Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палачане знаёмяцца з праектамі помніка князю Ўсяславу


Вінцэсь Мудроў, Полацак Бліжэйшым часам у Полацку мае паўстаць помнік славутаму князю Ўсяславу. Полацкі гарадзкі выканаўчы камітэт абвясьціў конкурс на лепшы праект помніка, і (чаго не было раней) з рэпрэзэнтаванымі на конкурс мадэлямі можа азнаёміцца любы палачанін і госьць старажытнага места. З гэтаю мэтаю ў фае будынку гарвыканкаму разгорнутая адмысловая выстава.

Полацак ужо ўпрыгожваюць помнікі славутых палачанаў: Сьвятой Эўфрасіньні, Сімяона Полацкага ды Францішка Скарыны. Прысьпела пара ўвасобіць у бронзе самага знакамітага полацкага князя Ўсяслава Брачыславіча – абаронцу незалежнасьці нашага краю і будаўніка Сафійскага сабору.

Уцешна тое, што гэтым разам лёс помніку будзе залежаць ня толькі ад эстэтычных перадузятасьцяў сябраў экспэртнай камісіі, але ад вэктару грамадзкай думкі. Прынамсі, кожны, хто завітае на выставу, мае магчымасьць прагаласаваць за пэўны ўпадабаны праект. Арганізатары конкурсу запэўніваюць палачанаў, што іх думка пры вызначэньні лепшага праекта, будзе вызначальнай.

На сёньняшні дзень на згаданай выставе рэпрэзэнтавана 10 праектаў. Пры гэтым пераважаюць выявы князя, які сядзіць на кані. Наш вядомы літаратар і гісторык Уладзімер Арлоў, зь якім мы разам наведалі выставу, таксама перакананы, што Ўсяслаў мусіць паўстаць перад нашчадкамі адлітым у бронзе вершнікам. Спадар Арлоў падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад наведаньня выставы:

(Арлоў: ) “Сёньняшняе знаёмства з выставай конкурсных праектаў пакінула ў мяне ўражаньне, што ніхто з удзельнікаў конкурсу пакуль што ня здолеў стварыць праект помніку, які б сапраўды ўпрыгожыў Полацак, які б быў варты ўвасобленай у ім гістарычнай постаці. Шкада, што я ня ўбачыў тут праекта Алеся Шатэрніка. Менавіта праект Шатэрніка, які я бачыў у менскай майстэрні скульптара, уяўляецца мне самым удалым, пазначаным пранікненьнем у вобраз і веданьнем гісторыі”.

Да словаў Ўладзімера Арлова трэба дадаць, што выстава будзе дзейнічаць некалькі месяцаў, і на ёй, як паведамілі арганізатары конкурсу, неўзабаве зьявіцца яшчэ тузін працаў, у тым ліку і скульптурная мадэль Алеся Шатэрніка.

Мы пачулі думку прафэсійнага гісторыка і літаратара. Цікава было даведацца – што думае наконт рэпрэзэнтаваных праектаў маладое пакаленьне палачанаў. Акурат разам з намі выставу аглядала купка маладых мастакоў. Ім слова:

(Першы голас: ) “Самі па сабе некаторыя працы спадабаліся. Але ж гэта помнік Усяславу Чарадзею – хацелася б нечага іншага, нечага новага…”

(Другі голас: ) “На гэтай рэпрэзэнтацыі мы можам бачыць розныя крайнасьці: гэта і сучасны экспрэсіўны мадэрн, і суворы сацрэалізм. Яны ўвогуле не адлюстроўваюць таго часу, той эпохі, у якой жыў славуты князь Усяслаў”.

(Трэці голас: ) “Сама ідэя стварэньня помніку Ўсяславу Чарадзею – гэта вельмі добра! Але тое, што я пабачыла, гэта нават цяжка назваць добрымі эскізамі. Можна, вядома, зрабіць нешта накшталт помніку Эўфрасіньні Полацкай, але навошта?”

Будзем спадзявацца, што новыя праекты, якія паступяць на конкурс, будуць годныя асобы славутага полацкага князя Ўсяслава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG