Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 сакавіка ў Менску – сьвята на Дзень волі або рэвалюцыя Клімава?


Альгерд Невяроўскі, Менск Дзень Незалежнасьці 25 сакавіка ў Менску будзе адзначаны вулічнай акцыяй на Кастрычніцкай плошчы. Акцыю зьбіраецца арганізаваць Андрэй Клімаў і ягоныя прыхільнікі. Яны зьбіраюцца прымусіць Аляксандра Лукашэнку адмовіцца ад ідэі балятавацца ў прэзыдэнты на трэці тэрмін. Клімаў называе гэтую акцыю “беларускай рэвалюцыяй”. Кіраўніцтва многіх апазыцыйных партыяў лічыць акцыю Андрэя Клімава несур’ёзнай і не зьбіраецца браць у ёй удзел.

Пра тое, што 25 сакавіка, у дзень абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, у Менску адбудзецца падзея, якую Андрэй Клімаў назваў “дэмакратычнай рэвалюцыяй”, ён заявіў яшчэ восеньню мінулага году. Клімаў упэўнены, што заўтра на Кастрычніцкую плошчу Менску выйдзе паўмільёна чалавек і прымусіць Аляксандра Лукашэнку пакінуць сваю пасаду ў 2006 годзе.

(Клімаў: ) “Я веру, што беларусы ў 2006 годзе абяруць новага прэзыдэнта. Я заўтра пэўна ж буду зь беларусамі на Кастрычніцкай плошчы а трэцяй гадзіне дня. Усіх нашых таямніцаў раскрываць ня буду, але магу сказаць толькі адно. Заўтра будзе прыняты ўсенародны ўльтыматум да Лукашэнкі з патрабаваньнем да прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году падаць у адстаўку”.

Пакуль заклік Андрэя Клімава прыйсьці на плошчу падтрымалі толькі прадпрымальнікі з арганізацыі “Пэрспэктыва” і Мікола Статкевіч са сваімі сацыял-дэмакратычнымі прыхільнікамі. Магчыма, прыйдуць і актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Лідэр АГП Анатоль Лябедзька сказаў, што пасьля трэцяй гадзіны на Кастрычніцкай плошчы актывісты гэтай партыі арганізуюць ланцуг з партрэтамі зьніклых вядомых людзей і палітычных вязьняў.

Сацыял-дэмакраты з партыяў пад кіраўніцтвам Анатоля Ляўковіча і Станіслава Шушкевіча, магчыма, і прыйдуць заўтра на плошчу, але як прыватныя асобы. А Партыя БНФ будзе адзначаць Дзень Незалежнасьці вечарынамі 24 сакавіка ў партыйнай сядзібе і 25-га ў Доме літаратара. Падобныя імпрэзы пройдуць і ў іншых гарадах. Чаму актывісты БНФ адмовіліся ад вулічных акцыяў, тлумачыць намесьнік старшыні гэтай партыі Аляксей Янукевіч:

(Янукевіч: ) “Гэта зьвязана з тым, што на гэтую дату Андрэй Клімаў заплянаваў сваё мерапрыемства, якое ён назваў рэвалюцыяй. Для нас перадусім 25 сакавіка — гэта Дзень Незалежнасьці, зьвязаны з пэўнымі ідэаламі й каштоўнасьцямі. Рэвалюцыя, дэкляраваная Клімавым, мае іншыя каштоўнасьці, і мы вырашылі не далучацца да Клімава”.

Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ адзначыць Дзень незалежнасьці вечарынай у Доме культуры трактарнага заводу 26 сакавіка і канфэрэнцыяй 3 красавіка. Як сказаў выканаўца абавязкаў старшыні гэтай партыі ў Беларусі Юрась Беленькі, было прынятае рашэньне ня ладзіць 25 сакавіка вулічных акцыяў, каб не падстаўляць людзей пад рэпрэсіі ўладаў. Акцыю Андрэя Клімава Юрась Беленькі назваў эпатажнай і несур’ёзнай, якая ня мае нічога супольнага з ідэаламі 25 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG