Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Бабіцкі камэнтуе падзеі зь Бішкеку


Юры Дракахруст, Прага Чаму ня спраўдзіліся прагнозы наконт таго, што пратэсты ў Кіргізстане не перакінуцца на сталіцу, што прэзыдэнт Акаеў мае шырокую падтрымку, што Кіргізстан падзелены на рэвалюцыйны поўдзень і прапрэзыдэнцкую поўнач? Чаму ўлада рассыпалася гэтак хутка, падобна як у Грузіі і ва Ўкраіне? Як будзе паводзіць сябе апазіцыя, ці можа яна кантраляваць рэвалюцыйную стыхію? На гэтыя тэмы мы гутарым з карэспандэнтам Радыё Свабода Андрэем Бабіцкім, які зараз знаходзіцца ў Бішкеку.

(Дракахруст: ) “Андрэй, чаму ня спраўдзіліся ацэнкі, што палітычны канфлікт будзе працягвацца яшчэ даўгі час, што Акаеў мае значную падтрымку па меншай меры на поўначы, што поўнач і поўдзень Кіргізстану – гэта розныя сьветы?”

(Бабіцкі: ) “Я мяркую, што супрацьпастаўленьне поўдня і поўначы менавіта ў гэтай сытуацыі яно крыху штучнае. Незадаволенасьць уладай Акаева было ў роўнай ступені ўласьцівае і паўночным і паўдзённым раёнам.

Яшчэ два тыдні таму ў адным з паўночных раёнаў, дакладна гэтак жа як і ў паўдзённых раёнах адбыўся захоп адміністрацыі. Іншая справа, што патрабаваньні на поўначы былі больш памяркоўныя, яны былі зьвязаныя з перагаласаваньнем парлямэнцкіх выбараў, а не з адстаўкай прэзыдэнта.

Насамрэч і на поўдні, і на поўначы была незадаволенасьць карупцыяй, неэфэктыўнай сыстэмай кіраваньня, клянавай структурай улады, калі да прэзыдэнта былі набліжаныя людзі паводле сяброўскіх ці роднасных адносінаў.

Іншая справа, што ніхто не чакаў такога імклівага разьвіцьця падзеяў. Але яно як раз прадэманстравала, што гэтая ўлада ня мела аніякай сур’ёзнай падтрымкі. Тое, што сёньня міліцыя, сілавыя структуры не паўсталі на абарону Акаева, не паўсталі на абарону ўладаў паказала, што яны і не гатовыя былі абараняць гэтую ўладу.

Калі гавораць, што група людзей, якія прыехалі з поўдня, узяла прэзыдэнцкі палац і скінула Акаева – гэта фармальна так, бо такой актыўнасьці ані жыхары Бішкеку, ані насельніцтва паўночных раёнаў праявіць не магло. Іх незадаволенасьць ня мела такога рэвалюцыйнага характару. Таму зразумела каталізатарам працэсу сталі групы, якія прыехалі ў Бішкек з паўдзённых раёнаў.

(Дракахруст: ) “Чаму ў Кіргізстане мы назіраем прыкладна тое ж, што мы бачылі ў Грузіі і ва Ўкраіне, улада, якая яшчэ ўчора здавалася непахіснай, проста рассыпаецца, літаральна ніхто не выходзіць на яе падтрымку? У гэтым адрозьненьне – скажам ад Вялікай францускай рэвалюцыі, ад расейскай рэвалюцыі 1917 году, ад, скажам, падзеяў у Маскве ў 1993 годзе”.

(Бабіцкі: ) “Калі Вы маеце на ўвазе досьвед трох рэспублікаў, то тут можна казаць пра наяўнасьць нейкай структурнай апазыцыі, нават у Кіргізстане, дзе яна вельмі слабая і раз''яднаная, і пра недастатковую волю ўладаў супрацьдзейнічаць гэтай апазыцыі. Тыя рэжымы, якія захавалі вялікі аб''ем дэмакратычных свабодаў, яны больш слабыя, яны робяцца ахвярамі рэвалюцыйных працэсаў.

Калі б Акаеўская ўлада ці ўлада Шэварднадзэ ці нават таго ж Кучмы была гатовая абараняць сябе пра дапамозе ўзброенага гвалту, я мяркую, яны здолелі б падавіць гэтыя рэвалюцыі ў зародку ці ў працэсе іх разьвіцьця. Але калі б гэтыя працэсы былі замарожаныя ў самым пачатку, як гэта адбываецца ў Расеі, то сытуацыя б ніколі не прывяла б да рэвалюцыі. Так што тут прычына – у пэўным дысбалянсе паміж наяўнасьцю пэўнага аб''ёму дэмакратычных свабодаў, пэўнай магчымасьцю крытыкаваць уладу і няўменьнем улады ўжываць узброеную абарону”.

(Дракахруст: ) “Андрэй, якія пляны мае апазыцыя, ці здолее яна кантраляваць рэвалюцыйную стыхію, усё ж “аксаміт” кіргіскай рэвалюцыю атрымаўся крыху шурпатым, быў гвалт, пралілася кроў?”

(Бабіцкі: ) “Я ужо цяпер размаўляў у Белым доме, у момант захопу, з рознымі апазыцыйнымі лідэрамі. Яны казалі што, толькі ім трэба будзе дамаўляцца. Дагэтуль іх аб''ядноўвала толькі патрабаваньне адстаўкі Акаева. Трэба мець на ўвазе, што кіргізская апазыцыя пачала структуравацца толькі ў сьнежні летась, а ў лютым, калі яны здолелі сабраць на апазыцыйным мітынгу 350 чалавек у Бішкеку, яны лічылі гэта велізарным посьпехам, што нагэтулькі шмат людзей выйшла на вуліцу. Зараз усе апазыцыйныя лідэры гавораць пра тое, што патрэбная нейкая прамежкавая структура, якая б пераняла ўладу на новых выбараў.

Я мяркую, што працэсы тут будуць у вялікай ступені кантралявацца. Хаця тут, як Вы справядліва адзначылі, былі сутыкненьні і пралілася кроў, але ўсё гэта мела вельмі нязначныя памеры і казаць пра ўсеагульнае народнае паўстаньне не даводзіцца.

Яно закранула пэўныя кропкавыя аб''екты – будынкі адміністрацыяў, прэзыдэнцкі палац, ніякіх масавых забурэньняў у Бішкеку не назіраецца, гэтак жа, як і ў іншых рэгіёнах. У мяне няма перасьцярогаў, што рэвалюцыйны натоўп пачне граміць банкі і ўсё на сьвеце, як гэта ўласьціва рэвалюцыйным працэсам.

Кіраўнікі апазыцыі, безумоўна, неяк паміж сабой дамовяцца, але асаблівасьць кіргізскай рэвалюцыі можна вызначыць, як адсутнасьць яўных лідэраў, якія маглі б паводле ўзаемнай згоды заняць нейкія ключавыя пасады. Хутчэй за ўсё пачнецца складаны працэс дзеляжу ўлады паміж апазыцыйнымі палітыкамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG