Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвяточнага шэсьця на 87-я ўгодкі абвяшчэньня БНР ня будзе


Іна Студзінская, Менск Сёньня – Дзень волі. 25 сакавіка 1918 году была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. Ці зьяўляецца гэты дзень сьвятам цяпер – і як будуць сьвяткаваць Дзень Волі палітычныя партыі, грамадзкасьць, прыхільнікі “беларускай рэвалюцыі” Андрэя Клімава?

Беларуская нацыянальна сьвядомая грамадзкасьць лічыць Дзень Волі 25 сакавіка датай, якая павінна стаць галоўным дзяржаўным сьвятам. І падкрэсьліваюць, што менавіта гэтае сьвята павінна аб’яднаць, згуртаваць нацыю. Вось меркаваньне доктара гістарычных навук, прафэсара Анатоля Грыцкевіча:

(Грыцкевіч: ) “Гэта адно з галоўных нашых сьвятаў. Гэта вельмі істотна для нас цяпер, асабліва на пачатку ХХІ стагодзьдзя. Абвяшчэньне Беларускай Народнай Рэспублікі незалежнай дзяржавай зьявілася, з майго пункту гледжаньня, асноўнай падзеяй у гісторыі Беларусі ХХ стагодзьдзя. Абвяшчэньне БНР стала як бы прадвызначэньнем ўтварэньня незалежнай Беларускай рэспублікі ў самым канцы ХХ стагодзьдзя. Тыя дзеячы, якія змагаліся за незалежнасьць, падхапілі гэты сьцяг незалежнасьці, які быў у 1918 годзе падняты”.

Народны паэт Беларусі Генадзь Бураўкін лічыць, што самым шчасьлівым для яго днём у жыцьці стане дзень, калі 25 сакавіка будзе абвешчана галоўным дзяржаўным сьвятам краіны.

(Бураўкін: ) “Гэтае сьвята з тых, якімі вельмі трэба даражыць Беларусі. Яно ж нездарма называецца Дзень Волі. Мы заявілі сваё права на Волю. На жаль, мы гэтае права яшчэ да нашага часу ніяк ня можам сьцьвердзіць і пацьвердзіць: права на сваю дзяржаву нацыянальную, на яе самастойнасьць, на яе годнасьць, на гонар нацыі, мовы. І таму тое, што мы адзначаем гэты дзень – гэта напамін пра гісторыю і напамін пра тыя спадзяваньні, што ў рэшце рэшт беларусы будуць мець сваю, годную, цывілізаваную, сучасную, сувэрэнную нацыянальную дзяржаву”.

Яшчэ ўвосень мінулага году дэпутат Вярхоўнага Савета 13-скліканьня, былы вязень і бізнэсовец Андрэй Клімаў абвясьціў, што 25 сакавіка, у Дзень Волі, выведзе на Кастрычніцкую плошчу ў Менску паўмільёна чалавек.

(Клімаў: ) “Плянуецца прыняцьце ўльтыматуму Лукашэнку с патрабаваньнем сысьці ў адстаўку”.

(Карэспандэнтка: ) “А якім чынам вы зьбіраецеся сабраць столькі народу?”

(Клімаў: ) “Я нічога ўжо не зьбіраюся рабіць, ужо ўсё зроблена. Велізарная колькасьць прыхільнікаў руху Андрэя Клімава, сябры апазыцыйных партыяў і рухаў, простыя людзі падключыліся да гэтай працы. І гэты крок будзе азначаць пачатак беларускай рэвалюцыі, якая завершыцца да прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году адстаўкай Лукашэнкі”.

Ці падтрымалі лідэры партыяў, грамадзкасьць прапанову Андрэя Клімава? Па-першае, трэба адзначыць, што дазволу на правядзеньне акцыі сталічныя ўлады не далі. А 15-й гадзіне на Кастрычніцкую плошчу менавіта ў падтрымку Клімава паабяцалі выйсьці толькі прадпрымальнікі з “Пэрспэктывы” і Мікола Статкевіч са сваімі прыхільнікамі.

Сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі пасьля трэцяй гадзіны на Кастрычніцкай плошчы зьбіраюцца правесьці чарговы, так бы мовіць, ланцуг неабыякавых людзей з партрэтамі зьніклых і палітычных вязьняў. Станіслаў Шушкевіч, магчыма, прыйдзе, як прыватная асоба.

Сябры партыі і руху БНФ правялі ў чацьвер вечарыну ў сваёй сядзібе, а сёньня зьбіраюцца ў Доме літаратара. Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ ладзіць сваю вечарыну 26 сакавіка ў Палацы культуры МТЗ.

Нагадаю, што звычайна 25 сакавіка цягам амаль паўтара дзесятка гадоў у Менску праходзілі сьвяточныя шэсьці. Сёлета гэтага ня будзе. І палітычныя лідэры, і некаторыя грамадзкія дзеячы тлумачаць гэта тым, што ня трэба зьмешваць галоўнае нацыянальнае сьвята з абяцаным Клімавым быццам бы пачаткам рэвалюцыі.

Дый наагул, вулічныя акцыі апошнім часам беларусаў не прыцягваюць, на вуліцу выходзіць невялікая купка апазыцыянэраў. Чаму так адбываецца? З гэтым пытаньнем я зьвярнулася да лідэра руху “За новую Беларусь” Васіля Лявонава.

(Лявонаў: ) “Мабыць, таму, што мала веры ў тое, што гэта адбудзецца, нейкі пэсымізм такі ў грамадзтве. Таму і да гэтай даты такія адносіны”.

(Карэспандэнтка: ) “А гэта можна неяк пераадолець, ці хутка мы гэта пераадолеем?”

(Лявонаў: ) “Скажу толькі адно: з гэтым трэба змагацца і рабіць усё для гэтага. А калі мы гэта зробім – цяжка адказаць, немагчыма адказаць. А працаваць на гэта патрэбна”.

Сваё меркаваньне наконт таго, чаму ў грамадзтве няма адзінства нават вакол сьвяткаваньня Дня Волі, выказаў і доктар гістарычных навук прафэсар Анатоль Грыцкевіч:

(Грыцкевіч: ) “Тое, што, на жаль, апошнія два гады розныя сілы, у апазыцыі ў тым ліку, адзначаюць сьвята па-рознаму – гэта проста паказчык таго, што і апазыцыя ў нас разьдзеленая, вядома зь якіх пунктаў гледжаньня. У асноўным, з-за таго, што некаторыя лідэры апазыцыі маюць свае амбіцыі, ня хочуць аб’яднацца. Гэта, на жаль, наша агульная зьява апошніх гадоў. І тым ня менш, для кожнага беларуса, я лічу, гэты дзень – сьвяточны дзень, Усе павінны аб’ядноўвацца вакол такой даты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG