Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле прагнозаў, зь месцаў паводкі трэба будзе адсяляць каля 2,5 тысячаў чалавек


Казімір Яноўскі, Гомель Паводле прагнозаў гідролягаў, на Палесьсі праз тыдзень-другі чакаецца вялікая паводка, аналягічная тым, якія былі тут ў 1979-м ды 1999-м гадах. Гомельскі аблвыканкам у гэтай сувязі запатрабаваў ад абласных службаў ды раённых “вэртыкальных” органаў даць справаздачу пра гатовасьць да надзвычайнай сытуацыі.

Рэгіянальная ўправа надзвычайных сытуацыяў кажа цяпер пра 11 раёнаў, якія ў большай ці меншай ступені будуць цярпець ад вялікай вады. Падлічана, што зь месцаў затапленьня трэба будзе адсяляць каля 2,5 тысячаў чалавек і прыкладна 3 тысячы галоў хатняй жывёлы.

Толькі ў Жыткавіцкім і Петрыкаўскім раёнах у пойме ракі Прыпяць налічваецца звыш 40 праблемных вёсак. Ёсьць такія паселішчы паабапал рэк Убарць, Случ, Сож, Бярэзіна.

Улады рыхтуюць для перасяленцаў гатэлі, дзіцячыя садкі, школы. Тут робяцца запасы харчу, мэдыкамэнтаў. Але далёка ня ўсе палешукі надта ахвотна пагаджаюцца пакідаць межы сваіх паселішчаў. Ратуюцца ад вады на гарышчах, ідуць з жывёлаю да сваякоў ці суседзяў, чые хаты пабудаваны на ўзвышэньні. Больш таго, вяскоўцы самі прапануюць варыянты паратунку ад паводкі. Гаворыць 85-гадовы ветэран вайны з вёскі Шастовічы Петрыкаўскага раёну Іван Бычкоўскі – дарэчы, у ягонай хаце ў вялікае разводзьдзе бывае па калена вады:

(Бычкоўскі: ) “Сказалі: у выпадку вады будзем адсяляць. А куды адсяляць, чорт яго ведае. Я кажу, што трэба зрабіць. Тут ёсьць пустыя хаты на пагорку. Трэба падрыхтаваць іх, зрабіць, што неабходна. Нават напаліць, каб усё было гатова”.

Ці ўдалося рэгіёну ўсебакова падрыхтавацца да веснавой воднай стыхіі? Спашлюся на рэакцыю старшыні аблвыканкаму Якабсона. Калі кіраўнік управы надзвычайных сытуацыяў Аляксандр Аніскавец адрапартаваў, што ўсё падрыхтавана дзеля бясьпечнага пропуску веснавой вады па рэках, старшыня аблвыканкаму заявіў так: “Бадзёры даклад, і гэта насьцярожвае”.

Канешне, рэгіён рыхтуецца да паводкі. Але тут ёсьць адзін слушны крытэрый: да вялікай вады паселішча будзе падрыхтаваным толькі тады, калі кожны ягоны жыхар ўпэўнены, што ўратуе без стратаў сваё гаспадарку.

Паслухаем, што кажа ўжо знаёмы нам Іван Бычкоўскі зь вёскі Шастовічы, які дбае цяпер пра дошкі, каб зрабіць рыштаваньні і падняць сваю маёмасьць вышэй ад зямлі:

(Бычкоўскі: ) “Той раз дошкі прывозілі, давалі, а цяпер не прывозілі. Робім рыштаваньні. У мяне і лядоўня, і шафа, і адзежа, і харчы ёсьць, і бульба. Трэба ж паднімаць усё. Пакуль нічога. Быццам стыхіі ня будзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG