Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня райвыканкаму спачувае галадоўнікам, але рабіць нічога не зьбіраецца


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Ваўкавыску дзявяты дзень галадае прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, уладальнік аўтамабіляў таксі. Да яго далучыліся яшчэ 11 чалавек, амаль усе яны кіроўцы фірмы “Ніка-транс”, большасьць ваявалі калісьці ў Аўганістане. Мясцовыя ўлады пакуль не рэагуюць на масавую галадоўку ў горадзе.

Сёньня кіроўцы знаходзяцца ў офісе Аўтуховіча, яны ляжаць на матрацах і глядзяць тэлевізар, каб нечым заняцца. Усе яны, пачынаючы галадаць, напісалі і занесьлі адпаведныя заявы ў райвыканкам. Галадоўнікі наракаюць, што з боку ўладаў ніякай рэакцыі няма.

Я вырашыў пацікавіцца — што думаюць пра масавую галадоўку прадстаўнікі мясцовай улады?

Старшыня райвыканкаму Міхаіл Савельеў патлумачыў сваю пазыцыю. Ён сказаў, што існуе рашэньне Вышэйшага гаспадарчага суду, паводле якога Мікалай Аўтуховіч і фірма “Ніка-транс” павінны разам заплаціць падаткаў 2 мільярды 100 мільёнаў рублёў. І мясцовыя ўлады ня могуць аспрэчваць гэтае рашэньне, сказаў спадар Савельеў, яны ім кіруюцца. Што датычыць заяваў саміх галадоўнікаў, дык старшыня райвыканкаму іх чытаў.

(Савельеў: ) “Заявы напісала саслужыўцы ягоныя — восем чалавек саслужыўцаў і тры работнікі. Вось яны пішуць: мы пачынаем галадоўку, таму што мы зь ім служылі, і ён добры баявы таварыш”.

Я пацікавіўся ў Міхаіла Савельева, як ён ставіцца да самога факту галадоўкі (усё ж такі людзі ставяць у небясьпеку сваё здароўе), і вось што ён мне адказаў:

(Савельеў: ) “Я б ім гатовы паспачуваць, адназначна. Навошта гэта рабіць? Яны проста ня могуць зразумець, што яны інструмэнт якісьці ў чужых руках. Яны абараняюць мільярды Аўтуховіча. У іх заробак 117 тысяч. І калі мінулым разам яны галадалі, я ім прапанаваў заробак па 250-300 тысяч, яны ніхто не пагадзіўся. І тое ж самае я магу прапанаваць зараз”.

Гэта было меркаваньне старшыні Ваўкавыскага райвыканкаму Міхаіла Савельева адносна масавай галадоўкі кіроўцаў, якая адбываецца ў горадзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG