікавіць, што робіцца ў нас у краіне, асабліва ў нас у Беларусі”.

За савецкім часам выпісвалі нашмат болей газэтаў. Я памятаю, што мае бацькі стаялі ў чарзе і шукалі ў знаёмых “блат”, каб падпісацца на “Літаратурную газэту”. А цяпер паштальёны ходзяць па дамах і кватэрах і ўгаворваюць людзей падпісацца.

Па-першае, на падпіску не хапае грошай. Хаця ёсьць людзі, якія выпісваюць больш дзесятка выданьняў. Я размаўляла з жыхаркай Магілёва, пэнсіянэркай, якая выпісвае 11 газэтаў і выдаткоўвае на гэта больш за 100 тысячаў рублёў на месяц. Праўда, у асноўным гэта выданьні пра здароўе, агародніцтва, гаспадарку. У Чавускім раёне жыве чалавек, які выпісвае аж 62 самыя розныя выданьні, ён таксама пэнсіянэр.

Цяпер сапраўды больш падпісваюцца на газэты састарэлыя людзі. Моладзь афармляе падпіску, калі кіраўніцтва, як гавораць, настойліва раіць, альбо выпісвае забаўляльныя газэты і часопісы. І натуральна, што канкурэнцыю газэтам складаюць іншыя сродкі масавай інфармацыі – тэлебачаньне, радыё і інтэрнэт.

Цяпер на адну тысячу жыхароў Магілёўшчыны выпісваецца 624 асобнікі газэтаў і часопісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG