Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпійцы патрабуюць сустрэчы з прэзыдэнтам НАК А.Лукашэнкам


Ігар Карней, Менск Пераможцы алімпійскіх гульняў розных гадоў, якія спрабуюць аб’яднацца ў “Клюб алімпійскіх чэмпіёнаў”, дамагаюцца сустрэчы з прэзыдэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

На думку ініцыятараў стварэньня гэтай грамадзкай арганізацыі, Міністэрства юстыцыі неабгрунтавана адмаўляецца яе зарэгістраваць. А сярод магчымых прычынаў такога нежаданьня спартоўцы называюць прысутнасьць сярод сябраў арганізацыі апанэнтаў цяперашніх уладаў.

Як распавёў адзін з ініцыятараў заснаваньня “Клюбу алімпійскіх чэмпіёнаў”, алімпійскі чэмпіён у вэляспорце Ўладзімер Камінскі, падрыхтаваны ліст да кіраўніцтва НАК, у якім алімпійцы просяць аўдыенцыі ў Лукашэнкі.

(Камінскі: ) “Гэта ліст з пытаньнем: якім чынам мы можам сустрэцца з прэзыдэнтам НАК Лукашэнкам? Паўгоду ніякага зруху ў гэтым кірунку. Справа ў тым, што камісія адбылася, знайшлі нейкае ня тое, зь іх гледзішча, слова ў статуце і цяпер кажуць: чакайце чарговай камісіі, якая зьбярэцца невядома калі, можа, праз паўгоду. Мы хочам давесьці да прэзыдэнта НАК, што гэта няправільна, калі ў камісіі няма графіка працы. Іншымі словамі, яны самі ня ведаюць, калі зьбяруцца”.

Заяўка на рэгістрацыю “Клюбу алімпійскіх чэмпіёнаў” была пададзеная ў менскае ўпраўленьне юстыцыі летась 5 кастрычніка. Аднак неўзабаве пакет дакумэнтаў запатрабавала Міністэрства юстыцыі. Ад таго часу выбітным колісь спартоўцам тлумачаць, што неабходна дадатковае ўзгадненьне мэтаў і задачаў арганізацыі камісіяй пад кіраўніцтвам галоўнага ідэоляга прэзыдэнцкай адміністрацыі Алега Праляскоўскага.

Чатырохразовы алімпійскі чэмпіён у фэхтаваньні Віктар Сідзяк, які ў рангу кіраўніка пакуль што гіпатэтычнага “Клюбу” вымушаны безвынікова абабіваць міністэрскія парогі, спасылаецца на прыклад суседніх дзяржаваў.

(Сідзяк: ) “Я так разумею: я – алімпійскі чэмпіён, запрасіце мяне да супрацоўніцтва! Як, прыкладам, робяць палякі. Дзесьці толькі крыху адзначыўся хлопец, заняў на алімпіядзе чацьвертае месца — яму мэрыя дала ў цэнтры гораду цэлы будынак. Завялі туды за руку: вось твой кабінэт, вось табе заробак, вось гатэль для прыёму дэлегацыяў — толькі займайся справай!”

У Міністэрстве юстыцыі сытуацыю вакол “Клюбу алімпійскіх чэмпіёнаў” камэнтуюць няпэўна: маўляў, будзе прызначанае паседжаньне камісіі, тады ўсё і стане зразумела. Гаворыць прадстаўніца міністэрства Тацяна Бондар:

(Бондар: ) “Калі яны падалі дакумэнты, то ім урэшце адкажуць: калі будзе паседжаньне камісіі, на які тэрмін яно плянуецца. Ва ўстаноўленым парадку пра гэта паведамяць. А ўвогуле трэба яшчэ ўдакладняць — чаму, калі яны зьвярталіся, на якой падставе ім адмоўлена”.

Яшчэ адзін актыўны ініцыятар заснаваньня “Клюбу алімпійскіх чэмпіёнаў”, трохразовы алімпійскі чэмпіён у веславаньні Ўладзімер Парфяновіч лічыць, што шанцаў сустрэцца з Лукашэнкам, які мог бы паскорыць працэс рэгістрацыі “Клюбу”, няшмат. На яго думку, якраз сам Лукашэнка не ў захапленьні ад такой ідэі, паколькі і Парфяновіч, і Камінскі, і Сідзяк, і шэраг іншых атлетаў трымаюцца абсалютнага пэўнага гледзішча на палітычную сытуацыю ў Беларусі. Як лічыць Парфяновіч, справу трэба вырашаць інакш: не хадзіць па інстанцыях, а проста канстатаваць, што беларускія алімпійцы ўсё роўна зарэгіструюць арганізацыю — не ў Беларусі, дык за яе межамі.
XS
SM
MD
LG