Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жлобін (з фотагалерэяй і аўдыё)


Ягор Маёрчык, Жлобін, Гомельшчына Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”, эфір 3 сакавіка

Візытоўка Жлобіна — вакзальны гандаль цацкамі. Нават уначы пасажыры транзытных цягнікоў могуць прыдбаць вавёрак, котак і лісянят. Для аматараў экзотыкі — ільвы, алігатары і сланы.

Zhlobin

У горадзе знаходзіцца фабрыка штучнага футра. Дваццаць гадоў таму яна была самым буйным вытворцам ва Ўсходняй Эўропе. Пасьля ейную прадукцыю пачалі набываць збольшага тутэйшыя беспрацоўныя. Яны самастойна кроілі, шылі і набівалі цацкі.

За тры гады ад маёй мінулай вандроўкі ў Жлобін у гэтым бізнэсе ўзьнік падзел працы. Вырабам сёньня займаюцца прадпрымальннікі, а незаконным гандлем на пэроне — усё тыя ж беспрацоўныя. І яшчэ адная прыкмета прагрэсу: колеры. Алігатары цяпер не блакітныя, а зялёныя, сланы альбо жоўтыя альбо ружовыя, але ніяк не ў чырвона-зялёнай гаме.

Тры гады таму пэнсіянэр Міхал пра свой занятак адгукаўся наступнымі словамі:

(Міхал: ) “Тут і АМАП, і АБЭП. Прыяжджае батальён АМАПу зь Менску ды цалкам ачэпліваюць вакзал. Хапаюць усіх, каго бачаць”.

Дзед Міхал адышоў ад справаў — цацкамі болей не гандлюе. Сёлета на вакзале я гутару зь ягоным колішнім канкурэнтам.

(Спадар: ) “Гандлюем, бо працаваць болей няма дзе. Толькі тут і можна зарабіць”.

(Карэспандэнт: ) “А цяпер вас тут ганяюць ці не? Так, як і раней: з АМАПам і з ачапленьнем вакзалу?”

(Спадар: ) “Міліцыянт зараз прыйдзе і прагоніць”.

(Карэспандэнт: ) “А што вам пагражае, як вас зловяць?”

(Спадар: ) “Штраф на паўтара мільёна”.

(Карэспандэнт: ) “Але людзей гэта не спыняе. Ёсьць нейкі адмысловы сакрэт, як ад іх зьбегчы?”

(Спадар: ) “Ня лезьці на ражон”.

Працягнем заалягічны экскурс у жыцьцё 80-тысячнага райцэнтру Гомельшчыны. Дзьве навіны з жыцьця тутэйшага заапарку. Дрэнная — у суседняй Рудабелцы зьявіліся ўласныя вальеры, а таму страчаны момант эксклюзіўнасьці ў межах вобласьці. Добрая вестка — Жлобінскаму заапарку спаўняецца 15 гадоў. Сёньня тут болей за 70 відаў жывёлаў, на якіх штогоду прыходзяць паглядзець 16 тысяч чалавек.

Zhlobin

Вернемся ў мінулае. 2002 год. Дырэктарка Тацяна Чарняк:

(Чарняк: ) “Натуральна, што Буся ў мяне год пражыла і пачала прасіць мядзьведзя. Гэта было штосьці зь нечым! Мы знайшлі ёй Джына, і ў нас другі год нараджаюцца медзьведзяняты. На корм нам даюць горшы без праблемаў. Аднойчы была нейкая цяжкасьць, я тады сказала: “Я ж не магу падысьці да вальера зь мядзьведзем і сказаць яму, што няма грошай. Заўтра ён ці мяне зьесьць, ці ўкусіць таго, хто за ім даглядае”. А яны мне кажуць: “У нас тут стаяць маці і кажуць, што ім няма чым карміць дзяцей”. А я ім кажу: “Тыя жывуць не за кратамі, і вы ім можаце нейкім чынам растлумачыць, а я жывёліне растлумачыць не магу”.

У 2005-м я ўваходжу ў кабінэт спадарыні Чарняк. Разам з вэтэрынарам яны заканчваюць перапіс жывёлаў.

(Вэтэрынар: ) “Дайце я на яго пагляджу. Што гэта за чыюк у вас? Чырванахвосты?”

(Чарняк: ) “Так, чырванахвосты А вам чыюк не патрэбны?”

(Карэспандэнт: ) “Не. Мне патрэбныя вы. Хачу даведацца, якія зьмены ў заапарку”.

(Чарняк: ) “Мы марым пра тое, што нас калі-небудзь пашыраць, бо мы ня маем магчымасьці набываць буйных жывёлаў — нам патрэбная тэрыторыя. У нас дзьве самкі рысі. І мы ня маем магчымасьці набыць ім самца. Рэч у тым, што яны не жывуць разам, а толькі злучаюцца часам гону”.

(Карэспандэнт: ) “Мінулы раз запала мне ў душу вашая мара мець бэгемота. Мара засталася мараю, ці ўжо ёсьць бэгемот?”

(Чарняк: ) “Бэгемоту патрэбныя басэйны з вадой”.

(Карэспандэнт: ) “У вас Дняпро побач цячэ. Яшчэ і аквапарк будуюць”.

(Чарняк: ) “Вось тады, можа, штосьці і атрымаецца. Мы марым, але марыць, як кажуць, ня кепска”.

У Менску будуюць Нацыянальную бібліятэку. Жлобін вырашыў не саступаць. Тут пачалі ўзводзіць аквапарк. Дэталі трымаюць у сакрэце. Вядома толькі, што здаць яго павінны налета — якраз у год прэзыдэнцкіх выбараў.

Zhlobin

Пры мікрафоне загадчыца аддзелу ідэалягічнай працы з насельніцтвам Жлобінскага райвыканкаму Галіна Мельнікава:

(Мельнікава: ) “Першым чынам выйграюць нашыя жыхары, бо там яны змогуць умацоўваць сваё здароўе. Такі цэнтар прыцягне нашых спартоўцаў да арганізацыі тут міжнародных спаборніцтваў. А любыя спаборніцтвы прынясуць нам вялікі прыбытак. Цэнтар стане візытоўкай гораду”.

(Карэспандэнт: ) “Хацеў закрануць тэму заапарку. У пляне разьвіцьця гораду прадугледжана вырашэньне праблемы з плошчамі?”

(Мельнікава: ) “Шчыра скажу, што мы вымушаныя будзем нешта рабіць. Бо калі да нас паедуць турысты, мы вымушаныя будзем ім паказаць гэты заапарк. І тады мы вымушаныя будзем яго пашырыць”.

Фізкультурна-аздараўленчы комплекс будуецца за кошт Беларускага мэталюргічнага заводу. Такія прадпрыемствы ў Беларусі прынята называць горадаўтваральнымі. 80% адлічэньняў у бюджэт Жлобіна ідуць з БМЗ. Ён уваходзіць у пяцёрку самых буйных падаткаплатнікаў у дзяржаўную скарбонку. Тры гады таму на балянс БМЗ мясцовыя ўлады перадалі стратныя калгасы і птушкафабрыку.

Zhlobin

Тады ж гэтую сытуацыю камэнтаваў супрацоўнік заводу, актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі, а на дадзены момант яшчэ і дэпутат раённага савету Марат Афанасьеў.

(Афанасьеў: ) “Вэртыкальныя органы ўлады сталі выкарыстоўваць завод у якасьці дойнай каровы. Сродкі, якія патрэбныя вытворчасьці, выкарыстоўваюцца не па прызначэньні. Гэтая сытуацыя будзе разьвівацца так, як і ва ўсёй краінай. Вельмі паволі прыйдзе да тупіка, калі вытворчасьць спыніцца. Пра якія пэрспэктывы цяпер можна казаць, пра якія магчымасьці дырэктарата? Яны ўсе залежаць ад вэртыкалі. Калі зьявіцца магчымасьць нешта рабіць, высьветліцца, што гэтая вэртыкаль не патрэбная”.

Новых выказваньняў спадара Афанасьева начуць не давялося. Мы разьмінуліся. Мяне камандзіравалі ў Жлобін, а яго тым часам — у іншы горад. На мае пытаньні адказвае кіраўнік тутэйшай суполкі Партыі камуністаў Беларускай Валер Рыбчанка. Са спадаром Афанасьевым яны паплечнікі ажно тройчы. Абодва ўдзельнічалі ў мясцовых выбарах — але таварыш Рыбчанка не перамог. Абодва спрабавалі стаць дэпутатамі Нацыянальнага сходу — не прайшлі. Да таго ж яны абодва працуюць на мэталюргічным заводзе.

(Рыбчанка: ) “За мінулы год склалася даволі стабільная сытуацыя. Праўда, не станоўчую ролю адыграў перавод на кантрактную сыстэму. У калектыве існуе напруга. Працоўныя не зусім задаволеныя той сытуацыяй, якай ёсьць”.

(Карэспандэнт: ) “Налета будуць выбары прэзыдэнта. Людзі выказваюць свае сымпатыі?”

(Рыбчанка: ) “Большасьць марыць пра нейкія зьмены”.

(Карэспандэнт: ) “І тут аўтаматычна паўстае пытаньне пра грамадзка-палітычнае жыцьцё Жлобіна”.

(Рыбчанка: ) “Зь існых палітычных плыняў абазначыліся дзьве: АГП і ПКБ. Пазыцыі камуністаў і АГП сталі бліжэйшымі. Можна казаць пра супрацоўніцтва, але гэтае супрацоўніцтва па неабходнасьці”.

(Карэспандэнт: ) “Ці выпрацоўваецца нейкая стратэгія, як сябе паводзіць, як кантактаваць з выбарцамі ў 2006 годзе?”

(Рыбчанка: ) “Паход ад кватэры да кватэры — гэта галоўнае залатое правіла, ад якога мы не адыдзем. Будзем канцэнтраваць нашыя высілкі на тым, каб максымальна прыцягнуць найбольш людзей для назіраньня. Факты кажуць, што людзі гатовыя ісьці да нас”.

Самая небясьпечная праблема гораду — наркаманія. Прамысловы цэнтар, высокія заробкі, скрыжаваньне транзытных шляхоў з Украіны і Расеі — праз усё гэта Жлобін меў усе шанцы стаць другім Сьветлагорскам з наркотыкамі і эпідэміяй СНІДу сярод сярод спажыўцоў зельля. Такое прагназаваў галоўны лекар наркалягічнага дыспансэру Віктар Шапараў. Запіс з архіву:

(Шапараў: ) “На дадзены момант сярод жыхароў гораду і раёну зарэгістравана 441 ВІЧ-носьбіт. Блізу 80% гэта тыя, хто ўжываў наркотыкі. Натуральна, што гэта вяршыня айсбэргу. Дадзеную лічбу можна множыць на шэсьць, на сем. Павелічэньне колькасьці наркаманаў будзе. Да гэта трэба быць гатовымі ня толькі мэдыкам, але і ўсяму грамадзтву”.

Zhlobin

Цяпер усё той жа спадар Шапараў супакойвае мяне:

(Шапараў: ) “Сытуацыя больш-менш стабілізавалася. Такога росту, які быў раней, не адбываецца. У нас быў 161 спажывец наркотыкаў, а за год павялічылася да 165. Лічбы зьмяніліся нязначна. Сытуацыя пад кантролем. Тое ж з распаўсюдам ВІЧ”.

У Жлобіне ўжо колькі год дзейнічае Хрысьціянскае таварыства “Благадаць”. Суполка вернікаў — блізу сотні чалавек.

Zhlobin

Тэма гутаркі з пастарам Леанідам Сярэдзічам — рэабілітацыя нарказалежных.

(Сярэдзіч: ) “Штосераду да нас на сустрэчы прыходзяць прыкладна 15–20 наркаманаў. На гэты час чатыры чылавекі знаходзяцца ў рэабілітацыйных цэнтрах. Канчаткова вылечылася блізу дваццаці чалавек”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць нейкая альтэрнатыва вашай праграме? Маю на ўвазе дзяржаўную распрацоўку. Дзяржаўныя нарколягі працуюць з гэтымі людзьмі?”

(Сярэдзіч: ) “Нават самі мэдыкі прызнаюць, што яны болей працуюць на папер. А на практыцы ў іх нічога не атрымліваецца”.

(Карэспандэнт: ) “Райвыканкам і дзяржаўныя чыноўнікі нейкім чынам спрыяюць вашай дзейнасьці?”

(Сярэдзіч: ) “Яны спрыяюць тым, што не перашкаджаюць”.

І яшчэ адная станоўчая зьмена. Станцыя хуткай дапамогі пераехала ў новы будынак. І скаргі дыспэчарак, якія сядзелі ў цёмных і вільготных пакоях аднапавярховага бараку, засталіся ў мінулым.

Zhlobin

Сёлета супрацоўнікі службы хуткай дапамогі аказаліся не такімі эмацыйнымі. Размаўляць пад запіс адмовіліся. Хоць цяперашні будынак, на першы погляд, мала чым розьніцца ад папярэдняга: ня новы і такі ж аднапавярховы.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG