Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ і міліцыя ўчынілі ператрус у рэдакцыі газэты “Згода”


Любоў Лунёва, Менск Супрацоўнікі міліцыі сумесна з КДБ наведалі офіс рэдакцыі незалежнай газэты “Згода”. Яны правялі ператрус, апячаталі і вынесьлі кампутары. Праца газэты паралізаваная. Рэдактар газэты Аляксей Кароль дзеяньні ўладаў называе мэтанакіраванай палітыкай у часе перадвыбарчай прэзыдэнцкай кампаніі.

Аб 11 гадзіне ў кватэру, дзе працавала рэдакцыя газэты “Згода”, прыйшлі міліцыянты з Партызанскага райаддзелу Менску разам з супрацоўнікамі КДБ. Фактычна адразу пасьля гэтага пачаўся ператрус. У офісе знаходзіліся некалькі журналістаў і намесьнік галоўнага рэдактара Алесь Зьдзьвіжкоў:

(Зьдзьвіжкоў: ) “Былі ўзятыя ўсе паперкі. Недзе на палову дванаццатай зьявілася Вольга Дарожка зь Міністэрства інфармацыі. Пыталася, ці сапраўды тут рэдакцыя. Пачаўся ператрус. Кампутары апячаталі. Нумара газэты, прысьвечанага Вялікдню, няма. Там плянавалася шэсьць артыкулаў пра Вялікдзень. Нам не дазволілі павіншаваць чытачоў з гэтым сьвятам. Будзем цяпер думаць, дзе набыць іншыя кампутары. Але сёньня праца паралізаваная”.

Супрацоўнік КДБ, які камандаваў міліцыянтамі, не пажадаў назваць сваё імя журналістам. Ён папрасіў, каб яго называлі папросту “супрацоўнік КДБ”. Ён патлумачыў Радыё Свабода сваю прысутнасьць гэтак:

(Супрацоўнік КДБ: ) “Суседзі паскардзіліся, што ў кватэры знаходзіцца рэдакцыя газэты і друкарня, якая выдае друкаваную прадукцыю, якая потым трапляе ў паштовыя скрыні. Прадукцыя выключна антыпрэзыдэнцкага характару, якая падрывае гонар і годнасьць дзейных органаў улады. З улікам гэтага і вядзецца гэтая праверка”.

Супрацоўнік КДБ заявіў, што ў часе праверкі высьветлілася, што памяшканьне выкарыстоўваецца з парушэньнем жыльлёвага заканадаўства. Апроч таго, праваахоўчыя органы будуць высьвятляць, ці ёсьць парушэньні эканамічнага характару. Чатыры кампутары яны забралі ва ўпраўленьне ўнутраных справаў Партызанскага раёну.

Рэдактар газэты “Згода” Аляксей Кароль паведаміў Радыё Свабода, што падатковыя інспэкцыі Савецкага і Цэнтральнага раёнаў сталіцы праводзілі праверкі. Яны ня выявілі істотных парушэньняў. Аляксей Кароль заявіў Радыё Свабода:

(Кароль: ) “Я зьвязваю гэта і тлумачу як працяг той палітыкі, якая вядзецца ў дачыненьні незалежных СМІ. Хаця мы канцэпцыю газэты пабудавалі такім чынам, што яна была скіраваная на сацыяльнае жыцьцё людзей, тым ня менш, мы ня можам не публікаваць таго, што цікавіць людзей. Сёньняшнія падзеі я зьвязваю перш за ўсё зь фігурай Казуліна. Мы надрукавалі інтэрвію зь ім, а таксама інтэрвію-маналёг з Андрэем Клімавым. Агульны кантэкст гэтых падзеяў я зьвязваю з тым, што ўлада ўжо распачала перадвыбарчую кампанію і любое вольнае слова перашкаджае весьці гэтую кампанію пэўным асобам так, як яны б гэтага жадалі”.

Аляксей Кароль дадаў, што газэта выдаецца з 1992 году і яе наклад усяго 5000 асобнікаў, і ён ніякім чынам не перакрывае дзяржаўныя сродкі. Праверка будзе доўжыцца ня менш як месяц. Увесь гэты час кампутары будуць заставацца ў міліцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG