Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе сукамэрнік, якога нібыта зьбіў лідэр прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка?


Любоў Лунёва, Менск Адвакат Аляксандар Галіеў лічыць, што цягам тыдня крымінальную справу супраць яго падабароннага Анатоля Шумчанкі перададуць у суд. Яго абвінавачваюць у зьбіцьці сукамэрніка ў часе адбыцьця пакараньня за арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу 1 сакавіка. Сваякі лідэра прадпрымальнікаў не знайшлі чалавека, якога сьледзтва прызнае пацярпелым у гэтай справе.

Паплечнікі Анатоля Шумчанкі цягам дзесяці дзён намагаліся сустрэцца са спадаром Хвастовым, якога нібыта зьбіў Анатоль за дзень да заканчэньня 10-сутачнага арышту. Але гэта ім не ўдалося, і прадпрымальнікі сумняюцца ў сапраўднасьці абвінавачаньняў.

Нагадаем, пасьля адбыцьця пакараньня Анатоль зноў апынуўся за кратамі, але гэтым разам у ізалятары часовага ўтрыманьня. Яго абвінавацілі ў злосным хуліганстве. Прадпрымальнікі правялі самастойнае расьсьледаваньне. Гаворыць намесьнік лідэра прадпрымальнікаў Аляксандар Лапотка:

(Лапотка: ) “Прадпрымальнікі правялі альтэрнатыўнае расьсьледаваньне. Мы шукалі чалавека, які нібыта атрымаў траўмы, каб спытаць, як усё адбылося і ці не патрэбна яму матэрыяльная дапамога. У шпіталі, дзе нам казалі, што ён знаходзіўся, мы не знайшлі ніякіх прыкметаў. Мы шукалі яго па тых адрасах, якія нам далі, але таксама безвынікова. Такога чалавека там ніколі не было. Пытаньняў больш, чым адказаў. Хто гэты чалавек? Хто за ім стаіць? Як ён атрымаў траўмы? Мы лічым, што справу зрабілі штучна і за гэтым стаяць уплывовыя людзі. Анатоля хочуць пасадзіць, каб астатнія баяліся. Анатоля папярэджвалі па тэлефоне, што, калі будзе ладзіць страйк, то сядзе за краты. Мне таксама пагражалі, дый іншым актывістам у рэгіёнах. Цяпер некаторыя зь іх задумаліся”.

Адвакат Анатоля Аляксандар Галіеў лічыць, што крымінальную справу цягам тыдня перададуць у суд. Там будуць выступаць пацярпелы і сьведка, ад паказаньняў якога будзе залежаць рашэньне суду.

(Галіеў: ) “Даволі дзіўна, што так званы пацярпелы пакінуў ня свой адрас, а нейкі чужы. Дзіўна гэта і таму, што пацярпелы зацікаўлены сам убачыцца са сваякамі Анатоля, каб дамовіцца аб кампэнсацыі магчымых маральных і матэрыяльных стратаў”.

Гэта першы выпадак, калі ў часе адбыцьця адміністрацыйнага арышту так званага “палітычнага” абвінавацілі ў зьбіцьці сукамэрніка і пасадзілі ў сьледчы ізалятар.

У спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку шэсьць дзён трымаюць актывістаў “Маладога фронту” Артура Фінькевіча і Зьмітра Дашкевіча. Іх арыштавалі на 15 сутак за тое, што яны выйшлі на Кастрычніцкую плошчу ў Дзень Канстытуцыі 15 сакавіка. Зьмітра затрымалі прэвэнтыўна за некалькі мэтраў ад плошчы, а Артура, калі ён сыходзіў, ля падземнага пераходу. Хлопцаў абвінавацілі ў дробным хуліганстве і супраціве міліцыі. Сябры “Маладога фронту” не выключаюць, што зь іх сябрамі могуць абысьціся так, як і з Анатолем Шумчанкам. Пакуль Артур Фінькевіч і Зьміцер Дашкевіч як звычайна адбываюць пакараньне. Яны сядзелі ў камэрах спэцпрыёмніка некалькі разоў. Днямі яны атрымалі харчовыя перадачы і цёплыя рэчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG