Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці семярых дзяцей вырашыла адмовіцца ад званьня “Маці-гераіня”


Казімер Яноўскі, Мазыр Паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі наступны 2006 год аб’яўлены Годам маці. Тым часам у Мазыры маці семярых дзяцей Кацярына Васькоўская адмаўляецца ад ганаровага званьня “Маці-гераіня”.

Намер адмовіцца ад ганаровага званьня “Маці-гераіня” ды адмысловых узнагародаў Кацярына Васькоўская патлумачыла так:

(Васькоўская: ) “Я хачу адмовіцца афіцыйна ад ордэна і ад мэдаля маці, таму што калі даюцца такія ўзнагароды, то, пэўна, павінна быць і адпаведная ўвага. А яе няма”.

Падставай для такога кроку маці-гераіні паслужыла шматгадовая цяганіна з вырашэньнем жыльлёвага пытаньня ейнай мнагадзетнай сям’і.

У 1988 годзе Кацярына з мужам купілі частку дому на вуліцы Сьветлай. Але праз два гады паводле рашэньня гарвыканкаму дом зьнесьлі. На ягоным месцы сельскі домабудаўнічы камбінат узьвёў шматпавярхоўку. Сям’я Васькоўскіх доўгія гады не магла атрымаць узамен добраўпарадкаванага жытла, як гэта і прадугледжана законам. Домабудаўнічы камбінат не сьпяшаўся выконваць нават адмысловага рашэньня суду на гэты конт.

Калі ў Васькоўскай памёр муж, яна з адчаю самавольна заняла зь дзецьмі дзьве трохпакаёвыя кватэры ў доме будаўнічага камбінату. Урэшце Кацярыне Васькоўскай узаконілі выдачу гэтых кватэраў, але камбінат да гэтага часу ня выправіў недаробак.

(Васькоўская: ) “Кватэры не паклеены шпалерамі, няма выключальнікаў, разэтак. Падлога ў адной кватэры не да канца заслана. Яшчэ і ванны, пліты газавыя вынесьлі. Колькі ўжо разоў я зьвярталася: дарабіце, каб я магла жыць зь дзецьмі ў гэтых кватэрах”, — распавяла Васькоўская.

Пяты год маці-гераіня абабівае парогі камбінату, выканкаму, піша скаргі ў вышэйшыя інстанцыі. Але паразуменьня і дапамогі ў сваёй справе пакуль не адчувае:

(Васькоўская: ) “Ніяк не дапамагаюць улады шматдзетным. Гэта ж зь віны выканкаму дом зьнесьлі і кватэры не далі. Гэта ж гарвыканкам прыняў такое рашэньне”, — кажа маці-гераіня з Мазыра Кацярына Васькоўская.

Намесьнік старшыні Мазырскага гарвыканкаму Леанід Пісанік ведае Кацярыну Васькоўскую. Нашаму радыё ён сказаў:

(Пісанік: ) “Праблема ёсьць у тых кватэрах, якія Васькоўскай выдзелілі. Мы абавязалі будаўнічую арганізацыю гэтыя кватэры давесьці да ладу. Але праблемы ў жанчыны існуюць з уласнымі дзецьмі. Яна адсутнічала паўтара ці два гады тут, у горадзе. Зьехала, здаецца, у Маскву. Дзеці былі тут самі па сабе. Ня ўсе дзеці зь ёю згодны вырашыць жыльлёвую праблему так, як хоча яна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG