Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Рагачове – чарговая кампанія перайменаваньняў вуліцаў


Казімір Яноўскі, Гомель У Рагачове мясцовы райвыканкам вырашыў увекавечыць памяць землякоў, Герояў Савецкага Саюзу, у назвах вуліц. Тут пераймяноўваюць альбо адмыслова надаюць імёны герояў больш як дзесятку вуліц.

Перайменаваньне ды наданьне вуліцам імёнаў Герояў зьвязана, канешне, з 60-мі ўгодкамі Перамогі. Афіцыйна падаецца, што гэта ініцыятыва мясцовых вэтэранаў вайны. Але мясцовыя жыхары зьвяртаюць увагу, што ў горадзе ў свой час зьявілася ажно 30 вуліцаў з імёнамі касманаўтаў – ад Гагарына да Дабравольскага. І мікрараён называюць у горадзе адпаведна – Касманаўтаў. І крама “Космас” тут ёсьць. Няма толькі нейкага адметнага архітэктурнага рашэньня забудовы гэтага мікрараёну.

Да цяперашняга мікрараёну Герояў людзі ставяцца пераважна з разуменьнем. Мікрараён Марусіна – новы. Ён толькі забудоўваецца прыватнікамі. Вуліцы Лугавую, Садовую, Кветкавую перайменаваць не складана. Да таго ж большасьць Герояў, у чый гонар названы вуліцы – ураджэнцы Рагачоўскага раёну: Рыгор Кавалёў, Пётр Пілютаў, Мікалай Пацееў, Вікенцій Скрыганаў ды г.д. А вось чаму ў гэтыя шэрагі патрапіў снайпэр і герой Генадзь Вялічка, ураджэнец Шклоўскага раёну, многім ня зразумела.

Між тым, тыя ж вэтэраны дужа хацелі прысвоіць імя Вялічкі Рагачоўскай гімназіі. Супраць гэтага былі найперш гісторыкі і краязнаўцы. У горадзе, лічаць яны, і без таго шмат зусім выпадковых назваў вуліц, сквэраў ды іншага. І калі ўжо нешта мяняць, то трэба мяняць з улікам тапанімікі, багатай гісторыі, а не чарговай кампаніі, як гэта было за савецкім часам. Распавядае краязнаўца, жыхар Рагачова Ўладзімер Паладзенка:

(Паладзенка: ) “Усё гэта было зьвязана з палітыкай, зь ідэалёгіяй. Некаторыя вуліцы, напрыклад, нічога не даюць для цяперашняга жыхара гораду. Вось я сам жыву на вуліцы імя Тэльмана. Якое дачыненьне гэты Тэльман мае да Рагачова”?

Спадар Паладзенка распавёў таксама, што да вайны жыў побач з домам выбітнога паэта Алеся Жаўрука. Але вуліцу гэтую назвалі імем іншага паэта – Міколы Сурначова, які загінуў на вайне.

(Паладзенка: ) “І вуліцы Жаўрука няма. Я прапаноўваў: там, дзе вуліцы Балотныя, Зарэчныя, давайце хоць там вуліцу Жаўрука зробім. Не зрабілі па невядомай прычыне. Так я і ня высьветліў у начальнікаў”.

Краязнаўца супраць аднабаковага разуменьня патрыятызму: калі назва вуліцы імя героя – гэта нібыта патрыятычна, а імя Жаўрука ці знакамітага майстра беларускай літаратуры Ўладзімера Караткевіча, чый лёс, дарэчы, таксама зьвязаны з Рагачовам – гэта як бы ўжо нешта іншае:

(Паладзенка: ) “Патрыятызм – гэта хто што бачыць у гэтым патрыятызме. У нас, у горадзе, ёсьць такая вуліца Чкалава. І там на гэтай вуліцы стаіць дом, у якім большую частку сваіх твораў напісаў Караткевіч. Мы ўносілі такую прапанову. Давайце зробім так: паўвуліцы – Караткевіча, паўвуліцы – Чкалава, тым больш, што гэта вуліца разьдзелена кварталам на дзьве часткі. Так да гэтага часу справу ня вырашылі ніяк”.

Апрача перайменаваньня вуліц, мясцовыя улады ў сувязі з угодкамі Перамогі робяць шмат. У Гомелі, напрыклад, на месцы былога дзіцячага садка адкрыты ваенна-гістарычны музэй. Цяпер сюды з розных месцаў краіны сьцягваюць сьпісаныя танкі, бронетранспарцёры, гарматы, прычым ня толькі часоў вайны, але і пазьнейшай савецкай вытворчасьці. Тут ёсьць таксама паравоз, зэнітка на плятформе, шрубалёт, трафэйны нямецкі легкавік “опэль”. Днямі з Баранавічаў прыцягнулі зьнішчальную самаходную ўстаноўку ІСУ-152.

Аб’яднаньне пральняў “Сьняжынка”, у сваю чаргу, вырашыла бясплатна пачысьціць франтавікам да юбілею Перамогі былую вайсковую форму – кіцелі ды гімнасьцёркі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG