Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве адбылася канфэрэнцыя “Беларусь – рэха аранжавай рэвалюцыі”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы ўжо пачаліся імпрэзы, прысьвечаныя 87-м угодкам абвяшчэньня БНР. У мінулую нядзелю ў беларускім музэі ў Гайнаўцы адбылася ўрачыстая вечарына з нагоды Дня Волі, а позна ўвечары 21 сакавіка ў Варшаве прайшла студэнцкая канфэрэнцыя, прысьвечаная ўплыву ўкраінскай аранжавай рэвалюцыі на сытуацыю ў Беларусі.

Напачатку адзначу, што сёлета на 25 сакавіка прыпадае каталіцкая Вялікая пятніца, таму імпрэзы, прысьвечаныя Дню Волі ў пераважна каталіцкай Польшчы, адбываюцца крыху раней.

Учора некалькі арганізацыяў – “Усходняя кузьня”, Інстытут беларускай культуры, а таксама навуковае кола студэнтаў Варшаўскага ўнівэрсытэту наладзілі ў адным з гмахаў унівэрсытэту канфэрэнцыю “Беларусь – рэха аранжавай рэвалюцыі”. Канфэрэнцыйная заля, дзе адбывалася імпрэза, была поўнай. Студэнты, якія складалі пераважную большасьць прысутных, слухалі прамовы адмыслоўцаў у справах Беларусі, а таксама гасьцей зь Беларусі, сярод якіх быў вядомы беларускі журналіст Мікола Маркевіч.

Выступоўцы адзначалі, што найбольш уважліва за падзеямі ва Ўкраіне сачыў Аляксандар Лукашэнка, які адразу ж пасьпяшаўся узмацніць рэпрэсіі супраць незалежных мэдыяў, апазыцыйных партыяў, абмежаваў права беларусаў на працу і вучобу за мяжой, а таксама, каб засьцерагчы сябе ад палацавага перавароту, правёў гэтак званую чыстку сярод уласных хаўрусьнікаў.

У часе абмену думкамі паміж студэнтамі і выступоўцамі шмат хто казаў, што хуткі паўтор аранжавай ці нейкай іншай рэвалюцыі ў Беларусі магчымы толькі пры ўмове доступу беларусаў да незалежнай і праўдзівай інфармацыі, а гэтаму ўсяляк перашкаджаюць улады. Вось што сказаў нашаму радыё адзін з арганізатараў канфэрэнцыі, польскі студэнт Марцін Зеневіч:

(Зеневіч: ) “На маю думку, сытуацыя ў Беларусі вельмі цяжкая, але думаю, што ўсё роўна нейкі водгук будзе. Украінцы паказалі беларусам, што ўсё-ткі ўладу можна перамагчы. Прынамсі, частка беларусаў ужо пра гэта ведае, і гэтая частка будзе ўсё большай”.

Што яшчэ адбудзецца ў Польшчы ў бліжэйшы час з нагоды Дня Волі? Літаральна сёньня ў клюбе “Пункт”, што ў цэнтры Варшавы, адбудзецца сьвяточны канцэрт, прысьвечаны угодкам абвяшчэньня БНР. Зайграюць госьці зь Беларусі – рок-гурты “Indiga” і “BN”.

Адзначу, што такія сьвяточныя канцэрты адбываюцца ў Варшаве ўжо традыцыйна. Іх пачалі анансаваць найбольш масавыя польскія газэты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG