Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці павінен Дзень Волі 25 сакавіка адзначацца як дзяржаўнае сьвята?


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў 25 сакавіка - Дзень Волі. У гэты дзень у 1918 годзе была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. Ці павінна, на думку людзей, дата 25 сакавіка стаць дзяржаўным сьвятам у Беларусі? З гэтым пытаньнем наша карэспандэнтка зьвярнулася да жыхароў гораду Магілёва.

(Спадарыня: ) “Як дзяржаўнае сьвята, напэўна, павінна адзначацца. Таму што гэта ўсё ж такі віток разьвіцьця, этап гістарычны, таму я мяркую, што гэта такое ж сьвята, як Дзень Канстытуцыі”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што павінна. Беларусь ёсьць Беларусь. І добра, што яна пра сябе заявіла, правільна?”

(Спадар: ) “Я са школьнай гісторыі памятаю, што гэта было — па-мойму, у 1918 годзе стварылі гэтую рэспубліку, а потым была БССР. Я ня ведаю, можа быць, і трэба, бо ў прынцыпе бяз той рэспублікі цяпер бы не было незалежнай Беларусі. Можа, і трэба”.

(Спадарыня: ) “Можа быць, нават і павінны адзначаць гэтае сьвята. Усё ж ёсьць асобная дзяржава, свае грошы, эканоміка і ўсё астатняе, таму мне падабаецца, гэта вельмі добра для рэспублікі”.

(Спадар: ) “Я ў той час ня жыў, таму вам канкрэтна адказаць не магу. Але сьвятаў і так вельмі многа. Па-мойму, не”.

(Спадар: ) “Я мяркую, што ў нас ужо ёсьць Дзень Незалежнасьці, вызваленьня — 3 ліпеня. Я мяркую, гэтага дастаткова”.

(Спадар: ) “Гэта гістарычны момант, памятаць пра яго трэба. Гісторыю трэба ведаць, было — значыць, было. Забывацца ні пра што нельга”.

(Спадар: ) “Не, цяпер ёсьць Рэспубліка Беларусь, а не БНР. Гэта як прамінулы этап. Час ідзе”.

(Спадар: ) “Трэба разабрацца ў гэтым пытаньні глыбей, а потым адказваць”.

(Спадар: ) “Наколькі мне вядома, да гэтага Беларусь называлі то Паўночна-Заходнім краем, то яна ўваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай, то былі Княствам Літоўскім, а слова “Беларусь” на міжнароднай арэне прагучала ўпершыню — і гэта безумоўна павінна быць днём дзяржаўным, сьвятам, днём незалежнасьці”.

(Спадарыня: ) “Канечне, дзяржаўнае сьвята — гэта было б добра. Сапраўды, мы б помнілі свае вытокі. Усё ж такі беларусы — гэта народ, і ён павінен жыць”.

(Спадар: ) “Я лічу, што абавязкова павінна. Дзяржаўныя сьвяты, якія цяпер ёсьць, троху, мне падаецца, надуманыя і ў нейкім сэнсе навязаныя. А гэта дата цалкам магла б быць сапраўдным дзяржаўным сьвятам у незалежнай Рэспубліцы Беларусь”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG