Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Rzeczpospolita”: “На рэвалюцыю шанцаў не было, але Лукашэнка паказаў вялікі страх”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава 26 сакавіка вядучыя польскія газэты падрабязна апісваюць хаду ўчорашняй акцыі пратэсту ў Менску. Найбольш цікавыя, аднак, камэнтары аб сытуацыі ў Беларусі, якія з гэтай нагоды падаюць польскія мэдыі.

“Лукашэнка баіцца” – такі загаловак мае артыкул у сёньняшнім нумары аўтарытэтнага штодзёньніка “Rzeczpospolita”. Аўтар матэрыялу Пётр Касьціньскі піша: “Аляксандар Лукашэнка можа трыюмфаваць: у ягонай краіне не адбылася рэвалюцыя, а апазыцыя змагла сабраць учора толькі некалькі тысячаў дэманстрантаў. Але гэты трыюмф сумнеўны, бо нягледзячы на тое, што на рэвалюцыю шансаў не было, Лукашэнка паказаў вялікі страх перад ёй”.

Спадар Касьціньскі піша, што адносна невялікая колькасьць удзельнікаў учорашняй акцыі не азначае, што, як сьцьвярджае Лукашэнка, усе ў Беларусі задаволеныя жыцьцём.

Аўтар адзначае, што “ў Беларусі цяжка правесьці сапраўднае апытаньне грамадзкай думкі, але ўсе дасьледаваньні паказваюць, што папулярнасьць Лукашэнкі імкліва зьніжаецца”. У сваю чаргу, беларуская апазыцыя, паводле газэты, як была, так і застаецца слабой, і яе падтрымліваюць яшчэ менш людзей, чым Лукашэнку. “Rzeczpospolita” адзначае, што так адбываецца таму, што апазыцыйных лідэраў папросту ня ведаюць.

“Тое, што ўлады мабілізуюць вялізныя сілы міліцыі нават супраць невялікіх дэманстрацыяў паказвае, аднак, што Лукашэнка баіцца ўсё мацней. Пакуль рэвалюцыйных настрояў у краіне няма, але нізкі ўзровень падтрымкі прэзыдэнта і жаданьне зьменаў могуць прывесьці да радыкалізацыі. А тады Беларусь могуць чакаць цяжкія часы. Лукашэнка бачыць толькі адзін спосаб утрымаць уладу – сілай. А гэтай сілы яму пакуль што хапае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG